Асырыс | |
Міталёгія | Рэлігія Старажытнага Эгіпту[d] |
---|---|
Плоць | мужчынская[d] |
Бацька | Геб[d] |
Маці | Нут[d] |
Дзеці | Гор[d] і Анубіс[d][1][2] |
Osiris ў Вікісховішчы |
Асы́рыс (па-лацінску: Osiris) — бог адраджэньня, цар замагільнага сьвету ў старажытнаэгіпэцкай міталёгіі.
Паводле згадваньняў у старажытнаэгіпэцкіх тэкстах і аповеду Плютарха, Асырыс быў старэйшым сынам бога зямлі Геба і багіні неба Нут, братам і мужам Ісыды, братам Нэфтыды, Сэта, бацькам Гора і Анубісу. Ён быў чацьвёртым з богаў, якія кіравалі на зямлі ў старадаўнія часы, пераняўшы ўладу прадзеда Ра, дзеда Шу і бацькі Геба. Магільны склеп Асырыса знаходзіўся ў Абідосе.
Калі Асырыс валадарыў у Эгіпце, ён навучыў людзей земляробству, садоўніцтву і вінаробству, але быў забіты сваім братам, богам Сэтам, які жадаў кіраваць замест яго. Жонка і сястра Асырыса Ісыда знайшла ягоны труп і стала аплакваць яго разам са сваёю сястрою Нэфтыдай. Ра, зьлітаваўшыся, паслаў бога з галавой шакала Анубіса, які сабраў часткі Асырыса, якія рассыпаліся (а па іншым варыянце — расьсечаныя Сэтам) і забальзамаваў цела. Ісыда выляпіла фалас з гліны (адзінаю часткаю цела Асырыса, якую Ісыда так і не змагла знайсьці, быў фалас: яго зьелі рыбы), высьвянціла яго і павялічыла да сабранага цела Асырыса. Ператварыўшыся ў самку каршуна — птушку Хат, Ісыда распластала крылы па муміі Асырыса, прамовіла чароўныя словы і зацяжарыла[3]. Гор і зачаты і народжаны для таго, каб выступіць натуральным мсьціўцам за сьмерць бацькі. У той жа час ён лічыць сябе і адзіным законным спадчыньнікам апошняга.
Пасьля працяглае цяжбы Гор прызнаецца правамоцным пераемнікам Асырыса і атрымлівае царства. Ён уваскрашае Асырыса, даўшы яму праглынуць сваё вока. Аднак Асырыс не вяртаецца на зямлю і застаецца царом мёртвых, пакідаючы Гора кіраваць царствам жывых.
Злучыўшы ў сабе ў розныя часы, з-за розных чыньнікаў, культы цара, бога, які памірае і ўваскрасае, сілаў прыроды, Нілу, быка, Месяцу, замагільнага судзьдзі на страшным судзе, міт пра Асырыса ўвабраў у сябе адлюстраваньне рэлігійных уяўленьняў шэрагу пасьлядоўных этапаў разьвіцьця эгіпэцкага грамадзтва.
Каранямі ж сваімі міт Асырыса глыбока сыходзіць у эпоху радавога грамадзтва, з уяўленьняў і абрадаў якога разьвіваюцца пасьля, у сувязі са зьменаю грамадзкіх адносінаў Эгіпту, і самыя характэрныя рысы культу Асырыса: культ цара і культ бога прадукцыйных сілаў прыроды. Рысы культу бога прадукцыйных сілаў прыроды праступаюць у міту Асырыса вельмі ясна.
Карона, якую носіць Асырыс, зроблена са сьцёблаў папірусу, ягоная сьвятая ладзьдзя таксама зроблена з гэтай расьліны. Ягоны знак джэд складаецца з устаўленых адна ў адну зьвязкаў трысьнягу. Далей, Асырыс заўсёды малюецца з той ці іншай расьлінаю: з сажалкі перад яго пасадам расьце ці лотас ці шэраг дрэў і вінаградная лаза; часам вінаградам абкружае і ўвесь полаг, пад якім сядзіць Асырыс; часам яго самога абкружаюць вінаградныя лозы.
Сапраўды гэтак жа і магільня Асырыса не малюецца безь зеляніны: то побач зь ёю расьце дрэва, на якім сядзіць душа Асырыса ў выглядзе фэнікса; тое дрэва прарасло праз магільню, абвіўшы яе сваімі галінамі й каранямі; то з самае магільні растуць чатыры дрэва.
У Цыкле Асырыса Анубіс быў сынам Асырыса і Нефтыды.[4][5][6][7][8] Жонка Сэта Нефтыда закахалася ў Асырыса і, прыняўшы аблічча Ісіды, спакусіла яго. У выніку нарадзіўся бог Анубіс. Спалохаўшыся адплаты Сэта за здраду, Нефтыда кінула немаўля ў чаротавых зарасьніках, дзе яго потам знайшла багіня Ісіда. Пасьля бог Анубіс стаў дапамагаць Ісідзе ў пошуках часткаў Асырыса і прыняў удзел у бальзамаваньні ягонага ўзноўленага цела.
Да зьяўленьня культу Асырыса Анубіс быў галоўным бажаством Захаду. З росквітам культу Асырыса эпітэт кіраўніка Дуата і некаторыя функцыі Анубіса пераходзяць непасрэдна да бога Асырыса (у Старым Царстве ён увасабляў памерлага фараона). Сам жа Анубіс становіцца правадыром памерлых па Аменці (стар.-эг. «Захад») — вобласьць Дуата, празь якую душа трапляла на Суд Асырыса.
Анубіс зьяўляўся богам Дуата, яго кіраўніком і судзьдзём душаў памерлых да канца Старога Царства. Пазьней функцыі кіраўніка і галоўнага бога Дуата пераходзяць да Асырыса. Анубіс жа становіцца богам нэкропаляў і пахавальных містэрыяў. На Судзе Асырыса, апісаным у Кнізе Мёртвых Анубіс дапамагае судзіць душы памерлых.
Неаднаразова згадваецца антычнымі аўтарамі[9]. Паводле Герадота, гэта бог, якога эгіпцяне атаясамляюць з грэцкім Дыянісам[10]. Дыядор адзначае яго сувязь з Прыяпам[11]. Паводле Тыбула, Асырыс першым зрабіў плуг і навучыў людзей земляробству[12].