Ісыдор Сэвільскі | |
па-лацінску: Isidorus Hispalensis | |
Дзейнасьць | пісьменьнік, музыказнаўца, філёзаф, тэарэтык музыкі, каталіцкі сьвятар, гісторык, унівэрсальны чалавек, каталіцкі біскуп |
---|---|
Нарадзіўся | каля 560[1] |
Памёр | 4 красавіка 636 або 636[2] |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Ісыдо́р Сэві́льскі (па-лацінску: Isidorus Hispalensis, па-гішпанску: San Isidoro de Sevilla; каля 560 году, Новы Картаген, Бізантыйская Гішпанія — 4 красавіка 636 году, Сэвільля, Каралеўства вэстготаў) — арцыбіскуп Сэвільлі ў вэстгоцкай Гішпаніі, апошні лацінскі бацька Царквы і заснавальнік сярэднявечнага энцыкляпэдызму. Кампілятар масарабскага богаслужбовага абраду. У 1598 годзе быў кананізаваны Рымскай каталіцкай царквой. З 1998 году лічыцца апякуном Інтэрнэту.
Ісыдор нарадзіўся каля 560 г. у сям’і, якая паходзіла з Картахэны (Carthago Nova, старажытнай іспанскай правінцыі Мурса). Гэта была сапраўдная гішпанская сям’я. Яго бацька — Сэверыян — знаходзіўся на дзяржаўнай службе, а ў пазьнейшых творах Ісыдора называўся прэфэктам Картагэнскай правінцыі. Маці называлася Тэадорай (або Туртурай), па некаторых зьвестках, яна была дачкой гоцкага караля, але магчыма, таксама была з гішпана-рымлян; зрэшты, ніякай пэўнасьці — уключаючы правільнае імя — у гэтым пытаньні няма. Аб рэлігійнай прыналежнасьці бацькоў Ісідара зьвестак таксама не існуе, хутчэй за ўсё, яны вызнавалі артадоксію, хоць ёсьць здагадка, што маці магла быць прыхільніцай арыянства.
У яго было два брата, Леандр і Фульгэнцый, і сястра Флярэнціна. Ісыдор быў самы малодшы. Усе яны пазьней былі прылічаны да сьвятых. Рана пазбавіўся бацькоў. Яго выхоўваў старэйшы брат Леандр (біскуп), таму ўсьлед за старэйшым братам стаў духоўнікам вэстгоцкага караля Рэкарэда і атрымаў посьпех у звароце яго з арыянства. Быў старшынёю на чацьвёртым Таледзкім саборы, які зацьвердзіў адзінства дзяржавы і царквы, а таксама санкцыянаваў палітыку верацярпімасьці да жыдоў.
Фармальная кананізацыя сьв. Ісыдора адбылася у 1598 годзе, кананізаваў яго папа Клеменс VIII. У 1722 годзе папа Інакенцыюс XIII абвясьціў сьв. Ісыдора доктарам Касьцёлу.
У каталіцкім Касьцёле яго літургічна ўзгадваюць 4 красавіка, але ўрачыстасьці ў Гішапніі адбываюцца 26 красавіка. У іканаграфіі сьв. Ісыдор прадстаўляецца як стары біскуп, ля ног якога знаходзіцца кніга. У іканаграфіі яго таксама можна ўбачыць з пяром у руцэ і таксама з кнігай Codex etimologiarum, з вулеем ці пчоламі (што сымбалізуе яго мудрасьць), з біскупскім посахам, німбам вакол галавы, крыжам і едучым на кані.
Найвялікшая праца Ісыдору «Этымалёгія» зьяўляецца энцыкляпэдыяй тагачасных ведаў, узятых пераважна з антычнасьці. У 20 разьдзелах сваёй кнігі Ісыдор выклаў зьвесткі па граматыцы, рыторыцы, матэматыцы, мэдыцыне, гісторыі, праве, касмалёгіі, тэалёгіі, аграноміі, заалёгіі і іншых абласьцей ведаў. Кніга карысталася незвычайнай папулярнасьцю ў сярэднія вякі: да нашага часу захаваліся больш за тысячу яе рукапісных асобнікаў. Акрамя таго, Ісыдор Сэвільскі зьяўляецца аўтарам шматлікіх прац па прыродазнаўстве, граматыцы, тэалёгіі, гісторыі. Для гісторыі царквы надзвычай важная яго «кніга канонаў», у якой сабраны пастановы сабораў, якія праходзілі ва ўсім хрысьціянскім сьвеце ў антычнасьці і з пачаткам Сярэднявечча. Ён напісаў дзьве кронікі, у якіх коратка выклаў гісторыю ад стварэньня сьвету. Самымі каштоўнымі з яго гістарычных твораў зьяўляюцца «Гісторыя готаў, вандалаў, і свэваў».
Этымалёгія (па-лацінску: Etymologiarum) або Пачаткі (па-лацінску: Origines) — галоўная энцыкляпэдычная праца Ісыдора. Складаецца з 20 тамоў.