Архілёх

Архілёх
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 688 да н. э.[1]
Памёр каля 645 да н. э.
Бацькі Тэлесыкль[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, пісьменьнік, эпіграматыст, элегіст
Жанр ямбічная паэзія[d][2]
Мова старажытнагрэцкая мова[3]

Архілёх (па-старажытнагрэцку: Ἀρχίλοχος) — старажытнагрэцкі паэт (VII ст. да н.э.). Першы эўрапейскі лірык[4].

Нарадзіўся на востраве Парас ад вольнага бацькі і рабыні-маці, балюча перажываў сваё двухсэнсоўнае становішча, і гэта наклала адбітак на яго характар, на жыцьцёвы лёс і, урэшце, на паэзію. Закахаўся ў Нэабулу, бацька якой спачатку абяцаў дачку Архілёху, а затым адмовіў. У далейшым паэт жорстка адпомсьціў сваёй былой каханай, высьмеяўшы яе ў сваіх вершах. А вершы сьведчаць пра яго як чалавека бурнага тэмпэрамэнту, што ня ведаў межаў ні ў каханьні, ні ў нянавісьці. Пасьля расчараваньня ў любімай дзяўчыне Архілёх пакідае родны востраў і адпраўляецца насустрач прыгодам — шукаць золата, служыць у войску. Усё жыцьцё ён праводзіць у войнах і блуканьнях. Загінуў прыкладна каля 640 г. да н.э.

Архілёх — першая індывідуальнасьць у грэцкай літаратуры, што ярка выявіла сябе. Браў за ўзор паэзію Гамэра, але супрацьпастаўляў эпічнаму ідэалу вобраз індывідуалізаванага чалавека. Творчасьць Архілёха адметная разнастайнасьцю жанраў і рытмаў. У яго сатырычных ямбах, элегіях, эпіграмах, гімнах (захаваліся ва ўрыўках) — роздум пра зьменлівасьць лёсу, гонар, доблесьць, пасьмяротную славу.

Яго творчасьць сьведчыла, што эпоха гамэраўскіх герояў скончылася. У новых абставінах — міжусобіц, войнаў, распаду родавых, сямейных сувязей — асоба імкнулася знайсьці сваё месца ў сьвеце, выявіць свой дух. 3 нябачнай да таго сілай Архілёх перадаў у вершах парывы няспраўджанай палкасьці, прыступы саркастычнай помсьлівасьці, гатоўнасьць пераносіць удары лёсу. Ён адмовіўся ад старых вершаваных памераў — гекзаметру, пэнтаметру — і зьвярнуўся да формаў народнай паэзіі, увёўшы ў прыгожае пісьменства нязвыклы для яго памер — ямб. 3 таго часу ямб — адна з самых распаўсюджаных формаў эўрапейскага вершаскладаньня.

На радзіме ў гонар Архілёха было пабудавана сьвяцілішча (уцалелі рэшткі з надпісамі — біяграфічныя зьвесткі і ўрыўкі зь яго вершаў).

На беларускую мову паэзію Архілёха пераклаў Лявон Баршчэўскі.

Пераклад на беларускую мову

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Вершы і фрагменты. Пераклад Л. Баршчэўскага. Мінск: Зміцер Колас, 2019. («Паэты планеты»).
  1. ^ а б Архилох (рас.) // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. АндреевскийСент-Питерсберг: Брокгауз — Ефрон, 1890. — Т. II. — С. 264.
  2. ^ Праект Пэрсэюс — 1987.
  3. ^ Archilochus // CONOR.SI
  4. ^ Т. Шамякіна (2008)