Аналіз крыві

Аналіз крыві — вызначэньне колькасна-якаснага складу крыві дзеля дыягностыкі.

Агульны аналіз робяць па валасьніковай крыві з пальца. Забор крыві ажыцьцяўляюць раніцай нашча. Агульны аналіз крыві ўлучае зьвесткі пра колькасьць эрытрацытаў, трамбацытаў, гемаглябіну, лейкацытаў і суадносінах іх відаў, а таксама пра каляровы паказьнік і згусальнасьць крыві. Біяхімічны аналіз робяць зь вены дзеля дыягназу пры атручаньні і гіпавітамінозе, хваробах нырак і падстраўнікавай залозы, печані і сэрца[1].

Да забору крыві:

  1. не прымаюць ежу прынамсі 8 гадзінаў, каб здаць яе ранкам нашча;
  2. устрыміваюцца ад ужываньня алькаголю і тытуню;
  3. не прымаюць лекаў;
  4. прачынаюцца раніцай прынамсі за гадзіну да здачы крыві;
  5. не праводзяць фізыятэрапіі і іншых дасьледаваньняў[1].
  • Гемаглябін. Пераносіць тлен ад органаў дыханьня да тканак і вуглякіслы газ ад тканак да дыхальных шляхоў. Норма для жанчынаў — 120—140 грам/літар крыві, а для мужчынаў — 130—160 грам/літар. Зьмяншэньне засяроджаньня ў крыві назіраецца пры малакроўі і страце крыві, нястачы і нізкай засваяльнасьці жалеза, вітаміну Б12 (кабаламін) і фоліевай кісьлі.
    • Каляровы паказьнік. Выяўляе сярэднюю колькасьць гемаглябіну на эрытрацыт. Норма — 0,85—1,15. Мае значэньне пры выяўленьні віду малакроўя.
  • Эрытрацыты. Утвараюцца ў шпіку. Норма ў жанчынаў — 3,7—4,7 млн на мікралітар, а ў мужчынаў — 4—5 млн на мікралітар. Павелічэньне колькасьці адзначаецца пры павышаным узроўні гемаглябіну падчас хваробы. Зьніжэньне іх узроўню адбываецца пры лейкозе, міеломнай хваробе і раку шпіка. Іх узмоцнены распад абумоўлены гемалітычным малакроўем і крывацёкам, нястачай жалеза і вітаміну Б12.
    • Хуткасьць асяданьня эрытрацытаў (ХАЭ). Норма ў мужчынаў — 1—10 мілімэтраў/гадзіна, а ў жанчынаў — 2—15 мм/гадзіна. Паскарэньне асяданьня сьведчыць пра хваробу.
  • Трамбацыты. Удзельнічаюць у згусальнасьці крыві. Іх прыпадае 180—320 тыс. на мікралітар крыві. Зьмяншэньне колькасьць вядзе да кроватачывасьці пры хваробе і месячных.
  • Лейкацыты. Паглынаюць бактэрыі і мёртвыя вузы. Выпрацоўваюць антыцелы. Здаровая колькасьць складае 4—9 тыс. на мікралітар крыві. У норме разьмяркоўваюцца на: сэгмэнтаядзерныя нэўтрафілы — 47—72 %, лімфацыты — 19—37 %, монацыты — 3—11 %, палачкаядзерныя нэўтрафілы — 1—6 %, эазінафілы — 0,5—5 % і базафілы — 0,1 %. Павелічэньне колькасьці адбываецца пры страваваньні і цяжарнасьці, а таксама пры алергіі і атручаньні, запаленьні і інфэкцыі, тленавым галаданьні, хваробе крыві і раку. Зьмяншэньне колькасьці адначаецца пры прамянёвым паражэньні, дотыку да бэнзолу і мыш'яку, прыёме антыбіётыкаў, сульфаніламідаў і цытастатычных лекаў. Таксама ўзьнікае пры інфэкцыі і хваробе крыві.
  • Згусальнасьць крыві. Вызначаецца працягласьцю крывацёку з паверхневага праколу і надрэзу скуры. Норма для крывацёку складае 1—4 хвіліны. Таксама ахоплівае час згусаньня ад сутыкненьня крыві з чужароднай паверхняй да ўтварэньня згустку. Норма для згусаньня — 6—10 хвілінаў[1].
Нормы агульнага аналізу крыві ў дарослых[1]
Паказьнік Жанчына Мужчына
Гемаглябін (грам/літар) 120—140 130—160
Эрытрацыты (трлн/літар) 3,7—4,7 4—5,1
Каляровы паказьнік 0,85—1,15
Рэтыкулацыты 0,2—1,2 %
Трамбацыты (млрд/літар) 180—320
Хуткасьць асяданьня эрытрацытаў (ХАЭ, мм/гадзіна) 2—15 1—10
Лейкацыты (млрд/літар) 4—9
Формула крыві сэгмэнтаядзерныя нэўтрафілы 47—72 %, лімфацыты 18—40 %, монацыты 2—9 %, палачкаядзерныя нэўтрафілы 1—6 %, эазінафілы — 0—5 % і базафілы 0—1 %
  1. ^ а б в г д Сьвятлана Барысенка. І агульны, і біяхімічны // Зьвязда : газэта. — 18 сакавіка 2014. — № 49 (27659). — С. 4. — ISSN 1990-763x.