Альбэрт Гаштольд | |
Герб «Габданк» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1455 або 1470[1] |
Памёр | сьнежань 1539 |
Пахаваны | |
Род | Гаштольды |
Бацькі | Марцін Гаштольд Марына з Трабскіх |
Жонка | Соф’я зь Вярэйскіх |
Дзеці | Станіслаў |
Дзейнасьць | вайсковец |
Альбэрт Гаштольд (Альбрахт Гаштольдавіч; ? — сьнежань 1539) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Намесьнік наваградзкі (1503—1506), падчашы вялікі літоўскі (1505—1509), ваявода наваградзкі (1508—1513), полацкі (1513—1519), троцкі (1519—1522) і віленскі (з 1522), канцлер вялікі літоўскі (з 1522)[2].
Альбэрт Гаштольд — найбагацейшы магнат свайго часу: паводле попісу 1528 году ставіў у войска Вялікага Княства 466 вершнікаў, г. зн. меў больш за сем тысячаў радзінаў падданых. У 1522 годзе кароль і вялікі князь Жыгімонт Стары надаў яму прывілей прыпячатаць дакумэнты не зялёным, а чырвоным воскам, на што мелі права толькі асобы каралеўскага роду[3] У 1529 годзе атрымаў графскі тытул ад Папы Рымскага Клімэнта VII, а ў 1530 году — тытул графа на Мураваных Геранёнах ад імпэратара Карла V.
Варыянты імя ў гістарычных крыніцах: Albertus Gastolthowycz (9 верасьня 1501 году[4], 23 кастрычніка 1501 году[5], 30 кастрычніка 1501 году[6]); Албрахтъ Мартинович Кгаштолтович (27 чэрвеня 1502 году)[7]; Albertum Martini Gastolthovicz (1511 год)[8]; Alberto Gastholth (10 лістапада 1534 году)[9].
З шляхецкага роду Гаштольдаў гербу «Габданк», сын Марціна, маршалка вялікага літоўскага, і Марыны з Трабскіх[3]. Страціў бацькоў у маленстве, апекаваўся мачахай Ганнай з Гальшанскіх і бабкай княгіняй Трабскай.
З 1501 году пры двары вялікага князя Аляксандра. Каля 1492 году, відаць, навучаўся ў Кракаўскім унівэрсытэце.
Браў удзел у вайне Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (1507—1508). Не падтрымаў бунту Міхала Глінскага, але ў 1509—1510 быў зьняволены, напэўна, праз інтрыгі свайго супраціўніка Мікалая Радзівіла.
У часе чарговай агрэсіі Маскоўскай дзяржавы (1512—1522) браў удзел у абароне Полацку (1514 год). Патрабаваў выселіць зь Вялікага Княства польскіх каталіцкіх манахаў за няведаньне мовы народу і амаральныя паводзіны[10].
Спрыяў абвяшчэньню ў 1529 годзе Жыгімонта Аўгуста вялікім князем літоўскім, што было спробай адасобіць Вялікае Княства ад Кароны. Усталяваў добрыя дачыненьні з прускім герцагам Альбрэхтам, перапісваўся зь ім наконт Францішка Скарыны[2].
Браў удзел у падрыхтоўцы першага Статуту Вялікага Княства Літоўскага (1529 год), зь ягонай ініцыятывы ў Статут ўлучылі прававыя нормы, паводле якіх чужынцы, што не былі ўраджэнцамі Вялікага Княства, ня мелі права займаць тут урады і набываць нерухомую маёмасьць[10].
Сабраў вялікую бібліятэку, дзе апрача кірылычных славянскіх рукапісаў былі кнігі на лацінскай, польскай і чэскай мовах. Імаверна, быў ініцыятарам першай разгорнутай рэдакцыі літоўскіх (беларускіх) летапісаў, якая ўлучала паданьне пра паходжаньне літоўскай знаці ад рымскіх патрыцыяў, а таксама пра Пятра Гаштольда, які нібыта ў часы Альгерда спрыяў пашырэньню каталіцтва на Літве.
Напярэдадні 1495 году атрымаў ад бабулі па маці княгіні Марыны, удавы князя Сямёна Гальшанскага-Трабскага і дачкі князя Дзьмітрыя «Сякіры» Друцкага-Зубравіцкага, вялізную спадчыну апошняга: Быхаў і Тайманаў на Дняпры, Дабосьню ў Бабруйскай воласьці, вялікія маёнткі на Кіеўшчыне, імаверна таксама Шклоў[10].
Шлюб з адзінай дачкой і спадкаемніцай князя Васіля Вярэйскага Соф’яй на пачатку XVI ст. прынёс яму замак Любеч, Валожын у Ашмянскім павеце, Койданаў, Радашкавічы і Ўсу ў Менскім павеце. Купіў, вымяняў і атрымаў у спадчыну шмат іншых маёнткаў. Трымаў Бельскае (з 1513 году), Мазырскае (з 1514 году), Барысаўскае (з 1525 году)[10] і Гарадзенскае (з 1533 году) староствы[2].