Александры́йскі верш — верш з аб’яднаных папарна рыфмай вершаваных радкоў, напісаных шасьцістопным ямбам з цэзурай пасьля трэцяй стапы. Пры паўтарэньні ў творы некалькіх двухрадкоўяў александрыйскага верша абавязковым зьяўляецца чаргаваньне мужчынскіх і жаночых рыфмаў. Узьнік гэты верш у францускай паэзіі XI ст. Назву яго зьвязваюць з «Раманам пра Аляксандра Македонскага» (XII ст.), які напісаны такім вершам. У рускую паэзію александрыйскі верш увёў В. Традзьякоўскі (XVIII ст.). Асаблівае пашырэньне набыў у творчасьці А. Пушкіна (больш за дзьве тысячы вершаваных радкоў). У другой палове XIX ст. сустракаецца радзей, а ў XX ст. — зусім рэдка. Сярод беларускіх паэтаў да александрыйскага верша часта зьвяртаўся М. Багдановіч, ужываючы яго ў творах, стылізаваных пад старыну («Перапісчык», «Летапісец»), а таксама ў лірычных роздумах («У вёсцы»). Усьлед за ім і пад ягоным уплывам александрыйскі верш выкарыстоўваў А. Салавей («На чыстым аркушы», «Адзіноцтва», «Максім Багдановіч» і інш. — усяго 21 верш). У сучаснай беларускай лірыцы александрыйскі верш амаль забыты. Вось узор александрыйскага верша ў М. Багдановіча («Летапісец»):