Ўінона Райдэр

Ўінона Райдэр
па-ангельску: Winona Ryder
Дата нараджэньня 29 кастрычніка 1971(1971-10-29)[1][2][3] (53 гады)
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Занятак акторка, кінаакторка, кінапрадусарка, акторка агучваньня, характарная акторка, тэлеактор, прадусарка
Псэўданімы Winona Ryder[5]
Бацька Michael D. Horowitz[d]
Маці Cynthia Palmer[d]
Узнагароды
IMDb ID nm0000213
Подпіс Выява аўтографу

Ўінона Лора Гораўіц[6] (па-ангельску: Winona Laura Horowitz), больш вядомая як Ўінона Райдэр (па-ангельску: Winona Ryder; нарадзілася 29 кастрычніка 1971 году) — амэрыканская акторка.

Райдэр за сваю кар’еру атрымала некалькі ўзнагародаў, у тым ліку прэмію «Залаты Глёбус», і двойчы была намінаваная на «Оскар». Яна вядомая тым, што выконвала мудрагелістыя ролі ў сваіх ранейшых фільмах, пасьля чаго ў 1990-х гадох выконвала больш прыкметныя ролі. Асабістае жыцьцё Райдэр прыцягвала значную ўвагу СМІ. Ейныя адносіны з Джоні Дэпам на пачатку 1990-х гадох і арышт у 2001 годзе за крадзеж у краме былі прадметамі бульварнай журналістыкі. Яна адкрыта распавяла пра асабістую барацьбу з трывогай і дэпрэсіяй. У 2000 годзе Райдэр атрымаў зорку на Галіўудзкай алеі славы[7].

Нарадзілся ў творчай сям’і рэдактараў і пісьменьнікаў у горадзе Ўінона штату Мінэсота. Менавіта, дзякуючы назве гораду атрымала сваё імя. Сям’я мела габрэйскія карані, а продкі эмігравалі ў ЗША з Расейскай імпэрыі і Румыніі. Вядома, што дзед акторкі Сол Горавіц паходзіў зь Менску, ягонае сапраўднае прозьвішча было Томлін[8]. Празь нейкі час сям’я пераехала ў Каліфорнію, дзе спачатку жыла на фэрме, а потым перабраліся ў места Пэталума.

Пасьля дэбюту ў кіно ў фільме «Лукас» (1986) яна прыцягнула ўвагу сваім выкананьнем ролі ў фільме Тыма Бэртана «Бітлджус» (1988). Далейшымі ейнымі ролямі сталіся «Сьмяротная пажада» (1989), «Русалкі» (1990), «Эдўард Рукі-Нажніцы» (1990) і «Дракула» (1992). Акторка атрымала ўхваленьне кінакрытыкаў і дзьве намінацыі на прэмію «Оскар» за свае вобразы Мэй Ўэланд у «Эпосе невінаватасьці» працы Мартына Скарсэзэ (1993) і Джо Марч у трэцяй экранізацыі «Маленькія жанчыны» (1994). Іншымі ейнымі фільмамі ў гэты пэрыяд ёсьць «Рэчавістасьць кусаецца» (1994), «Як вырабіць амэрыканскую шматковую коўдру» (1995), «Суворае выпрабаваньне» (1996), «Чужы: Адраджэньне» (1997), «Знакамітасьць» (1999) і «Перапыненае жыцьцё» (1999), у апошнім зь якім яна таксама выступіла супрадусарам.

У 2002 годзе Райдэр сыграла галоўную ролю ў крытычна ўспрынятым гіце «Містэр Дыдс — выпадковы мільянэр», пасьля чаго ейная кар’ера заняпала, і яна ўзяла паўзу ў кіно. У 2009 годзе яна вярнулася, адразу выканаўшы ролю ў гучным фільме «Зорны шлях». У 2010 годзе яна была двойчы намінаваная на прэмію Гільдыі кінаактораў як найлепшая акторка ў тэлевізійным фільме «Калі каханьня недастаткова: гісторыя Лоіс Ўілсан» і ў складзе акторскага калектыку фільму «Чорны лебедзь»[9]. Райдэр выканала ролю Джойс Баерз у навукова-фантастычным сэрыяле жахаў кампаніі Netflix «Незразумелыя рэчы», які выходзіць на экраны з 2016 году. Дзякуючы за гэтую ролю акторка намінавалася на прэміі «Залаты Глёбус» і Гільдыі кінаактораў. У 2020 годзе зьнялася ў драматычным міні-сэрыяле HBO «Змова супраць Амэрыкі».

  1. ^ Winona Ryder // filmportal.de — 2005.
  2. ^ Winona Ryder // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  3. ^ Winona Ryder // GeneaStar
  4. ^ Dockterman E. 90s Icon Winona Ryder Is Making Her Comeback (анг.) — 2016.
  5. ^ Глёрыя (італ.)
  6. ^ «Winona Ryder Biography». Biography.
  7. ^ «Winona Ryder Gets Her Own Star». Hollywood.
  8. ^ «Winona Ryder Articles». Fortune City.
  9. ^ «The 17th Annual Screen Actors Guild Awards». Screen Actors Guild.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]