Бало́та — залішне ўвільготнены кавалак зямлі, які парос спэцыфічнай балотнай расьліннасьцю.[1]
Утвараецца праз забалочваньне глебы і зарастаньне вадаёмаў. У балоце звычайна адбываецца назапашваньне расьлінных рэшткаў, якія часткова падгнілі, і ўтварэньне торфу.
Балоты найбольш сканцэнтраваныя ў лясной зоне Паўночнай часткі паўшар’я Зямлі. У межах Эўразіі пашыраныя на поўдні Эўропы, на Палесьсі, у Заходняй Сыбіры і на Камчатцы[1]. На тэрыторыі Беларусі найбольшыя балоты разьмешчаныя ў Берасьцейскай вобласьці: Выганашчанскае балота, Паддубічы, Вялікі лес, Аброўскае балота і Хольча. Паводле асаблівасьцяў разьвіцьця й торфаўтварэньня ў Беларусі вылучаюць 5 тарфяных краёў.[1]
У расьліннасьці залежна ад тыпу балотаў пашыраны эў-, мэза-, і алігатрофныя расьліны. У жывёльнім сьвеце пераважаюць балотныя птушкі, месцамі трапляюцца ахоўныя (белыя курапаткі, шэрыя журавы).
Касмаганічная сымболіка балота зьвязана і зь яго рэальнымі ўласьцівасьцямі — гэта беспарадкавая сумесь зямлі й вады, першасных элемэнтаў, зь якіх утвараўся будучы Космас. Таму балоты — улюбёныя месцы бытаваньня розных нячысьцікаў, якія пераймаюць функцыі антаганістаў бога ў акце стварэньня[2].
Нявысушаныя нізінныя балоты выкарыстоўваюцца ў якасьці прыродных сенажацяў. Асушаныя балоты выкарыстоўваюцца пад травы, гародніну, збожжавыя, тэхнічныя й сіласныя расьліны, для здабычы торфу. На Беларусі тарфяныя балоты займаюць 2,5 мільёну гектараў з запасам торфу-сырцу 31,3 мільярду кубічных мэтраў[1].
На 2021 год беларускія балоты ўтрымлівалі 7 млрд кубамэтраў прэснай вады, чым спрыялі ўстойліваму водазабесьпячэньню рэк і азёр Беларусі. Расьлінны сьвет балотаў штогод спажываў каля 900 000 тонаў вуглякіслага газу, які такім чынам выводзілі з атмасфэры. Таксама на балотах зьбіралі звыш 10 000 тонаў журавінаў за год. Балотныя тарфянікі ўтрымлівалі каля 500 млн тонаў вугляроду, бо торф на 50 % складаецца зь яго. У Беларусі дзейнічаў Закон «Аб ахове і выкарыстаньні тарфянікаў», бо асушаныя балоты замест паглынаньня распыляюць вуглярод. На балотах пражывала звыш 40 % відаў птушак Беларусі, 35 % відаў вусякоў і звыш 15 % відаў дзікарослых расьлінаў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі[3].
На вялікіх балотных прасторах утвораныя прыродаахоўныя тэрыторыі Беларусі: