Алеуцкія астравы — архіпэляґ на поўначы Ціхага акіяну (ЗША, штат Аляска).
Дугападобны ланцуг са 110 астравоў і мноства скал (даўжыня 1740 км) паміж паўастравамі Аляскай і Камчаткай. Плошча 37,8 тыс. км². Утвараюць 4 групы астравоў: Лісіныя, Андрэянаўскія, Пацучыныя, Блізкія.
Большасьць астравоў вульканічнага паходжаньня, вяршыні ўкрыты сьнягамі. Дзеючых вульканаў 25; самы высокі вулькан Шышалдзіна (2860 м) на востраве Унімак. Клімат марскі субарктычны, вільготны. Зіма цёплая, са сьнегападамі і частымі адлігамі. Лета халаднаватае, з туманамі. Сярэдняя тэмпэратура самага халоднага месяца (лютага) −1,4 °C, самага цёплага (жніўня) 11,9 °C. Ападкаў 1500 мм за год. Частыя штормы. Глебы субпалярныя, дзярнова-тарфяністыя і гарнатундравыя. Расьліннасьць: субарктычныя лугі, горныя тундры. Жывёльны сьвет: лісіца, марская выдра і сівуч (амаль зьнішчаны); на скалах птушыныя кірмашы, у прыбярэжных водах морж, цюлень і інш.
Адкрыты ў XVIII ст. рускай экспэдыцыяй В. Бэрынґа і А. Чырыкава. Да 1867 году належалі Расеі, прададзены разам з Аляскай ЗША.
Насельніцтва — амэрыканцы, алеуты, крэолы. Галоўны населены пункт — Адак (на аднайменным востраве).
Вядзецца рыбалоўства, пушны промысел, зьверагадоўля (блакітны пясец).
Ваенна-марская база ЗША Датч-Гарбар (на востраве Уналашка).
Алеуцкія астравы — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў