Каардынаты: 51°37′5″ пн. ш. 1°24′46″ з. д. / 51.61806° пн. ш. 1.41278° з. д.
Ўільямз-Мэрсэдэс | |
Поўная назва | Ўільямз Рэйсінг |
---|---|
Разьмяшчэньне | Гроўв, Оксфардшыр, Ангельшчына |
Заснавальнік(і) | Фрэнк Ўільямз Патрык Гэд |
Кіраўнік(і) | Ёст Капіта |
Уласьнік(і) | Dorilton Capital |
Папярэдняя назва | Гоначныя аўтамабілі Фрэнка Ўільямза[d] |
Заснаваная | 1977 |
Сэзон-2024 | |
1-ы кіроўца | Нікаля Лятыфі | 6.
2-і кіроўца | 63. Джордж Расэл |
Выпрабавальнікі |
|
Шасі | FW43B |
Рухавік | Mercedes M12 E Performance |
Шыны | Pirelli |
Дасягненьні | |
Першая гонка | Каманда Гран-пры Гішпаніі 1977 году Канструктар Гран-пры Аргентыны 1978 году |
Апошняя гонка | Гран-пры Азэрбайджану 2021 году |
Колькасьць гонак | Каманда: 754 гонак (750 стартаў) Канструктар: 743 гонак (742 стартаў) |
Кубкі канструктараў | 9 (1980, 1981, 1986, 1987, 1992, 1993, 1994, 1996, 1997) |
Чэмпіёны сьвету | 7 (1980, 1982, 1987, 1992, 1993, 1996, 1997) |
Перамогі ў гонках | 114 |
П’едэсталы | 312 |
Стартавыя лідэрствы | 128 |
Найхутчэйшыя колы | 133 |
Сэзон-2020 | 10-е (0 пкт) |
williamsf1.com | |
Апошняе абнаўленьне: 19 ліпеня 2021. |
Ўільямз Гран-пры Інжынірынг Лімітэд (па-ангельску: Williams Grand Prix Engineering Limited) — брытанская матагоначная каманда і канструктар гонак Формулы-1 пад назвай Ўільямз Рэйсінг (анг. Williams Racing). Заснаваная Фрэнкам Ўільямзам і Патрыкам Гэдам у 1977 року.
Сьпярша ўдзельнічала ў Формуле-1 як каманда, а з наступнага року сканструявала ўласныя аўтамабілі. 9-разовая чэмпіёнка ў камандным заліку і 7-разовы чэмпіёнка сярод пілётаў. Адна з чатырох камандаў Формулы-1, якая атрымала больш за 100 перамог у гонках (нароўні з Фэрары, Макларэнам і Мэрсэдэсам).
Фрэнк Ўільямз заснаваў каманду ў 1977 року пасьля няўдачы ягонага папярэднага прадпрыемства, Фрэнк Ўільямз. Дзеля гэтага ён наняў маладога інжынэры Патрыка Гэда, зь якім мецьме працяглае супрацоўніцтва.
У дэбютным сэзоне адзіны кіроўца Ўільямзу Патрык Нэў кіраваў машынай Марч 761. Найлепшым паказьнікам стала 7-е месца на Гран-пры Італіі; гэты сэзон быў завершаны бяз пунктаў. Для 1978 Патрык Гэд распрацаваў уласны аўтамабіль Ўільямз FW06. На ім адзіны гоначнік каманды аўстраліец Алан Джоўнз прынёс камандзе 9-е месца ў Кубку канструктараў і 11-е ў асабістым заліку.
З 1979 у камандзе зьявіліся абодва пілёты. Тады ж адзін зь іх — швайцарац Клэй Рэгацоні — здабыў першую перамогу ў Гран-пры Вялікабрытаніі. У гэтым годзе каманда паднялася ў параўнаньні зь мінулым на 8 пазыцыяў у Кубку канструктараў, а Алан Джоўнз саступіў толькі абодвум гоначнікам каманды Фэрары.
У 1980 року Ўільямз заваяваў свой першы Кубак канструктараў, а Алан Джоўнз — першае чэмпіёнства сярод гоначнікаў. У 1981 року намаганьнямі пілётаў Алана Джоўнза і Карлёса Ройтэмана каманда паўтарыла посьпех у камандным заліку.
У 1982 року замест Джоўнза, які скончыў выступы, у каманду прыйшоў фін Кеке Росбэрг, які ў мінулым чэмпіянаце не зарабіў ніводнага пункту. А ў «Ўільямсе» ён стаў чэмпіёнам, хоць і перамог толькі ў адной гонцы ў Швайцарыі. У Кубку канструктараў каманда стала 4-й.
З сэзону 1984 року «Ўільямз» заключыла кантракт з Хондай, якая магла прадаставіць рухавікі з турбанадзіманьнем. Аднак новая вэрсія аўтамабілю Williams FW09 аказалася няўдалай, і каманда фінішавала ў чэмпіянаце 6-й з 25,5 пунктамі.
У 1985 Патрык Гэд стварыў Williams FW10 — першы аўтамабіль каманды з вуглепалімэрнай(d) тэхналёгіяй. Гоначнікі Найджэл Мэнсэл і Кеке Росбэрг заваявалі Ўільямзу трэцяе месца ў Кубку канструктараў. На кваліфікацыі да Гран-пры Вялікабрытаніі Росбэрг усталяваў сусьветны рэкорд сярэдняй хуткасьці кола — 259,005 км/г.
Перад пачаткам сэзону 1986 року ўласьнік каманды Фрэнк Ўільямз, вяртаючыся з тэставых выпрабаваньняў, патрапіў у ДТЗ, у выніку чаго застаўся паралюшаваным на ўсё жыцьцё. На гонках ён не прысутнічаў амаль год. Нягледзячы на ягоную адсутнасьць, пілёты «Ўільямзу» заваявалі 9 Гран-пры, перамаглі ў Кубку канструктараў, а Найджэл Мэнсэл саступіў чэмпіёнства Алену Просту толькі ў апошняй гонцы ў Аўстраліі пасьля выбуху кола.
У 1987 року супрацоўніцтва Ўільямзу і Хонды нарэшце прывяло да перамогі ў чэмпіянаце пілёта Нэльсана Піке, а ягоны паплечнік Найджэл Мэнсэл стаў другім. Каманда другім разам запар перамагла ў Кубку канструктараў. Нягледзячы на гэта, Хонда ў канцы сэзону спыніла супрацоўніцтва зь «Ўільямзам», аддаўшы перавагу Макларэну.
У 1988 року «Ўільямз» не знайшоў іншага варыянту, як ставіць у свае аўтамабілі безнадзіманыя рухавікі(d) «Judd», таму ягоныя аўтамабілі значна саступалі канкурэнтам. Да таго ж Нэльсан Піке сышоў у Лотус, які па-ранейшаму карыстаўся рухавікамі «Хонды». Найджэл Мэнсэл і новы паплечнік італьянец Рыкарда Патрэзэ прынесьлі камандзе 20 пунктаў і 7-е месца ў Кубку канструктараў, не перамогшы ні ў воднай гонцы.
У 1989 року пачалося супрацоўніцтва з «Рэно», якое працягвалася да сыходу апошняга з «Формулы-1» у 1997 року. За гэты час каманда здабыла 5 Кубкаў канструктараў і 4 асабістыя кубкі. Асабліва дамінаваў «Ўільямз» у сярэдзіне 1990-х з аўтамабілямі распрацоўкі Адрыяна Ньюі.
Але пакуль што ў сэзонах 1989—1991 рокаў перамагалі пілёты «Макларэну». Двойчы ў гэты пэрыяд «Ўільямз» станавіўся другім у Кубку канструктараў. У 1991 року ў каманду вярнуўся з «Фэрары» Найджэл Мэнсэл, а тэставым кіроўцам стаў будучы чэмпіён сьвету Дэйман Гіл.
У 1992 року «Ўільямз» захаваў пару гоначнікаў Мэнсэл — Патрэзэ. Найджэл Мэнсэл стаў пераможцам першых пяці гонак сэзону, а Патрэзэ ў іх усіх, акрамя Гран-пры Гішпаніі, прыйшоў другім. Канкурэнцыю ім змог скласьці толькі Айртан Сэна, які перамог у двух наступных гонках. Але пасьля гэтага Мэнсэл выйграў яшчэ чатыры Гран-пры і стаў чэмпіёнам, Патрэзэ — віцэ-чэмпіёнам, а Ўільямз апярэдзіў Макларэн у Кубку канструктараў на 65 пунктаў. Зь дзевяцьцю перамогамі ў сэзоне Найджэл Мэнсэл паставіў новы рэкорд для гоначнікаў.
У 1993 року «Ўільямз» прадставіў новы аўтамабіль Williams FW15C з актыўнай падвескай і сыстэмай рэгуляваньня цягі, нябачаныя дагэтуль у іншых камандах. Яго часта лічаць найдасканалейшай машынай у гісторыі формульных гонак. У дэбютнай гонцы за каманду Ален Прост стаў пераможцам Гран-пры Паўднёвай Афрыкі і на хвіліну апярэдзіў уладальніка другога месца Айртана Сэну. У другой гонцы сэзону пераведзены з тэставых кіроўцаў Дэйман Гіл заняў другое месца на п’едэстале пасьля Айртана Сэны. Па выніках сэзону Ален Прост атрымаў 7 перамог і стаў чэмпіёнам, яшчэ 3 перамогі здабыў Дэйман Гіл, але адстаў на 4 балы ад уладальніка другога месца Айртана Сэны. У Кубку канструктараў каманда захавала чэмпіёнскі тытул, апярэдзіўшы Макларэн на 84 пункты.
У 1994 року «Ўільямз» здолеў падпісаць кантракт з Айртанам Сэнам, а Прост скончыў выступы ў гонках. Аднак пасьля забароны ад ФІА карыстацца электроннымі сыстэмамі дапамогі кіраваньня(d) новы аўтамабіль Williams FW16, пазбаўлены актыўнай падвескі, сыстэмаў рэгуляваньня цягі і антыблякаваньня, стаў няўстойлівым, хоць і па-ранейшаму хуткасным. Тым ня меней, ён стаў горшым за свайго папярэдніка FW15C і нават за Williams FW14. На перадсэзонных выпрабаваньнях нават слабейшы аўтамабіль Бэнэтон-Форд аказаўся спрытнейшым за «Ўільямз». У першых дзьвюх Гран-пры сэзону Айртан Сэна выйграваў кваліфікацыі, але сыходзіў падчас гонкі. У трэцяй, у Сан-Марына, ён ізноў перамог у кваліфікацыі, але загінуў пасьля вылету на шостым коле гонкі. Расьсьледаваньне гэтай катастрофы скончылася толькі ў 2005 року. На наступным Гран-пры ў Манака каманда ў памяць пра Айртана Сэну выставіла толькі аднаго Дэймана Гіла, які сышоў на першым коле. Надалей з Гілам выступалі сьпярша тэставы кіроўца Дэйвід Култгард, а пасьля Найджэл Мэнсэл. Сэзон скончыўся перамогай Міхаэля Шумахэра на «Бэнэтоне», ад якога Дэйман Гіл адстаў на 1 пункт. А ў Кубку канструктараў трэці год запар Ўільямз атрымаў чэмпіёнства.
У 1995 року каманда «Бэнэтон» таксама перайшла на рухавікі «Рэно», выйграўшы барацьбу за чэмпіёнства як у камандным заліку, так і ў асабістым (Міхаэль Шумахэр). Дэйман Гіл стаў другім па выніках сэзону.
Для 1996 року «Макларэн» прадставіў самы надзейны і хуткі аўтамабіль Williams FW18. Наўзамен Култгарду ў каманду прыйшоў канадзец Жак Вільнёў. Перавага Гіла і Вільнёва была настолькі ашаламляльнай, што яны перамаглі ў 12 гонках з 16, заваяваўшы чэмпіёнскія тытулы за некалькі гонак да канца сэзону. Нягледзячы на гэта, Фрэнк Ўільямз пасьля гэтага сэзону скончыў супрацоўніцтва з чэмпіёнам Дэйманам Гілам.
Сэзон 1997 року стаў апошнім у супрацоўніцтве з «Рэно», а таксама аўтамабілямі распрацоўкі Адрыяна Ньюі. На замену Дэйману Гілу прыйшоў Гайнц-Гаральд Фрэнцэн, які, аднак, за два гады выступаў за «Ўільямз» здолеў атрымаць толькі адну перамогу на Гран-пры Сан-Марына-1997. Жак Вільнёў у гэтым сэзоне здабыў 5 перамогаў, а «Ўільямз» перакрочыў 100 перамогаў за ўсю гісторыю выступаў. Чэмпіёнам сярод гоначнікаў стаў Вільнёў, «Ўільямз» заваяваў Кубак канструктараў другі год запар. Пасьля гэтага сэзону «Рэно» спыніла ўдзел у «Формуле», а Адрыян Ньюі сышоў у Макларэн.
У 1998 року «Ўільямз» давялося ўсталёўваць на свае машыны рухавікі кампаніі Mecachrome, якія па сутнасьці зьяўляліся старымі вэрсіямі Рэно. Таму аўтамабіль FW20 уяўляў сабой паўтор мінулагодняй вэрсіі, зьмененай пад тэхнічныя патрабаваньні новага сэзону. Таму за чэмпіёнства гэтым разам спаборнічалі Фэрары і Макларэн, а гоначнікі «Ўільямзу» пабывалі на подыюме толькі тройчы. Каманда стала трэцяй у Кубку канструктараў.
У 1999 року «Ўільямз» карыстаўся рухавіком Supertec — перайменаванай вэрсіяй Mecachrome-Renault. Таксама ў каманду прыйшлі два новыя гоначнікі: немец Ральф Шумахэр ды італьянец Алесандра Дзанардзі, які перайшоў з гонак КАРТ. Ральф Шумахэр тройчы трапляў на подыюм, а Дзанардзі скончыў сэзон без набраных пунктаў; у Кубку канструктараў каманда заняла 5-е месца, што стала найгоршым вынікам у 1990-я. Пасьля гэтага «Ўільямз» разьвітаўся з Дзанардзі.
З 2000 року набыла моц 6-гадовая ўгода з BMW на пастаўку рухавікоў, за што з свайго боку каманда «Ўільямз» мела выстаўляць прынамсі аднаго нямецкага пілёта. Да Шумахэра далучыўся брытанец Джэнсан Батан, але на подыюм тройчы трапляў толькі немец. У асабістым заліку ён заняў 5-е месца, брытанскі навак — 8-е; каманда здолела заваяваць 3-е месца.
У 2001 року ў каманды з гонак КАРТ вярнуўся ейны тэставы гоначнік Хуан Паблё Мантоя, які замяніў Джэнсана Батана ў новым аўтамабілі Williams FW23. У гэтым годзе Шумахэр перамог у трох гонках, Мантоя — у адной, але гэты паказьнік мог быць вышэйшым, калі б не адмовы FW23 і памылкі супрацоўнікаў каманды. Новы аўтамабіль быў хутчэйшы за Фэрары і Макларэн, але Ўільямз скончыў гэты сэзон толькі на трэцім месцы Кубку канструктараў.
У 2002 року дамінавалі гоначнікі «Фэрары» Міхаэль Шумахэр і Рубэнс Барыкела, якія аддалі перамогу толькі ў дзьвюх гонках — пераможцай адной зь іх і стаў «Ўільямз». Каманда палепшыла свой вынік у Куюку канструктараў, стаўшы 2-й; пілёты Мантоя і Шумахэр сталі 3-м і 4-м адпаведна. На кваліфікацыі да Гран-пры Італіі Мантоя ў балідзе Williams FW24 пабіў рэкорд сярэдняй хуткасьці кола, усталяваны ў 1985 року таксама гоначнікам «Ўільямза» Кеке Росбэргам, паказаўшы вынік 259,827 км/г.
У 2003 «Ўільямз» быў найбліжэй да сваёй першай перамогі з 1997 року. На два пункты адстаўшы ад Макларэну, у Кубку канструктараў каманда заняла 2-е месца, а пілёты, атрымаўшы кожны па 2-е перамогі ў Гран-пры, сталі 3-м і 5-м у асабістым заліку.
У сэзоне 2004 року дамінавала каманда «Фэрары», якая перамагла ў 15 з 18 гонак. «Ўільямз» здабыў перамогу ў апошняй гонцы ў Бразыліі — і гэта будзе ягоная апошняя перамога да Гран-пры Гішпаніі-2012. Каманда скончыла сэзон на 4-м месцы ў Кубку канструктараў, Мантоя з 58 пунктамі заняў 5-ю выніковую пазыцыю.
Перад сэзонам 2005 року абодва гоначнікі пакінулі каманду, іхнія месцы занялі аўстраліец Марк Ўэбэр ды немец Нік Гайдфэльд. Яны фінішавалі ў чэмпіянаце 10-м і 11-м адпаведна, а ў Кубку канструктараў «Ўіяльмз» стаў пятым. Узаемная незадаволенасьць каманды і канструктара рухавікоў прывяла да спыненьня супрацоўніцтва з BMW.
У 2006 року «Ўільямз» спыніўся на рухавіках Cosworth V8, а таксама перайшоў на шыны Bridgestone. Замест Ніка Гайдфэльда прыйшоў Ніка Росбэрг. Пачаўся сэзон пасьпяхова: абодва гоначнікі ў першай гонцы зарабілі балы, а Ніка Росбэрг усталяваў найхутчэйшае кола на Гран-пры Бахрэйну. Аднак пасьля каманда не змагла ніводнага разу трапіць на подыюм (упершыню з дэбютнага 1977 року); больш за тое, з 36 стартаў абодва пілёты даехалі да фінішу толькі 16 разоў. З 11 пунктамі «Ўільямз» заняў у Кубку канструктараў 8-е месца.
Пасьля такога правалу «Ўільямз» з 2007 року перайшоў на рухавікі «Таёты». Тэставы кіроўца Аляксандар Вурц стаў другім гоначнікам замест Марка Ўэбэра. Разам з Росбэргам на новым аўто FW29 яны выступілі больш пасьпяхова, і ў Манрэалі Вюрц заваяваў для каманды першы подыюм з 2005 року. Каманда скончыла гэты сэзон на 4-м месцы ў Кубку канструктараў.
Замест Алекса Вурца, які скончыў спартовую кар’еру, у наступным сэзоне другім пілётам каманды стаў тэставы гоначнік Казукі Накадзіма. 30-ы спартовы сэзон склаўся для «Ўільямза» неадназначна. З аднаго боку, Росбэрг здолеў двойчы трапіць на п’едэстал; зь іншага боку, падрыхтоўка балідаў да наступнага сэзону спляжыла вынікі ў 2008 року, і «Ўільямз» стаў у Кубку канструктараў толькі 8-м.
Яшчэ ў хадзе сэзону 2009 року стала вядома, што з 2010 «Ўільямз» пяройдзе на рухавікі Cosworth, якія зьяўляліся абноўленай вэрсіяй V8, якімі яны карысталіся ў сэзоне-2006. Таксама былі замененыя абодва гоначнікі: новымі сталі Рубенс Барыкела і Ніка Гюлькенбэрг. На новым Williams FW32 апошні заваяваў першы поўл для каманды за 5 гадоў. Але з наступнага сэзону яго замяніў чэмпіён GP2 вэнэсуэлец Пастар Мальданада. Такім чынам, упершыню з 1981 року «Ўільямз» уступіў у сэзон без эўрапейскіх гоначнікаў. 2011 стаў для каманды адным з найгоршых у гісторыі: з двума 9-мі месцамі Барыкела і 10-м Мальданада «Ўільямз» скончыў чэмпіянат на 9-м месцы ў Кубку канструктараў.
У 2020 року каманду выкупіла кампанія Dorilton Capital. Сям’я Ўільямзаў больш не валодае якой-кольвек часткай капіталаў, аднак назва каманды застаецца ранейшай.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |