Адрачэньне апостала Пятра — новазапаветны эпізод, які распавядае пра тое, як апостал Пётар адрокся ад Ісуса Хрыста пасьля ягонага арышту, што было прадказана Ісусам яшчэ падчас Апошняй Вячэры. Пётар адрокся тройчы ў страху, што яго таксама арыштуюць, а як пачуў, як прасьпяваў певень, ён успомніў словы свайго Настаўніка й горка пашкадаваў і плакаў[1]. Гэты сюжэт сустракаецца ва ўсіх чатырох Эвангельлях (Мц 26:69—75; Мк 14:66—72; Лк 22:55—62; Ян 18:15—18, 18:25—27).
Эпізод адносіцца да Пакутаў Хрыстовых і прыходзіцца да часу пасьля арышту Ісуса ў Гэтсыманскім садзе пасьля пацалунку Юды. Паводле храналёгіі эвангельскіх падзеяў гэта адбылося ў ноч з чацьвярга на пятніцу.
Пра тое, што Пётар ад яго адмовіцца, Ісус Хрыстос сказаў сваім вучням загадзя, падчас Апошняй Вячэры. Усе чатыры кананічных Эвангельлі адзначаюць гэты эпізод і момант з трохразовым адрачэньнем перш чым засьпявае певень (Мц 26:34; Лк 22:33; Ян 13:38), за выключэньнем Марка, які дадае, што певень засьпявае двойчы (Мк 14:29—31).
Пасьля арышту Ісуса яго прывялі ў двор першасьвятара Каіфы. Пётар рушыў усьлед за ім, але застаўся звонку ў двары, седзячы разам са слугамі (паводле Марка й Лукі — каля агню). Тут да яго падышла адна служанка, паводле Марку — служанка першасьвятара, і сказала «і ты быў зь Ісусам Галілеянінам». Паводле Яну Пётар яшчэ быў звонку, не ўваходзячы ў двор, і пазнала яго раба-брамніца, міма якой яго спрабаваў правесьці знаёмы Каіфу апостал, як прынята лічыць — апавядальнік, апостал Ян. Тут Пётар адрокся ад Настаўніка перад усімі ў першы раз. Паводле Марка, але не ва ўсіх сьпісах рукапісы, тут засьпяваў певень у першы раз.
Затым яго зноў апазнала служанка, паводле Матфэя іншая, якая ўбачыла яго пасьля таго, як ён выйшаў за браму, але паводле Марка — тая ж самая, альбо ж нейкі мужчына, паводле Лукі й Яну, згодна з апошнім яны разам стаялі каля агню. Пётар адрокся ад Ісуса ў гэты момант другі раз.
Потым да Пятру падышлі й сказалі, што ён сапраўды быў зь Ісусам, таму што гаворыць як Галілеянін, паводле Матфэя, Марка й Лукі. Ян ня згадвае акцэнт, затое кажа, што да яго падышоў адзін з рабоў першасьвятара, які быў сваяком Малха, якому апостал ў Гэтсыманскім садзе адсек вуха, і апазнаў яго. Пётар адрокся ў трэці раз і тут засьпяваў певень, паводле Марку — у другі раз.
Паводле трох эвангелістаў, Пётар згадаў аб прароцтве як толькі засьпяваў певень, а Лука дадае, што Ісус паглядзеў у гэты момант у вочы Пятру. Цікава, што Эвангельле паводле Яна заканчваецца тым, што калі Ісус Хрыстос пасьмяротна зьявіўся да вучняў Ён тройчы патрабаваў ад апостала Пятра пацьвердзіць ягоную любоў да сябе[2].
Пётар ніколі не забываў сваёй здрады. Сьвяты Клімэнт, вучань Пятра, распавядае, што Пётар у працягу ўсяго астатняга жыцьця пры сьпеве пеўня станавіўся на калені й, абліваючыся сьлязьмі, каяўся ў сваім адрачэньні, хоць Сам Гасподзь, неўзабаве пасьля свайго ўваскрасеньня, дараваў яму.
Захавалася яшчэ старажытнае паданьне, што вочы апостала Пятра былі чырвоныя ад частага й горкага плачу[3]. Певень стаў адным зь вядомых ягоных атрыбутаў у хрысьціянскім мастацтве.
Адрачэньне апостала Пятра — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў