Аляксандар Міхал Сапега | |
Герб «Ліс» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 12 верасьня 1730 Высокае, Вялікае Княства Літоўскае |
Памёр | 28 траўня 1793 Варшава, Каралеўства Польскае |
Пахаваны | |
Род | Сапегі |
Бацькі | Казімер Лявон Сапега Караліна Тэрэза з Радзівілаў |
Жонка | Магдалена Агнешка зь Любамірскіх |
Дзеці | Казімер, Ганна Тэафілія, Караліна, Мар’яна Кацярына, Эмілія, Францішак |
Дзейнасьць | дыплямат |
Аляксандар Міхал Сапега (12 верасьня 1730, места Высокае Берасьцейскага ваяводзтва — 28 траўня 1793, Варшава) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Абозны вялікі літоўскі (1748—1750), генэрал-маёр (1750), падскарбі дворны літоўскі (1750—1754), ваявода полацкі (1754—1775), гетман польны літоўскі (1762—1775), канцлер вялікі літоўскі (з 1775)[1].
Валодаў Высокім, Друяй, Зэльвай, Старым і Новым Быхавам, Дзярэчынам, Луннам і інш. Кавалер ордэнаў Белага арла (1753)[2] і Сьвятога Станіслава (1765)[3], а таксама расейскага Аляксандра Неўскага (1776)[4].
Прадстаўнік чарэйска-ружанскай лініі магнацкага роду Сапегаў гербу «Ліс», сын Казімера Лявона, ваяводы берасьцейскага, і Караліны Тэрэзы з Радзівілаў. Меў брата Міхала Ксавэрыя, крайчага вялікага літоўскага і сястру Ганну. Быў пляменьнікам Юзэфа Станіслава, біскупа і Міхала Антонія, падканцлера вялікага літоўскага.
Па сьмерці бацькі знаходзіўся пад апекай дзядзькі Юзэфа Станіслава. Навучаўся ў езуіцкім калегіюме ў Любартаве.
3 1746 году неаднаразова абіраўся ў сойм. У 1748 годзе стаў абозным вялікім літоўскім. У 1750 годзе атрымаў званьне генэрал-маёра і урад падскарбія дворнага літоўскага, у 1754 годзе — урад ваяводы полацкага.
У 1762 годзе атрымаў булаву гетмана польнага літоўскага. У 1763—1764 гадох падтрымліваў Караля Станіслава Радзівіла «Пане Каханку», выступаў супраць кандыдатуры Станіслава Аўгуста Панятоўскага на сталец. Па абраньне апошняга перайшоў на бок Фаміліі. У 1775 годзе атрымаў урад канцлера вялікага літоўскага. Таемна падтрымліваў Барскую канфэдэрацыю, хоць быў ляяльным да караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Расейскай імпэрыі. У 1789 годзе быў маршалкам Вярхоўнага Трыбуналу.
Непрыхільна сустрэў Канстытуцыю 3 траўня 1791 году. У 1792 годзе на прапанову караля далучыўся да Таргавіцкай канфэдэрацыі і быў ейным маршалкам у Вялікім Княстве Літоўскім, па чым засядаў з кіраўніцтвам канфэдэрацыі ў Горадні.
Зьбіраў кнігі, рукапісы[5]. Захапляўся музыкай і малярствам.
27 сьнежня 1756 году ажаніўся з Магдаленай Агнешкай (1739—1780), дачкой мечніка вялікага кароннага князя Антонія Бэнэдыкта Любамірскага і Ганны Соф’і Ажароўскай. У шлюбе нарадзіліся дзеці:
Спачыў ў кляштары картузаў у Бярозе Картускай[6].
Аляксандар Міхал Сапега — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў