Аляксандар Шагойка | ||
Пэрсанальная інфармацыя | ||
---|---|---|
Нарадзіўся | 27 ліпеня 1980[1][2] (44 гады) | |
Рост | 180 см | |
Вага | 75 кг[3] | |
Пазыцыя | абаронца | |
Клюбы | ||
Гады | Клюб | Гульні (галы)¹ |
1999—2002 | Белшына | 88 (4) |
2003—2007 | Гомель | 130 (2) |
2008—2009 | Крыўбас | 29 (0) |
2009—2010 | Гомель | 11 (0) |
2010 | → Белшына | 6 (0) |
2011—2015 | Белшына | 143 (2) |
2016—2019 | Іслач | 98 (6) |
Зборныя | ||
1999—2001 | Беларусь (да 21) | 13 (0) |
2006 | Беларусь | 2 (0) |
Трэнэрскія клюбы | ||
2025— | МЛ Віцебск |
Аляксандар Шагойка (нар. 27 ліпеня 1980 году, Менск, БССР) — колішні беларускі футбаліст, абаронца. Сёньня працуе галоўным трэнэрам віцебскага МЛ. У 2006 годзе правёў два матчы за нацыянальную зборную Беларусі. Шагойка зьяўляецца двухразовым чэмпіёнам Беларусі, атрымаўшы гэтае званьне разам зь «Белшынай» і «Гомлем». Уваходзіць у Клюб Сяргея Алейнікава для беларускіх футбалістаў, якія згулялі 500 і болей афіцыйных матчаў[4].
Аляксандар зьяўляецца выхаванцам дзіцяча-юнацкай школы СДЮШАР-5 гораду Менску. Выступаў непрацяглы час за менскі «Рэал». У 1999 годзе перайшоў у бабруйскую «Белшыну», якая на той момант уваходзіла ў лік моцных клюбаў краіны. Разам з бабруйскім калектывам у 2001 годзе стаў чэмпіёнам Беларусі, таксама разам з камандай браў удзел у розыгрышу эўракубкаў. З 2003 году зьяўляўся гульцом футбольнага клюбу «Гомель», зь якім адразу стаў чэмпіёнам краіны. У лютым 2008 году перайшоў ва ўкраінскі «Крыўбас»[5], у складзе якога дэбютаваў 2 сакавіка 2008 году ў матчы супраць сімфэропальскай «Таўрыі» (1:1). З жніўня 2009 году зноўку вярнуўся ў «Гомель», падпісаўшы кантракт па схеме 1,5 + 0,5. Улетку 2010 году быў адданы ў арэнду свайму былому клюбу «Белшыне», у якім правёў шэсьць сустрэчаў і двойчы быў наказаны жоўтымі карткамі. Пасьля заканчэньня сэзону вярнуўся ў «Гомель», аднак ня здолеў дамовіцца з клюбам аб умовах новага кантракту, з-за чаго атрымаў статус вольнага агента[6]. Сэзон 2011 году пачаў у складзе бабруйскай каманды[7], акрамя таго гулец стаў капітанам каманды ў новым сэзоне.
У лютым 2016 году перайшоў у клюб «Іслач»[8]. У складзе прысталічнай каманды быў асноўным апорным паўабаронцам, паводле вынікаў сэзону быў прызнаны найлепшым гульцом каманды[9]. У студзені 2017 году цікавасьць да Шагойкі выказваў «Слуцак», аднак абаронца падоўжыў кантракт зь «Іслаччу»[10]. У сэзоне 2017 году заставаўся гульцом першай каманды, спачатку ў якасьці апорнага паўабаронцы, а пазьней пачаў гуляць у абароне. У студзені 2018 году падоўжыў пагадненьне з клюбам яшчэ на год[11]. Сэзон 2019 году пачынаў у стартавым складзе, але з жніўня часьцей пачаў заставацца на лаўцы запасных. У сьнежні 2019 году па заканчэньні кантракта пакінуў «Іслач»[12].
У 2006 годзе зьяўляючыся гульцом футбольнага клюбу «Гомель» правёў два матчы ў складзе нацыянальнай зборную Беларусі.
У лютым 2020 году завяршыў кар’еру і стаў трэнэрам у юнацкай (U-14) зборнай Беларусі[13]. Пазьней ачольваў таксама каманду 2005 году нарадэжньня ў Акадэміі АБФФ. У ліпені 2022 году ўвайшоў у трэнэрскі штаб асноўнай каманды «Іслачы»[14], дзе працаваў да сьнежня 2022 году[15].
У студзені 2023 году стаў трэнэрам у койданаўскім «Арсэнале». У ліпені 2023 году разам з усім трэнэрскім штабам пакінуў клюб[16]. У кастрычніку 2023 году пачаў працаваць у «Энэргетыку-БДУ»[17]. У студзені 2024 году разглядаўся як кандыдат на пасаду галоўнага трэнэра «Смаргоні»[18], аднак не дамовіўся з клюбам[19] і вярнуўся ў «Энэргетык-БДУ». Перад пачаткам дэбютнага для віцебскага МЛ сэзону ў Найвышэйшай лізе Шагойка быў прызначаны галоўным трэнэрам каманды.
У лістападзе 2023 году атрымаў трэнэрскую ліцэнзію катэгорыі A[20].
Клюб | Сэзон | Чэмпіянат | ||
---|---|---|---|---|
Дывізіён | Матчы | Галы | ||
Белшына | 2015 | Найвышэйшая ліга | 26 | 1 |
Іслач | 2016 | Найвышэйшая ліга | 25 | 6 |
2017 | Найвышэйшая ліга | 27 | 0 | |
2018 | Найвышэйшая ліга | 27 | 0 |