Аляксандраў-Куяўскі | |||
| |||
Дата заснаваньня: | 1834 | ||
Краіна: | Польшча | ||
Плошча: |
| ||
Насельніцтва: |
| ||
Часавы пас: | UTC+1 | ||
летні час: | UTC+2 | ||
Тэлефонны код: | +48 54 | ||
Паштовы індэкс: | 87-700, 87-712 | ||
Нумарны знак: | CAL | ||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°52′35″ пн. ш. 18°41′36″ у. д. / 52.87639° пн. ш. 18.69333° у. д.Каардынаты: 52°52′35″ пн. ш. 18°41′36″ у. д. / 52.87639° пн. ш. 18.69333° у. д. | ||
Аляксандраў-Куяўскі на мапе Польшчы ![]() ![]() Аляксандраў-Куяўскі | |||
![]() | |||
http://www.aleksandrowkujawski.pl |
Алякса́ндраў-Куя́ўскі (па-польску: Aleksandrów Kujawski) — места ў цэнтральнай Польшчы, адміністрацыйны цэнтар Аляксандраўскага павету Куяўска-Паморскага ваяводзтва. Насельніцтва — 12 тысячаў чалавек (2021), плошча — 7,23 км².
Места разьмешчанае на краі Інаўроцлаўскай раўніны. Плоошча 7,23 км²[2].
У 1975—1998 роках места адміністрацыйна належала да Ўлацлаўскага ваяводзтва.
Аляксандрава заснаванае ў 1834 року за расейскім часам, названае ў гонар польскага шляхціча Аляксандра Сумінскага, уласьніка маёнтку, зь якога быў вылучаны фальварак Аляксандрава.
Першым часам у Аляксандраве пражывалі сельскія працаўнікі. Інтэнсіўнае разьвіцьцё пачалося з пачатку будаўніцтва Варшаўска-Быдгаскай чыгункі. У 1870 і 1900 роках адбылося ўзбуйненьне чыгуначнай станцыі. Паводле зьвестак перапісу 1897 року ў вёсцы пражывалі 2840 чалавек, сярод іх большасьць каталікоў, але былі й прадстаўнікі праваслаўнага, эвангельскага і жыдоўскага вызнаньняў. У 1877 тут збудаваная праваслаўная царква(d), куды прыяжджаў сьвятар з Улацлаўку.
У 1879 року ў Аляксандраве адбылася сустрэча імпэратараў Аляксандра II і Вільгельма I.
У 1880 атрыманы дазвол на будаўніцтва рыма-каталіцкай капліцы. Будаўніцтва сьвятыні(d) скончылася ў 1886 року.
З пачаткам Першай сусьветнай вайны большасьць расейскіх чыноўнікаў зьехалі перад нямецкім наступам. У часе нямецкага абстрэлу царква была пашкоджаная, сродкаў на яе аднаўленьне не знайшлося, і ў 1930—1933 роках будынак разабралі[3].
Дзеля адрозьненьня ад іншых вёсак з тымі самымі назвамі часта да Аляксандрава дадавалі ўдакладненьне «пагранічны» (мясцовасьць знаходзілася на мяжы між расейскім і прускім падзеламі). У 1916 року было вырашана дадаць да назвы прыметнік «Куяўскі». У тым жа годзе нямецкія ўлады надалі Аляксандраву-Куяўскаму статус места.
Пасьля паразы Арміі УНР у Аляксандраве-Куяўскім у сьнежні 1920 року быў адкрыты лягер №6(d) для інтэрнаваных ваяроў Украінскай народнай рэспублікі.
У 1931 року збудаваная сынагога, пры якой дзейнічаў хедэр і рытуальная бойня. У 1937 року ў Аляксандраве жыло каля 1000 жыдоў (10% насельніцтва). У сьнежні 1939 немцы выселілі каля 500 зь іх, большасьць у Варшаву. Яшчэ частка выселеная ў 1940 року, урэшце ўсе яны загінулі пры ліквідацыі Варшаўскага гета. Апошніх жыдоў Аляксандрава вывезьлі 21 красавіка 1942 року ў лягер сьмерці Кульмгоф(d) у Хэлмне над Нэрам. Вайну перажыло каля 100 аляксандраўскіх жыдоў (10% даваеннага стану).
Пад нямецкай акупацыяй у 1943—1945 роках места называлася Вайкзэльштат. 22 студзеня 1945 року пасьля бітвы зь нямецкімі войскамі сюды ўступілі аддзелы 125-га корпусу 47-й арміі I Беларускага фронту Чырвонай арміі.
Частку немцаў, якія не адышлі з прыходам савецкай арміі, утрымлівалі ў лягеры ў Аляксандраве-Куяўскім. Каля 125 зь іх расстралялі ўвесну 1945 року, астатніх разьмеркавалі па прымусовых працах ці перавялі ў канцлягер(d) у Патуліцах, дзе большасьць зь іх загінулі[4].
У 1951 року на плошчы 1 Траўня (цяпер 3 Траўня) усталяваны помнік удзячнасьці Чырвонай арміі[5]. У 1990 року ён знесены, замест яго ўсталяваны помнік з нагоды 200-годзьдзя ўхваленьня Канстытуцыі 3 траўня[6].
Да 1975 року Аляксандраў быў цэнтрам павету ў Быдгаскім ваяводзтве, у 1975—1998 роках — ва Ўлацлаўскім ваяводзтве. З 1999 року — цэнтар Аляксандраўскага павету Куяўска-Паморскага ваяводзтва.
Паводле стану на 2022 сьнежня 31 року места мела 11 536 жыхароў[7].
Дэмаграфічная структура жыхароў Аляксандрава-Куяўскага паводле зьвестак 31 сьнежня 2022[7]:
Апісаньне | Агулам | Мужчыны | Жанчыны | |||
---|---|---|---|---|---|---|
адзінка | асоб | % | асоб | % | асоб | % |
насельніцтва | 11 536 | 100 | 5476 | 47,47 | 6060 | 52,53 |
шчыльнасьць (жых./км²) |
1595,6 | 757,4 | 838,2 |
Аляксандраў-Куяўскі — цэнтар мэталюргічнай, паліграфічнай і спажывецкай прамысловасьці. Дзейнічае вытворчасьць плястмасаў, керамікі, драўніны.
Празь места праходзіць дарога 266 Конін — Сампольна — Пётркаў-Куяўскі — Радзееў — Аляксандраў-Куяўскі — Цехацінак. Каля места праходзяць дарогі 250 і 91 Гданьск — Торунь — Улацлавак — Лодзь — Катавіцы — Цешын.
Дзейнічае чыгуначная станцыя на лініі Кутна — Піла.
Асноўныя цікавосткі — чыгуначны вакзал, у якім 4 верасьня 1879 року адбылася сустрэча расейскага і нямецкага імпэратараў Аляксандра II і Вільгельма I, а таксама нэагатычны касьцёл Перамяненьня Божага 1882—1886 рокаў (разбудаваны да 1899).