Амо́німы, таксама — гамонімы, аднагу́чнікі[1] (па-старажытнагрэцку: ὁμός — аднолькавы + ὄνομα — імя) — розныя па значэньні, але аднолькавыя па напісаньні адзінкі мовы (словы, марфэмы і інш.). Тэрмін уведзены Арыстотэлем. Ня варта блытаць з амафонамі і паронімамі.
- Лексычныя амонімы — словы, аднолькавыя па гучаньні і напісаньні ва ўсіх (ці большасьці) формах, гэта словы адной часьціны мовы (бабка — старая жанчына, бабка — страва з дранай бульбы).
- Марфалягічныя амонімы (амаформы) — словы, што супадаюць гучаньнем і напісаньнем толькі ў асобных граматычных формах. Як правіла, гэта словы розных часьцінаў мовы (паўтары тоны — паўтары верш).
- Фанэтычныя амонімы (амафоны) — словы з аднолькавым гучаньнем, але розныя па напісаньні і значэньні. Яны выступаюць як амонімы толькі ў вуснай мове (грып — грыб, плод — плот).
- Амографы — словы, якія аднолькава пішуцца, але адрозьніваюцца значэньнем і гучаньнем (мука́ — му́ка).
Амонімы ўзьнікаюць у мове рознымі шляхамі:
- у выніку распаду мнагазначнасьці (полісэміі) і адрыву слова ад яго першапачатковага значэньня.
- пры супадзеньні гучаньня і напісаньня спрадвечнабеларускіх і іншамоўных словаў.
- пры супадзеньні гучаньня і напісаньня словаў, запазычаных з розных моваў.
- пры гукавым супадзеньні словаў, запазычаных з адной мовы, дзе яны ўжо былі аманімічнымі.