Арфэй

Арфэ́й (па-старажытнагрэцку: Ὀρφεύς) — адзін з найбольш папулярных герояў старажытнагрэцкай міталёгіі, таленавіты музыкант, арганаўт, заснавальнік рэлігійных арфічных містэрый.

У старажытнагрэцкай міталёгіі Арфэй лічыўся сынам фракійскага рачнога бога Эагра (па іншай вэрсыі — Апалёна) і музы Каліёпы[1]. Грэцкія лагаграфы сьцьвярджалі, што Арфэй паходзіў з Тракіі й жыў за 11 пакаленьняў да Траянскай вайны. Эліністычныя аўтары падлічылі, што мітычны Арфэй сутыкаецца з прадстаўнікамі некалькіх пакаленьняў, таму прапанавалі вэрсыю, што ў мінулым існавала некалькі герояў зь імем Арфэй.

У грэцкім мастацтве Арфэй першапачаткова маляваўся ў лёгкай вопратцы, з арфай, часам у фракійскіх ботах. Зь ІV ст. да н. э. вядомы выявы Арфэя ў фрыгійскім капелюшы. У адным зь мітаў выступаў як настаўнік Мідаса, валадара Фрыгіі[2].

У старажытнагрэцкай міталёгіі вобраз Арфэя шчыльна зьвязаны з Апалёнам (чыім каханым ён быў[3] і якога герой шанаваў як бога сонца), а таксама з бажаствамі сьмерці[4]. Але ў клясычную пару́ Арфэй успрымаўся перадусім як таленавіты музыкант. Лічылася, што арфу вынайшаў Гермэс, але Арфэй удасканаліў яе. Яго музыка зачароўвала людзей, багоў, жывёлаў, расьліны й нават скалы. Сваё дзяцінства ён правёў у Піплеі каля гары Алімп.

Згодна паданьню, першую залатую арфу Арфэй атрымаў ад Апалёна[5]. Яго маці, муза Каліёпа, навучыла хлопчыка складаць вершы й сьпяваць. У пазьнейшы пэрыяд таксама сьцьвярджалася, што Арфэй жыў і вучыўся ў Эгіпце[6].

Удзел у экспэдыцыі «Арго»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Арфэй зьяўляўся адным з арганаўтаў, герояў, якія на чале Ясона на караблі «Арго» адправіліся з Грэцыі ў Калхіду на пошукі залатога руна. Яго ўнёсак у экспэдыцыю выявіўся падчас сутычкі зь сірэнамі, якія прыгожымі сьпевамі вабілі маракоў да скал. Арфэй пачаў іграць на арфе, каб заглушыць небясьпечныя сьпевы. Толькі адзін з арганаўтаў паддаўся спакусе й скочыў за борт[7]. Цікава, што адна з найстаражытнейшых выяў Арфея ў Дэльфах — гэта барэльеф, на якім Арфэй выступае як арганаўт.

Жонкай Арфэя стала дрыяда Эўрыдыка. Але іх шлюб быў кароткім. Калі маладая жанчына басанож ішла разам зь іншымі дзяўчынамі, яе укусіла зьмяя. Эўрыдыка памерла. Арфэй вырашыў выратаваць каханую й спусьціўся ў замагільны сьвет, дзе кіравалі Аід і Пэрсэфона.

Багі замагільнага сьвету спакусіліся на прыгожы сьпеў Арфэя й дазволілі яму забраць Эўрыдыку ў сьвет жывых. Але пры гэтым паставілі ўмову, што цень Эўрыдыкі будзе ісьці за Арфэям, а ён ні воднага разу не азірнецца. Падчас вандроўкі назад Арфэй вырашыў пераканацца, ці разам зь ім яго жонка. Ён азірнуўся й толькі пасьпеў пабачыць зманлівы сілуэт. Эўрыдыка разьвіталася й зьнікла.

Багі адмовілі Арфэю спускацца ў замагільны сьвет яшчэ раз. Ён вярнуўся самотным і адправіўся блукаць па палёх Тракіі[8]. Паводле Авідзія, пасьля канчатковай страты Эўрыдзікі расчараваўся ў жаночым каханьні й навучыў фракійцаў каханьню да юнакоў[9].

У міталёгіі існуе некалькі вэрсый сьмерці Арфэя. Найбольш папулярная апавядае пра тое, што ён быў разадраны вакханкамі — прыхільніцамі Дыёніса, ці то за тое, што адмаўляўся шанаваць бога віна (як і ўсіх астатніх багоў, акрамя Апалёна), ці то за тое, што адмовіўся ўдзельнічаць у іх рытуалах. Вакханкі былі пакараны Дыянісам. З тых часоў тракійскія жанчыны былі вымушаны татуіраваць сваё цела. У іншых вэрсыях, Арфэй загінуў ад маланкі альбо скончыў жыцьцё самазабойствам, каб злучыцца з Эўрыдыкай. Зэўс ў памяць аб Арфэі памясьціў яго музычны інструмэнт на неба. Так узьнікла сузор’е Ліра. Сам Арфэй атаясамляўся з сузор’ем Лебедзь.

У Старажытнай Грэцыі Арфэй лічыўся заснавальнікам (або прысьвечаным) самафракійскіх містэрый.

Паводле паданьня, яго галава, адарваная вакханкамі, спусьцілася па рацэ да мора. Хвалі прыбілі яе да вострава Лесбас, дзе быў заснаваны ў яго гонар храм Апалона. У ім галава Арфэя выконвала функцыі аракула.

У VІ — V стст. да н. э. у Старажытнай Грэцыі ўзьнікла містычнае вучэньне — арфэізм, заснаваньне якога таксама прыпісвалася Арфэю. Арфэісты верылі ў адплату за добрыя ўчынкі ў замагільным сьвеце, параўноўвалі чалавечае цела з пасудзінай, у якой пакутуе душа, сваіх рэлігійных правадыроў яны называлі добрымі пастырамі [10]. Лічыцца, што арфэізм адыграў значную ролю ў разьвіцьці старажытнагрэцкай філязофіі, а таксама мог аказаць значнае ўзьдзеяньне на раньняе хрысьціянства.

  1. ^ ORPHEFS — ΟΡΦΕΥΣ
  2. ^ MIDAS
  3. ^ Псевдо-Климент Римский. Гомилии V 15 // Лосев А. Ф. Мифология греков и римлян. М., 1996. С.431; Лихт Г. Сексуальная жизнь в Древней Греции. М., 2003. С.397
  4. ^ Цікава, што ў мітычным вобразе Апалона таксама меліся некаторыя хтанічныя рысы. Гл. Kate Rayment, Phoebus Apollo: God of the Sun Архівавана 10 чэрвеня 2013. і Delphi
  5. ^ britannica.com
  6. ^ Ann Wroe, Orpheus: the Song of Life Архівавана 23 верасня 2020.
  7. ^ Greek Myths: Orpheus
  8. ^ The story of Orpheus and Eurydice, as told by Apollonius of Rhodes, Virgil and Ovid (and retold by Edith Hamilton in Mythology)
  9. ^ Авідзій. Метамарфозы X:83-84; Гігін. Астраномія II 7, 3