Амсьціслаў лац. Amścisłaŭ | |||||
Касьцёл кармэлітаў і Замкавая гара | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1135 | ||||
Магдэбурскае права: | 16 жніўня 1634 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Магілёўская | ||||
Раён: | Амсьціслаўскі | ||||
Вышыня: | 203 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 10 343 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2240 | ||||
Паштовыя індэксы: | 213470, 213472, 213452, 213453 | ||||
СААТА: | 7246501000 | ||||
Нумарны знак: | 6 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°1′10.6″ пн. ш. 31°43′28.9″ у. д. / 54.019611° пн. ш. 31.724694° у. д.Каардынаты: 54°1′10.6″ пн. ш. 31°43′28.9″ у. д. / 54.019611° пн. ш. 31.724694° у. д. | ||||
± Амсьціслаў | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Амсьці́слаў — места ў Беларусі, на рацэ Віхры. Адміністрацыйны цэнтар Амсьціслаўскага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 10 343 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 95 км ад Магілёва, за 19 км ад чыгуначнай станцыі Ходасы (лінія Ворша — Крычаў). Вузел аўтамабільных дарог на Магілёў, Горкі, Крычаў, Чавусы, Хаславічы.
Амсьціслаў — магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся гарадзішчы Дзявочая і Замкавая горы, фрагмэнты даўняга Тупічэўскага манастыра (зруйнаваны савецкімі ўладамі), барокавы комплекс езуіцкага калегіюма з касьцёлам Сьвятога Міхала, клясыцыстычныя Траецкая і Спаская цэрквы і перабудаваны расейскімі ўладамі пад мураўёўку колішні касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі Анёльскай пры кляштары бэрнардынаў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаецца касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі пры кляштары кармэлітаў, помнік архітэктуры віленскага барока з унікальнымі фрэскамі, прысьвечанымі гвалту над мірным насельніцтвам з боку маскоўскіх захопнікаў у 1654 годзе. Гэты і іншыя архітэктурныя помнікі Амсьціслава з савецкіх часоў знаходзяцца ў занядбаным стане і патрабуюць неадкладнай кансэрвацыі і рэстаўрацыі.
Тапонім Амсьціслаў утварыўся ад імя Мсьціслаў (імаверна, ад асновы мост — масьціць)[2]. Летапісны заснавальнік места, князь смаленскі Расьціслаў Мсьціславіч, унук Уладзімера Манамаха, ушанаваў у ягонай назьве памяць пра свайго бацьку Мсьціслава Вялікага[3]. Варыянты напісаньня назвы ў гістарычных крыніцах: Мстислав, Мстиславль. Варыянт лацінскага напісаньня назвы места на мапе 1695 году — Mscislau.
У сучаснай беларускай мове (клясычны правапіс) старадаўні тапонім і вытворны ад яго прыметнік аформіўся з устаўным галосным «а»: Амсьціслаў — амсьціслаўскі[4], што адпавядае традыцыйнаму вымаўленьню мясцовых жыхароў[5][6]. Цяперашняе афіцыйнае напісаньне назвы места — Мсціслаў, тым часам у нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» форма Амсціслаў фіксуецца як варыянтная. Гэта значыць, што пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа стаць нарматыўнай. Мовазнаўца Валянціна Лемцюгова зьвяртае ўвагу на тое, што форма Амсьціслаў адлюстроўвае адну з характэрных фанэтычна-артаграфічных асаблівасьцяў беларускай мовы (наяўнасьць прыстаўных галосных) і таму зусім заканамерна можа прэтэндаваць на нарматыўную[7]. Разам з тым яна аддае перавагу форме Мсьціслаў з прычыны большай блізкасьці да старажытнай марфалягічнай формы (Мстиславль), што дазваляе рэканструяваць паходжаньне назвы места. Тым часам мовазнаўца Вінцук Вячорка паказвае, што зьбег зычных у пачатку назвы ўсё ж вымагае прыстаўнога галоснага — дзеля мілагучнасьці і зручнасьці вымаўленьня. У якасьці абгрунтаваньня слушнасьці назвы Амсьціслаў ён прыводзіць наяўную ў мясцовых гаворках спрошчаную форму Амці́слаў, прытым гэтая форма (як і асноўная назва Амсьціслаў) ужываецца незалежна ад таго, на які гук (зычны або галосны) сканчаецца папярэдняе слова[8].
Першы пісьмовы ўпамін пра Амсьціслаў зьмяшчаецца ў грамаце князя смаленскага Расьціслава, якая датуецца 1136—1150 гадамі[9], хоць у пазьнейшай летапіснай крыніцы падаецца больш раньняя дата заснаваньня паселішча — 1135 год[3].
Пад 1156 годам Амсьціслаў упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе як горад Смаленскага княства. Старажытнае паселішча ўзьнікла на Замкавай гары (дасьледнікі ў 1959—1969 гадох выявілі тут культурны пласт з прадметамі ХІІ—XVІІ стагодзьдзяў, драўлянымі пабудовамі, маставымі) і складалася з замка, умацаванага ровам і валамі, і вакольнага места. У 2-й палове ХІІ ст. Амсьціслаў, імаверна, быў другой рэзыдэнцыяй смаленскіх князёў. У 1180 годзе Раман Расьціслававіч адпісаў паселішча ў валоданьне свайму сыну Мсьціславу, які пераўтварыў яго ў сталіцу ўдзельнага княства. Расьціслаў Раманавіч — першы князь амсьціслаўскі.
У сярэдзіне XІV ст.[9] вялікі князь Альгерд выдзяліў Амсьціслаў з Смаленскага княства і далучыў да Вялікага Княства Літоўскага, дзе места засталося ў валоданьні тутэйшай княскай дынастыі. Тагачаснае Амсьціслаўскае княства яднала ў сваім складзе воласьці ўздоўж сярэдняй плыні Сажа і Дняпра: Магілёў, Цяцерын, Княжыцы, Дрокаў, Крычаў, Папова Гара і Мглін, а таксама далучаную Вітаўтам воласьць Малохву ўздоўж правага берага ракі Віхры і яе прытока Малохвы.
У XІV—XV стагодзьдзяў Амсьціслаў быў гандлёва-рамесным цэнтрам, цесна зьвязаным эканамічна з Магілёвам, Вільняй, Кракавам, Ноўгарадам, Разаньню і іншымі местамі. У 1359 годзе вялікі князь Альгерд пасадзіў у Амсьціславе свайго намесьніка, а пазьней перадаў места свайму сыну Лугвену, заснавальніку роду князёў Мсьціслаўскіх[9]. У 1386 годзе каля места адбылася бітва на рацэ Віхры(be). 15 ліпеня 1410 году мясцовая харугва ўзяла ўдзел у Грунвальдзкай бітве.
У 1501 годзе пад Амсьціславам адбылася бітва паміж войскамі ВКЛ і Масковіі, у якой перамогу атрымалі маскоўскія войскі. Апошнія, аднак, ня здолелі захапіць горад. На той жа час прыпадае згасаньне роду Лугвенавічаў, а Амсьціслаўскае княжаньне праз шлюбныя зьвязкі перайшло да заслаўскіх князёў. З 1527[9] году Амсьціслаў праз згасаньне роду Заслаўскіх перайшоў у валоданьне вялікага князя Жыгімонта Аўгуста і стаў цэнтрам староства. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў места атрымала статус сталіцы Амсьціслаўскага ваяводзтва, у склад якога ўвайшла тэрыторыя колішняга Амсьціслаўскага княства, Крычаўскай воласьці і прыватных маёнткаў, папярэдне вылучаных зь іхнага складу[10]. У 1614 годзе ў Амсьціславе збудавалі першы касьцёл з фундацыі старосты Пятра Паца.
16 жніўня 1634 году кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Амсьціславу Магдэбурскае права і мескі герб: «у залатым полі збройная рука зь мечам — Малая Пагоня»[11]. У 1637 годзе насупраць Замкавай гары збудавалі касьцёл і кляштар кармэлітаў, з 1654 году пачаў дзеяць кляштарны комплекс дамініканаў. У 1641 годзе непадалёк ад Амсьціслава браты Маскевічы заснавалі Тупічэўскі мужчынскі манастыр. У 1690 годзе ў месьце зьявіліся езуіты, якія заснавалі тут місію, пазьней — рэзыдэнцыю і калегіюм[9].
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Амсьціслава і ваколіцаў ліцьвінамі: «литвин мстисловец Юря Телега» (1609—1610 гады)[12], «…Матюшка [Михайлов] в роспросе сказался: родом он литвин[a], белорусец Мстиславского повету <…> жена его Полашка сказалась: родом литовка, белоруска Мстиславского ж повету» (1631 год)[15], «литвин Куземка Головач… шляхтич… Мстиславского повету» (1632 год)[16], «…литвин — белорусец Степан Голынский <…> Мстиславского повету» (1633 год)[17], «литвин… Андрюшка Петров, купец мстисловец» (1644 год)[18]. Паводле каталёгу студэнтаў Грэцкай калегіі ў Рыме, Аўгустын Тамашэўскі азначаецца як Lithuanus, Mscislavia (1780 год)[19].
22 ліпеня 1654 году ў пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай маскоўскія захопнікі на чале з А. Трубяцкім учынілі ў Амсьціславе крывавы гвалт, у выніку якога загінулі амаль 15 000 чалавек, у жывых засталіся толькі каля 700 месьцічаў[20]. Места знаходзілася пад акупацыяй да 1661 году. Па вайне Амсьціслаў надоўга заняпаў і больш ніколі не дасягнуў былой велічы.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Амсьціслаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам правінцыі (з 1773 году цэнтар павету Магілёўскай губэрні). У гэты час тут дзеялі 6 мураваных цэркваў, 4 каталіцкія кляштары і адна драўляная царква. У 1781 годзе расейскія ўлады даравалі месту новы герб: у ніжняй часцы шчыта знаходзілася выява чырвонай лісіцы «якіх зьвяроў у ваколіцах гэтага места вельмі шмат маецца» (рас. каковыми зверьми окрестности сего города весьма изобилуют), у верхняй частцы — палова гербу Расейскай імпэрыі, аднак у 1797 годзе імпэратрыца расейская Кацярына II унесла зьмены ў герб: «чырвоны воўк галава ўлева» (рас. червлёный волк голова влево). На 1785 год у Амсьціславе было 502 двары, у 1791 годзе адкрылася шляхецкая, а ў 1810 годзе — духоўная вучэльня. У 1802 годзе ў месьце збудавалі сьвечкавы завод.
На 1852 год у Амсьціславе працавалі расейскія двухклясная народная вучэльня, дваранская вучэльня, прыватная жаночая школа і 2 жыдоўскія вучэльні. У 1861 годзе працавалі вапнавы завод (з 1830 году), 2 плісавыя мануфактуры, фабрыка баваўняных тканін (з 1833 году) і крупадзёка, з 1865 году пачала працаваць гарбарня, з 1867 году — цагельня, з 1874 году — маслабойня. Дзеяла паштовая станцыя на тракце Ворша — Клімавічы — Касьцюковічы, якая ў 1880 годзе мела 10 коней. У 1883 годзе адкрылася тэлеграфная станцыя, працавалі 136 крамаў, штогод праводзіліся 4 кірмашы.
Паводле перапісу 1897 году, у Амсьціславе дзеялі меская, духоўная і прыходзкая вучэльні, 17 дробных прадпрыемстваў, 3 лякарні. На 1914 год тут было 1048 будынкаў, зь іх 25 — мураваныя, працавалі 28 фабрыкаў і заводаў з агульнай колькасьцю ў 120 работнікаў, якія перапрацоўвалі сельскагаспадарчую сыравіну (вінакурня, паравы і вадзяны млыны, крупадзёрні, маслабойні, ваўначоска, мылаварня, цагляныя і ваннавыя прадпрыемствы, шкіпідарна-дзягцярны завод). У месьце была адна лякарня на 28 месцаў, амбуляторыя, аптэка, тры аптэкарскіх магазыны, 3 лекары, 4 аптэкары, 6 акушэрак і 6 фэльчараў на ўвесь павет. Колькасьцю шынкоў Амсьціслаў займаў другое месца ў губэрні пасьля Магілёва. Места асьвятлялася 82 газавымі ліхтарамі, вадой жыхары карысталіся з ракі і студняў. У 1899—1900 гадох выходзіла штотыднёвая газэта «Белорусский Комиссионер», у 1902 годзе — газэта «Белорусский корреспондент».
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Амсьціслаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1920 годзе газэта Наша Ніва пісала, што ў Амсьціслаўскім павеце дзее партызанскі аддзел, які змагаецца за незалежнасьць Беларусі[21].
У 1924 годзе Амсьціслаў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну Калінінскай акругі (з 1938 году ў Магілёўскай вобласьці). У 1928 годзе ў месьце збудавалі электрастанцыю. У 1930-я гады ў Амсьціславе працавалі пэдагагічны і фінансавы тэхнікумы, 4 сярэднія школы і школа-сямігодка, рэспубліканская школа слыху і мовы, школа працоўнай моладзі, 2-гадовая сярэдняя школа пэрсаналу, школа брыгадзіраў трактарных брыгадаў, раённая школа жывёлаводаў, дашкольная ўстанова, 3 дзіцячыя дамы, лякарня, амбуляторыя, аптэка, дзіцячы-жаночая кансультацыя, станцыі санітарна-эпідэмічнай і хуткай дапамогі, вэтэрырная лячэбніца, бібліятэка, дом культуры, клюбы, гістарычны і пэдагагічны музэі. У Другую сусьветную вайну з 14 ліпеня 1941 да 28 верасьня 1943 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
2 сьнежня 2000 году на чарговым паседжаньні ўлады Амсьціслава зацьвердзілі герб места і раёну, распрацаваны Дзяржаўнай геральдычнай службай.
У Амсьціславе працуюць ліцэй, каледж, 2 сярэднія, спартовая, некалькі спэцыялізаваных школ, школа мастацтваў імя М. Чуркіна.
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць лякарня і паліклініка.
Дзеюць раённы цэнтар культуры і народнай творчасьці, раённы дом рамёстваў, 2 бібліятэкі (цэнтральная і дзіцячая), раённы навукова-мэтадычны цэнтар. З 2001 году ў месьце штогод праходзіць Беларускі фэст камэрнай музыкі.
У Амсьціславе захаваўся гістарычны плян, у структуру якога ўваходзяць помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў, а таксама помнікі археалёгіі (Траецкая, Замкавая і Дзявочая горы). Забудова галоўнай восі — 2—3-павярховыя дамы, цэнтру — 2—5-павярховыя. На вольных тэрыторыях уздоўж Магілёўскай шашы ўзводзяцца шматпавярховыя будынкі. У 1985 годзе зьявіўся праект рэгенэрацыі гістарычнага цэнтру, які прадугледжвае захаваньне старога пляну, яго рэканструкцыю з мэтай наданьня месту значэньня турыстычнага цэнтру.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Варашылава вуліца | Шамаўская вуліца |
Калініна вуліца | Красная вуліца |
Камсамольская вуліца | Бэрнардынская вуліца |
Камунарная вуліца | Манастырская вуліца |
Карла Маркса вуліца | Правальная-Слабадзкая вуліца |
Кірава вуліца | Кармэліцкая вуліца |
Леніна вуліца | Кіеўская вуліца |
Пралетарская вуліца | Смаленская вуліца |
Рэспубліканская вуліца | Пустынская вуліца |
Савецкая вуліца | Парадная вуліца |
Урыцкага вуліца | Пірагоўская вуліца |
Юрчанкі вуліца | Спаская вуліца[b] |
З урбананімічнай спадчыны Амсьціславу да нашага часу гістарычныя назвы часткова захавалі вуліцы Кармэліцкая і Пірагоўская (афіцыйна гэтыя назвы вярнулі 2 верасьня 2016 году[31]). Гістарычны Рынак атрымаў назву ў гонар Пятра Мсьціслаўца.
Прадпрыемствы харчовай, лёгкай прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Амсьціслава |
---|
|
Дзее Амсьціслаўскі гістарычна-археалягічны музэй. З 2008 году ў месьце штогод праводзіцца сьвята сярэднявечнай культуры — «Рыцарскі фэст». Спыніцца можна ў мескім гатэлі.
У ХІІ—ХІХ стагодзьдзях Амсьціслаў стаў буйным цэнтрам ганчарных рамёстваў і архітэктурна-дэкаратыўнай керамікі[32].
Помнікі: Пятру Мсьціслаўцу (1986 год, каля езуіцкага касьцёла; 2001 год, на гістарычным Рынку)
Каля падножжа Замкавай гары знаходзіцца крыніца Кагальны калодзеж — гідралягічны помнік прыроды мясцовага значэньня.
Пералік местаў-сяброў Амсьціслава |
---|
|