Аляксандар Сувораў | |
13 (24) лістапада 1730[1] — 6 (18) траўня 1800[1][2] (69 гадоў) або 18 траўня 1800[3] (69 гадоў) | |
Месца нараджэньня | |
---|---|
Месца сьмерці | |
Аляксандар Васілевіч Сувораў (рас. Александр Васильевич Суворов; 24 лістапада 1730, Масква — 18 траўня 1800) — расейскі палкаводзец. Генэралісімус (1799), граф рымніцкі і Сьвятой Рымскай імпэрыі (1789), князь італійскі (1799)[4].
Разглядаецца беларускімі гісторыкамі як камандзір акупантаў і карнікаў[5] — за здушэньне паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі і захоп Вялікага Княства Літоўскага Расейскай імпэрыяй[6].
Бацька — прапаршчык Праабражэнскага палку Васіль Іванавіч Сувораў (1705—1775), хросьнік маскоўскага гаспадара Пятра I, маці — Аўдоцьця (Еўдакія) Федасееўна Суворава, у дзявоцтве Манукова, паходзіла з абмаскаленага армянскага роду.
У 1774 годзе ажаніўся з князёўнай Варварай Іванаўнай Празароўскай. У 1779 годзе выкрыў жонку ў здрадзе, па чым падаў на развод, але неўзабаве адклікаў яго. У 1784 годзе поўнасьцю спыніў зносіны з жонкай. Дачка — Натальля Аляксандраўна (1775—1844), сын — Аркадзь Аляксандравіч (1784—1811), які стаў генэралам. Праз пакаленьне род абарваўся.
Атрымаў хатнюю адукацыю. Пад кіраўніцтвам бацькі вывучаў артылерыю і фартыфікацыю[7]. Займаўся фізычнымі практыкаваньнямі. Генэрал Абрам Ганібал прапанаваў яго бацьку ваенную кар’еру для сына. 3 лістапада 1742 году залічаны мушкетэрам лейб-гвардыі Сямёнаўскага палку і ў 1748 годзе пачаў у ім ваенную службу ў годнасьці капрала. У 1749 годзе ўзьведзены ў падпрапаршчыкі, у 1750 годзе — у сяржанты, у 1754 годзе пакінуў Сямёнаўскі полк і прызначаны паручнікам Інгерманляндзкага пяхотнага палку. У студзені 1756 году прызначаны обэр-правіянтмайстарам, займаўся пытаньнямі арганізацыі тылавых падразьдзяленьняў, у кастрычніку — генэрал-аўдытар-лейтэнантам, у сьнежні — прэм’ер-маёрам. У лістападзе 1758 году атрымаў годнасьць падпалкоўніка і прызначаны камэндантам Мемелю.
Упершыню ўдзельнічаў у баявой сутычцы 25 ліпеня [ст. ст. 14 ліпеня] 1759 году — з эскадронам драгунаў ён атакаваў нямецкіх драгунаў і прымусіў іх адступіць. Па гэтым атрымаў прызначэньнем дзяжурным штаб-афіцэрам пры камандзіры дывізіі Фэрморы. На гэтай пасадзе ўдзельнічаў у першай сваёй буйнай бітве — пад Кунэнсдорфам (1759) у час Сямігадовай вайны (1756—1763). Потым, у 1760 годзе ўдзельнічаў ва ўзяцьці Бэрліну. У 1761 годзе камандаваў асобнымі аддзеламі, мэтай якіх было спачатку прыкрыць адыход расейскіх войскаў да Брэслаўлю і бесьперапынна нападаць на прускія войскі. Удзельнічаў у баях пад Ляндсбэргам, Бірыштайнам, Вяйсэнтына, Наўгарта, Келец, ва ўзяцьці Гальнаў, дзе быў паранены, і крэпасьці Колбэрг.
За перамогі атрымаў годнасьць палкоўніка (1762) і прызначэньне ў Астраханскі пяхотны полк. У 1763 годзе пераведзены ў Суздальскі пяхотны полк. У час службы ў Суздальскім палку распрацаваў «Палкавую (суздальскую) ўстанову» — свой першы літаратурны твор ваеннай думкі.
У кастрычніку 1768 году атрымаў прызначэньне камандзіра брыгады з Смаленскага, Суздальскага і Ніжагародзкага мушкетэрскіх палкоў дзеля ўдзелу ў вайне супраць Барскай канфэдэрацыі ў Рэчы Паспалітай. У час карнай выправы за 30 дзён яго брыгада прайшла 850 вёрстаў. У дарозе захварэла 6 вайскоўцаў. Яго войска штодзень перамяшчалася і змушала войскі канфэдэратаў да адступленьня. 12 верасьня атрымаў перамогу над канфэдэратамі ў бітве пад Арэхавам. 12 студзеня 1770 году атрымаў годнасьць генэрал-маёра, а ў верасьні таго ж году сваю першую ўзнагароду — ордэн Сьвятой Ганны. 12 траўня 1771 году перамог пад Лянцкаронай (Малая Польшча) францускага генэрала Шарля Дзюмур’ё.
23 верасьня 1771 году пад Сталовічамі атрымаў перамогу над войскам Вялікага Княства Літоўскага пад камандаю гетмана Міхала Казімера Агінскага. 26 красавіка 1772 году па трохмесячнай аблозе авалодаў Кракавам.
Па карнай акцыі ў Рэчы Паспалітай пэўны час займаўся ўладкаваньнем расейска-швэдзкай граніцы ў Фінляндыі, аднак 15 красавіка быў пераведзены на паўднёвы тэатар вайсковых дзеяньняў — у 1-ю армію генэрал-фэльдмаршала Пятра Румянцава, у корпус генэрал-аншэфа Салтыкова. 21 траўня быў накіраваны Салтыковым да Туртуркая на выведку. Па адбіцьці нападу туркаў, у выніку якога ледзь ня трапіў у палон, нягледзячы на загад Румянцава адыходзіць, самавольна надумаў узяць умацаваны Туртукай. У выніку начной атакі авалодаў фартэцыяй, пры гэтым быў моцна кантужаны ў выніку разрыва гарматы. Прысуджаны Ваеннай калегіяй за парушэньне вайсковай дысцыпліны да сьмяротнага пакараньня, што скасавала Кацярына II.
Камандаваньне, аднак, не скарысталася перамогай Суворава і турэцкія войскі зноў увайшлі і ўзяліся ўмацоўваць Туртукай. Таму 28 чэрвеня 1773 году зноў захапіў Туртукай. У верасьні 1773 году кіраваў абаронай Гірсава, якім расейскія войскі авалодамі за Дунаем, 14 верасьня адбіў наступ турэцкіх войскаў і нанёс ім значныя страты. У сакавіку 1774 году атрымаў годнасьць генэрал-паручніка. 20 чэрвеня 1774 году разам з генэралам Каменскім нанёс турэцкім войскам вызначальную паразу пад Казлуджы, што значна паўплывала на вынік вайны і дасягненьне міру ў Кучук-Кайнарджы.
У жніўні 1774 году на загад Кацярыны ІІ накіраваны ўдзельнічаць у здушэньні Сялянскай вайны на чале зь Емяльянам Пугачовам, але галоўныя сілы паўстанцаў былі разьбітыя войскамі генэрал-аншэфа Паніна да яго прыбыцьця, таму мусіў толькі суправаджаць палоннага Пугачова ў Сімбірск. У першай палове 1775 году займаўся ліквідацыяй апошніх аддзелаў паўстанцаў, потым адпачываў у Маскве.
У 1776 годзе спачатку прызначаны камандзірам Санкт-Пецярбурскай дывізіі, а потым накіраваны ў Крым як камандзір Маскоўскай дывізіі ў склад войскаў генэрал-паручніка Празароўскага. З 1778 году — камандзір Кубанскага корпуса. На гэтых пасадах кіраваў будаваньнем Кубанскай умацаванай лініі і ўзмацненьнем расейскай абароны ў захопленым Крыме, прадухіліў у 1778 годзе высадку турэцкага дэсанта ў Ахтыярскай (Адэскай) бухце, чым сарваў спробу Турэччыны распачаць новую вайну ў нявыгадным для Расеі міжнародным становішчы. У траўні 1779 году прызначаны камандзірам Маларасейскай дывізіі ў Палтаве, потым камандзірам памежнай дывізіі ў Наварасейскай губэрні.
У 1780—1782 гадох рыхтаваў выправу супраць Пэрсіі, якая, аднак, не ажыцьцявілася, і ў 1782 годзе быў накіраваны камандаваць Кубанскай дывізіяй. Па гвалтоўным далучэньні Крыму да Расеі (1783 год) кіраваў здушэньнем паўстаньня нагайскіх татараў. Разьбіў асноўныя сілы татараў пад Крэмянчуцкай фартэцыяй па няўдалым штурму імі Ейску. Па здушэньні паўстаньня татараў камандаваў войскамі Ўладзімерскай і Санкт-Пецярбурскай дывізіяў, у 1786 годе атрымаў годнасьць генэрал-аншэфа.
У траўні 1794 году накіраваны ў Падольле дзеля падрыхтоўкі другой карнай акцыі ў Рэчы Паспалітай. 28 жніўня залічаны ў склад арміі генэрал-аншэфа Рэпніна і ўзначаліў выправу на Варшаву.
17 верасьня пад Крупчыцамі заатакаваў корпус Зыгмунта Серакоўскага. Бітва скончылася арганізаваным адыходам апошняга да Берасьця, дзе праз два дні 19 верасьня здолеў яго разьбіць[8]. 26 верасьня атрымаў перамогу ў бітве пад Кабылкай. 4 лістапада распачаў штурм прадмесьця Варшавы Прагі, па ўзяцьці якога места капітулявала. Пры ўзяцьці прадмесьця на яго загад расейскія карнікі забілі каля 20 тысячаў (25 тысячаў[9]) цывільнага насельніцтва з мэтай запужаць рэшту месьцічаў[10].
Ва ўзнагароду за здушэньне паўстаньня атрымаў ад расейскіх уладаў Кобрынскае староства з 13 279 сялянамі-мужчынамі[6], а таксама годнасьць фэльдмаршала.
Свае погляды выклаў у творах «Палкавая ўстанова» (1765) і «Навука перамагаць» (1795), а таксама ў занатоўках і інструкцыях.
Быў супраціўнікам пашыраных у той час у эўрапейскіх войсках кардоннай сыстэмы вядзеньня войнаў, якая зводзілася да распыленьня сілаў, павольных вайсковых дзеяньняў, залішніх стратаў. Лічыў, што вайна мае быць хуткай. Вайсковы посьпех, на яго думку, забясьпечваўся спалучэньнем трох вызначальных фактараў — дбайным уліку становішча, быстрыні і раптоўнасьці дзеяньняў. Як тактычны праём шырокае выкарыстоўваў манэўр, выбар якога адбываўся з улікам асаблівасьцяў суперніка, мясцовасьці і становішча. Прапаноўваў выкарыстоўваць засяроджваньне асноўных сілаў на галоўным пляцы бітвы, дамагаючыся перавагі ў кірунку вызначальнага ўдару і забясьпечваючы разгром суперніка па частках, а потым яго перасьлед. Выхоўваў войскі ў духу наступальнай тактыкі, вялікую ўвагу надаваў навучаньню салдатаў прафэсійным навыкам і бесьперапынна сачыў за маральным духу войскаў.
Заўзята шанаваўся ўладамі СССР поруч зь Леніным, Сталінам і Берыяй: у 1948 годзе Кобрынскаму мескаму парку, заснаванаму падскарбіем Вялікага Княства Літоўскага Антоніем Тызэнгаўзам, надалі афіцыйную назву «Парк культуры і адпачынку імя А. В. Суворава». У 1950 годзе, у 150-тую гадавіну сьмерці, у парку паставілі бюст Суворава. Нягледзячы на аднаўленьне Беларусьсю незалежнасьці, аб’екты, названыя ў гонар Суворава дагэтуль засталіся ў краіне. Яго імя носяць вуліцы ў 35 местах і 24 мястэчках Беларусі. Дзейнічае Кобрынскі музэй Суворава, Менская сувораўская вайсковая вучэльня. Імём Суворава назвалі 23 калгасы[6].
Вікіцытатнік зьмяшчае збор цытатаў, датычных тэмы артыкула: |