Аўтаномны будынак — будынак, прызначаны для выкарыстаньня незалежна ад дапаможнай інфраструктуры, такой як электрасетка і газаправод, вадаправод паселішча і сетка ачысткі сьцёкавых водаў, ліўневая каналізацыя і сетка сувязі.
Патрабуе выкарыстаньня аднаўляльнай энэргіі зь незалежных крыніцаў сілкаваньня, стварэньне якіх аблягчае індывідуальная забудова. Часта самазабясьпечанасьць электраэнэргіяй дасягаецца за кошт усталяваньня сонечных панэляў на даху, пераважна на яго паўднёвым баку. Для ўстойлівасьці электрасілкаваньня пры гэтым прыбягаюць да выкарыстаньня электраакумулятараў, каб накапляць вырабленую ўдзень электраэнэргію для выкарыстаньня ў цёмную частку содняў[1].
Асноўную частку самадастатковасьці будынка часта забясьпечвае геатэрмальная энэргія, якую выкарыстоўваюць для нагрэву вады і ацяпленьня ў халодную пару. Пры гэтым цеплавая помпа здабывае расьсеянную цеплыню з грунту. Ён накапляе сонечную энэргію і круглы год падаграецца ад ядра Зямлі. Пагатоў, грунт аддае цяпло незалежна ад надвор’я. Гэтак ва ўмовах Беларусі тэмпэратура грунту на глыбіні 5–7 мэтраў амаль цягам усяго году складае ад +5 да +8 °С. Гэтага якраз дастаткова для працы геатэрмальнай помпы з мэтай ацяпленьня сядзібы. Устойлівасьць працы таксама дасягаецца за кошт таго, што на глыбіні некалькіх мэтраў найменшая тэмпэратура дасягаецца на пару месяцаў пазьней за пік маразоў. Тым часам, патрэба ў інтэнсіўным абагрэве спадае[1].
Пры выкарыстаньні ў аўтаномным доме геатэрмальнай помпы заглыблены ў зямлю цеплаабменьнік зьбірае энэргію і назапашвае яе ў носьбіце, які затым помпай падаецца ў выпарнік і вяртаецца за новай порцыяй цяпла. Улетку геатэрмальная помпа дазваляе ахалоджваць будынак без кандыцыянэра. Пры гэтым падчас стварэньня прахалоды цеплыня скідваецца на нагрэў вады. Пасіўнае астуджэньне ажыцьцяўляецца праз даданьне пласьціністага цеплаабменьніка (ПЦА), празь які энэргія з будынка перацякае ў грунтавыя зонды і гліколевую сыстэму. Для перакіданьня струменяў цепланосьбіта на ПЦА выкарыстоўваюць набор запорнай арматуры. Для яго абыходу таксама магчыма скарыстаць набор кранаў або 3-хадавыя кляпаны з сэрвапрывадамі, адзін зь якіх для ацяпленьня, а другі — для гліколевай сыстэмы. Сярод іншага, у цёплую пару сонечныя калектары дапамагаюць забясьпечваць аўтаномны будынак гарачай вадой, асьвятленьнем і электраэнэргіяй для гатаваньня ежы[1].
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |