Аўгуст Сас лац. Aŭgust Sas | |
Кароль польскі і вялікі князь літоўскі | |
---|---|
1733 — 1763 | |
Папярэднік | Станіслаў Ляшчынскі |
Наступнік | Станіслаў Аўгуст Панятоўскі |
Курфюрст саксонскі | |
1733 — 1763 | |
Папярэднік | Аўгуст Моцны |
Наступнік | Фрыдрых Хрысьціян |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 17 кастрычніка 1696, Дрэздэн |
Памёр | 5 кастрычніка 1763 (66 гадоў), |
Сужэнец | Марыя Юзэфа фон Габсбург |
Узнагароды | |
Подпіс |
А́ўгуст Сас, Аўгуст Саксо́нскі, у Саксоніі — Фрыдрых Аўгуст II, у Польшчы — Аўгуст III (17 кастрычніка 1696 — 5 кастрычніка 1763) — курфюрст саксонскі, кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1733 — 1763). Нарадзіўся ў Дрэздэне, сын Аўгуста Моцнага.
Па сьмерці 1 лютага 1733 году Аўгуста Моцнага было абвешчанае бескаралеўе. На каралеўскую пасаду з дапамогай Францыі прэтэндаваў Станіслаў Ляшчынскі. Аўгуст хоць і ня меў вялікай падтрымкі ў Рэчы Паспалітай, пачаў з дапамогай Расеі здабываць сабе карону. Дваццацітысячнае расейскае войска перайшло межы Рэчы Паспалітай і рушыла яму на дапамогу. У гэты час нібыта пачала свой рух невялікая француская дапамога Ляшчынскаму, а ён сам, пераапрануўшыся гандляром, праехаў празь Нямеччыну і нечакана для ўсіх зьявіўся ў Кракаве падчас Элекцыйнага сойму, на якім прысутнічала дваццаць тысячаў шляхты. 12 верасьня 1733 году прымас абвясьціў Станіслава каралём. Аднак вайсковай дапамогі ў яго не было і ён ня мог супрацьстаяць расейскім войскам, якія празь некалькі дзён зьявіліся ля Кракава. Станіслаў вымушаны быў уцячы да мора ў Гданьск, каб чакаць францускай дапамогі. 5 кастрычніка 1733 году ў Кракаве з дапамогай расейскіх войскаў новым каралём быў абраны Аўгуст і неўзабаве каранаваны. Расейскія войскі рушылі на Гданьск, каб зьнішчыць Станіслава. Станіслаў так і не дачакаўся францускай дапамогі, бо ў гэты час пачалася франка-аўстрыйская вайна. У лютым 1734 году пачалася аблога Гданьску расейцамі. Амаль паўгоду цягнулася гераічная абарона гораду, але ніякай дапамогі не было. Калі ж не засталося ніякай надзеі, Ляшчынскі ўцёк, пераапрануўшыся селянінам, у Прусію, а адтуль — у Францыю.
Пры Аўгусту ажывілася культурнае і эканамічнае жыцьцё, пачалася адукацыйная рэформа. Але ў час яго ўладараньня ў краіне пашырылася фэадальная анархія, пачаўся палітычны крызіс. Цэнтральная ўлада ня дзейнічала, магнаты праводзілі сваю незалежную палітыку. 3 прычыны дзяржаўнай і палітычнай дэзарганізацыі Рэч Паспалітая трапіла ў залежнасьць ад суседніх дзяржаваў, асабліва Расеі.
Уладараньне саксонскай дынастыі, і ў прыватнасьці Аўгуста Саса, не мінула бясьсьледна і для простага люду, нарадзіўшы калярытныя прымаўкі. Напрыклад: «За караля Саса наеліся хлеба і мяса», «За караля Саса папушчай паса».
У Дрэздэне партрэт Аўгуста Саса ёсьць на найвялікшым у сьвеце парцалянавым пано «Конная працэсія».
|