Баавішта | |
Поўная назва | Boavista Futebol Clube |
---|---|
Заснаваны | 1903 |
Горад | Порту, Партугалія |
Стадыён |
Эштадыю ду Бэса Умяшчальнасьць: 28 263 |
Галоўны трэнэр | |
Чэмпіянат | Прымэйра-Ліга |
· 2023—2024 | 15 месца |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы boavistafc.pt (парт.) |
«Бааві́шта» (па-партугальску: Boavista) — партугальскі футбольны клюб з гораду Порту. Заснаваны ў 1903 годзе, што робіць яго адным з найстарэйшых у краіне. Чэмпіён Партугаліі (2001), пяціразовы ўладальнік Кубка Партугаліі. «Баавішта» як спартовы клюб улучае ў сябе ня толькі каманду па футболе, але таксама сэкцыі па шахматах, гімнастыцы, роварным спорце, футзале, валейболе, боксе ды іншым відам спорту.
Клюб быў закладзены 1 жніўня 1903 году ў раёне Баавішта ў заходняй частцы гораду Порту. Фундатарамі клюбу была два браты-ангельцы Гары і Дыкам Лоў[2]. Першымі супернікамі каманды быў іншы ангельскі клюбу гораду, які акрамя таго меў на мэце разьвіцьцё крыкету і тэнісу[3]. Ангельцам цяжка было гуляць з партугальскімі камандамі, бо праз вызнаньне англіканства ангельцы не маглі гуляць нядзелямі, у той час як мясцовыя гульцы толькі і маглі гуляць нядзелямі, бо ў астатнія дні працавалі[3]. Клюб зь цягам часу ўсё ж здолеў ладзіць матчы ў нядзелю, бо колькасьць партугальцаў у ім павялічвалася. У 1910 годзе «Баавішта» прыдбала сабе стадыён, на якім і прагявае гуляць Эштадыю ду Бэса. На ім яны ўпершыню згулялі ў тым жа 1910 годзе супраць клюбу «Лейшойнш». У 1914 годзе клюб перамог у чэмпіянаце Порту[2]. У 1930-я гады «Баавішта» стала адным з клюбаў, якія рабілі высілкі дзеля таго, каб партугальскі футбол быў прафэсійным[3]. У 1933 годзе каманда прыдбала чорна-белыя кашулі, якія дасюль ёсьць адметнай рысай клюбу.
У наступным «Баавішта» вагалася паміж дзьвюма найвышэйшымі лігамі, некалькі сэзонаў згуляўшы ў трэцім дывізіёне. Час зьменаў прыпаў на 1970-я гады. «Баавішта» скончыла перабудову стадыёну, а ў 1974 годзе на пасаду галоўнага трэнэра запрасіла Жузэ Марыю Пэдроту. У 1975 годзе каманда фінішавала на чацьвертым месцы і ў тым жа годзе здабыла Кубак Партугаліі, выгуляўшы ў фінале «Бэнфіку» зь лікам 2:1. Праз год «Баавішта» скончыла сэзон на другім месцы ўсьлед за «Бэнфікай». Розьніца паміж клюбамі склала два пункты. У 1976 годзе клюб пасьпяхова абараніў свой тытул уладальнікаў кубка, выгуляўшы ў фінале гімарайнскую «Віторыю» з тым жа лікам 2:1. Пасьля гэтага сэзону Пэдроту сышоў у «Порту». Ачоленыя дасьведчаным ангельцам Джымі Гэганам гульцы «Баавішты» здабылі чарговы кубак краіны, перагуляўшы ў фінале 1979 году лісабонскі «Спортынг». У тым жа годзе яны здабылі першы Супэркубак Партугаліі, учыніўшы паразу «Порту» з Пэдроту. У 1980-я клюб працягваў трымаць статус моцнага клюбу, але тытулаў каманда здабыць ня здолела.
У 1990-я клюб здолеў здабыць яшчэ два Кубка Партугаліі, а таксама фінішаваў другім ў сэзоне 1998—1999 гадоў. Галоўным трэнэрам на той час быў былы гулец нацыянальнай зборнай Партугаліі Жаймі Пашэку. У сэзоне 2000–2001 гадоў пасьля перамогі ў дэрбі над «Порту» ў другой палове сэзону і перамогі ў матчы супраць «Авішу» зь лікам 3:0 «Баавішта» стала чэмпіёнам краіны[4]. Гэта быў толькі другі раз, калі каманда па-за межамі Вялікай тройкі здабывала перамогу ў лізе, пасьля таго як гэты зрабіў «Бэленэнсіш» у 1946 годзе. Каманда Пашэку прапусьціла ўсяго толькі 22 галы ў 34 матчах чэмпіянату, зьведаўшы паразу толькі аднойчы цягам першынства[4]. Сапраўднымі зоркамі той дружыны былі брамнік Рыкарду Пэрэйра, выхаванец клюбнай акадэміі паўабаронца Пэтыт, балівійскі адмысловец у штрафных ударах Эрвін Санчэс, гульцы ўскрайку поля Дуда і Мартэліньню, а таксама нападнік з Бразыліі Элпідыю Сылва[4]. Клюб яшчэ некалькі сэзонаў дэманстраваў добрыя вынікі, але праз выдаткі на перабудову стадыёну сутыкнуўся зь фінансавымі цяжкасьцямі[4]. У чэрвені 2008 годзе праз скандал з дамоўленымі матчамі «Баавішту» пазбавілі месца ў Прымэйра-Лізе. Вярнуцца да эліты атрымалася толькі ў сярэдзіне 2010-х гадоў.