Італініза́цыя (па-італьянску: Italianizzazione, па-харвацку: talijanizacija, па-славенску: poitaljančevanje, па-нямецку: Italianisierung) — палітыка каралеўства Італія, накіраваная на культурную і этнічную асыміляцыю карэнных нацменшасьцяў былых аўстра-вугорскіх тэрыторыяў, перададзеных Італіі ў абмен за ейнае далучэньне да хаўрусу з Злучаным каралеўствам у I сусьветнай вайне. Працэс італінізацыі адбываўся падчас фашысцкага рэжыму 1922—1943 рокаў.
Ад 1922 да пачатку II сусьветнай вайны пад дзеяньне палітыкі трапіла нямецкамоўнае насельніцтва Трэнтына-Альта Адыджэ, а таксама славенцы ды харваты Джульянскай Маркі. Пазьней праграма была пашыраная на тэрыторыі, анэксаваныя ў II сусьветную вайну — славенцаў у правінцыі Любляны і харватаў у Горскім Котары ды прыбярэжнай Далмацыі.
Былое Аўстрыйскае Прымор’е (пазьней перайменаванае ў Джульянскую Марку) пасьля замірэньня з Аўстрыяй(en) было акупаванае італьянскім войскам. У выніку анэксіі 400[1] культурніцкіх, спартовых, моладзевых, сацыяльных і прафэсіянальных славянскіх арганізацыяў, бібліятэк («чытальняў»), тры палітычныя партыі, 31 газэта і часопіс, 300 каапэратываў і фінансавых установаў былі забароненыя. З прыняцьцем Закону аб аб’яднаньнях (1925), Закону аб публічных дэманстрацыях (1926) і Закону аб грамадзкім парадку (1926) адбылося закрыцьцё ліцэю ў Пазіне і 488[1] славацкіх ды харвацкіх пачатковых школак.
Пэрыяд гвалтоўнага перасьледу славенцаў у Трыесьце пачаўся 13 красавіка 1920 масавымі непарадкамі, арганізаванымі ў адпомсту за напад на італьянскія акупацыйныя войскі 11 ліпеня ў Спліце(en) мясцовымі харвацкімі жыхарамі. Падчас масавых непарадкаў былі разбураныя мноства славенскіх крамаў і пабудоваў, а групоўка італьянскіх фашыстаў на чале з Франчэскам Джунтам спаліла «Народны дом», грамадзкі цэнтар трыесцкіх славенцаў[2]. Бэніта Мусаліні ўхваліў гэтую акцыю як «шэдэўр трыесцкага фашызму»; праз два гады ён стане прэм’ер-міністрам Італіі[3].
У верасьні 1920 Мусаліні заявіў:
Маючы справу з такой расай, як славянская - ніжэйшай і барбарскай - трэба трымацца ня перніка, але пугі. Ня варта баяцца новых ахвяраў. Італьянская граніца мусіць прайсьці праз Брэнэраў перавал, Монтэ Нэвоза і Дынарскія Альпы. Я б сказаў, што можна лёгка ахвяраваць 500 000 барбарамі-славянамі за 50 000 італьянцаў. | ||
—Бэніта Мусаліні, прамова ў Пуле, 20 верасьня 1920[4] |
Гэтае выказваньне адлюстравала агульны фашысцкі погляд на статус славенскай і харвацкай меншасьцяў у Джульянскай Марцы[3].
У школах былі пастаўленыя італьянскія настаўнікі, выкарыстаньне славенскай і харвацкай моваў забароненае ў адміністрацыі (1923) і судох (1925). У 1923 у кантэксьце школьнай рэформы, падрыхтаванай фашысцкім міністрам Джаваньні Джэнтыле, было скасаванае навучаньне на іншых мовах, акрамя італьянскай. Хаця ў Шушневіцы было дазволена карыстацца істрарумынскай мовай[5].
У 1926 на падставе «вяртаньня прозьвішчаў да першапачатковай італьянскай формы» ўрад правёў італінізацыю нямецкіх, славенскі і харвацкіх прозьвішчаў[6][7]. Толькі ў Трыесцкай правінцыі былі зьмененыя 3000 прозьвішчаў, што закранула 60 000 чалавек[1]. Таксама былі італінізаваныя імёны.
Славенскія і харвацкія таварыствы, спартовыя і культурніцкія аб’яднаньні былі вымушаныя спыніць дзейнасьць паводле рашэньняў правінцыйных адміністрацыяў ад 12 чэрвеня 1927. Паводле асобнага загаду прэфэкта Трыесту 19 лістапада 1928 было распушчанае палітычнае аб’яднаньне Edinost. Славенскія і харвацкія фінансавыя каапэратывы ў Істрыі, першапачаткова далучаныя да ашчадных банкаў Пулы ці Трыесту, паступова таксама былі ліквідаваныя.
У 1927 паўстала славенская антыфашысцкая арганізацыя TIGR. Яна каардынавала славенскі супраціў фашысцкай Італіі да раззбраеньня фашысцкай сакрэтнай паліцыяй у 1941. Пасьля гэтага частка сябраў ТЫГРу далучылася да партызанаў.
У 1919, у час анэксіі, паўднёвая частка Тыролю(en) была населеная амаль 90% нямецкамоўных носьбітаў[8]. У кастрычніку 1923 італьянская мова была ўведзеная як абавязковая (але не адзіная) для выкарыстаньня на ўсіх узроўнях фэдэральнай, правінцыйнай і мясцовай адміністрацыяў[9]. Пастановамі фашысцкіх уладаў усе віды знакаў і грамадзкіх абвестак мелі абвяшчацца толькі па-італьянску. Мапы, паштоўкі ды іншыя графічныя матэрыялы мелі адлюстроўваць італьянскія варыянты назваў[9]. У верасьні 1925 італьянская мова стала адзінай дазволенай у судох[9]. Нямецкамоўная меншасьць тады заснавала падпольныя «катакомбавыя школы(de)» дзеля навучаньня дзетак. Урад стварыў спрыяльныя ўмовы дзеля перасяленьня італьянцаў у паўднёвы Тыроль.
Пэўныя фактары абмежавалі эфэкт палітыкі італінізацыі, у прыватнасьці неспрыяльная прырода краю (цяжкадасяжныя горы і даліны), складанасьць адаптацыі для італьянцаў да абсалютна іншага асяродзьдзя і, пазьней, хаўрус паміж Нямеччынай ды Італіяй. Паводле пагадненьня на права выбару(it) 1939 року Адольф Гітлер і Бэніта Мусаліні вызначылі статус нямецкага народу краю. Яны мелі абраць ці эміграцыю ў Нямеччыну, ці застацца ў Італіі і стаць цалкам італінізаванымі. Але з-за пачатку II сусьветнай вайны гэтае пагадненьне не прымянялася, і большасьць этнічных немцаў засталіся ці вярнуліся напрыканцы вайны.
У XXI стагодзьдзі, амаль праз 100 гадоў пасьля анэксіі Паўднёвага Тыролю Італіяй, 64% жыхароў краю па-ранейшаму карыстаюцца нямецкай мовай як роднай.
У часе II сусьветнай вайны Італія амаль цалкам акупавала Далмацыю, і італьянскі ўрад прыкладаў пераканаўчыя намаганьні па яе італінізацыі. Акупацыйныя войскі былі абвінавачваныя ў зьдзяйсьненьні ваенных злачынстваў дзеля трансфармацыі акупаваных тэрыторыяў у этнічныя італьянскія[10].
Італьянскі ўрад карыстаўся канцэнтрацыйнымі лягерамі[11] для славянскіх грамадзянаў, напрыклад Раб і адным з астравоў Молат. Пасьля вайны ацалелыя вязьні не атрымалі ад Італіі ніякіх кампэнсацыяў.
Марыё Раата быў камандзірам 2-й італьянскай арміі ў Югаславіі. Каб здушыць супраціў славенскіх партызанаў, ён абраў тактыку «расправаў на месцы(en), узяцьця закладнікаў, рэпрэсіяў(en), інтэрнаваньняў і спальваньня хат і вёсак»[12]. Па вайне югаслаўкі ўрад намагаўся ягонай экстрадыцыі з Гішпаніі, аднак ён быў абаронены Франсіскам Франкам[13]. Марыё Рабоцьці(fr) выдаў загад дзеля выкананьня дырэктывы, атрыманай ад Мусаліні ў чэрвені 1942: «Я б ня быў супраць, каб усе (sic) славенцы былі пазбаўленыя волі і замененыя на італьянцаў. Інакш кажучы, неабходна прыняць меры, каб гарантаваць супадзеньне нашых палітычных і этнічных межаў»[13].