Банавэнтура | |
Сьвяты | |
---|---|
Нарадзіўся | 1221[1] |
Памёр | 15 ліпеня 1274[2] |
Дзень памяці | 15 ліпеня[3] |
Банавэнту́ра (па-лацінску: Bonaventura, сапраўднае імя Джавані дэ Фіданца, па-італьянску: Giovanni di Fidanza, па-лацінску: Ioannes Fidanza; 1221, Баньёрэджа, Ляцыё, Папская дзяржава — 15 ліпеня 1274, Ліён, Францыя) — сярэднявечны тэоляг, францішканскі схаляст, генэрал францішканскага ордэну, кардынал (з 1273), называецца сэрафіцкім доктарам (Doctor Seraphicus). Каталіцкай царквой прылічаны да ліку сьвятых (1482 год) і да дактароў касьцёлу (1587).
Банавэнтура, ён жа Джавані дэ Фіданца, нарадзіўся прыкладна ў 1221 годзе ў Баньёрэджа, недалёка ад Вітэрба, які тады быў часткай Папскай дзяржавы. Пра яго дзяцінства амаль нічога не вядома, акрамя імёнаў яго бацькоў, Джавані дэ Фіданца і Марыі дэ Рытэлі[4][5]. Паводле легенды, Джавані нарадзіўся вельмі слабым дзіцем, і маці, баючыся за яго жыцьцё, прынесла зарок, што калі ён выздаравее, то яна прысьвеціць свайго сына на службу Богу. Немаўля прынесьлі да сьвятога Францішка з Асізі, які ў натхненьні сказаў: «О, шчасьлівы лёс!» (па-лацінску: O buona ventura!). Гэта выратаваньне ад сьмерці па малітвах Францішска Асіскага сталася асноўнай матывацыяй для напісаньня потым яго біяграфіі Банавэнтурам[6].
У 1243 годзе ўступіў у Ордэн сьвятога Францішка, прыняўшы імя Банавэнтура. Вывучаў філязофію і тэалёгію ў Парыскім унівэрсытэце, дзе стаў доктарам тэалёгіі. Пасьля ўзначаліў францішканскую катэдру. Будучы генэралам Ордэну Меншых Братоў, кіраваў ім мудра і разважліва. Праз пэўны час быў прызначаны генэралам ордэну, сёмым у гісторыі. Разумеючы, што ўсе браты ня могуць дакладна пераймаць прыклад сьв. Францішка, Банавэнтура адаптаваў манаскі ідэал да рэальнага жыцьця і дзейнасьці братоў, якія займаліся рознымі формамі апостальства, зрабіўшы пры гэтым прынцыповы націск на адукацыйную і навуковую дзейнасьць. Дзякуючы гэтаму многія францішканцы ўзначалілі ўнівэрсытэцкія катэдры, а Ордэн даў сьвету значную колькасьць навукоўцаў. Кіраваў францішканамі на працягу сямнаццаці гадоў настолькі пасьпяхова, што яго пачалі называць другім заснавальнікам супольнасьці.
У 1273 быў менаваны кардыналам і біскупам Альбана. Стаўшы кардыналам, быў выкліканы ў Рым, дзе на даручэньне Папы заняўся падрыхтоўкай Другога Ліёнскага Сабору, і памёр за некалькі дзён да яго заканчэньня 15 ліпеня 1274 году.
Напісаў шмат прац па філязофіі і тэалёгіі. Акрамя гэтага, апрацаваў і напісаў два творы, у якіх апісвае жыцьцё сьв. Францішка. Банавэнтура разам з Тамашом Аквінскім зьяўляецца адным з галоўных прадстаўнікоў схалястыкі.
Сьвятому Банавэнтуры нададзены тытул Doctor seraphicus — Сэрафімскі доктар.
Быў кананізаваны ў 1484 годзе Папам Сыкстам IV. Успамін 15 ліпеня. Ён лічыцца апекуном тэолягаў, працаўнікоў і грузчыкаў.