Барысаў лац. Barysaŭ | |||||
Новае Места | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1102 | ||||
Магдэбурскае права: | 1563 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Менская | ||||
Раён: | Барысаўскі | ||||
Плошча: | 45,97 км² | ||||
Вышыня: | 169 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2018) | |||||
колькасьць: | 143 051 чал.[1] | ||||
шчыльнасьць: | 3111,83 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 177 | ||||
Паштовы індэкс: | 222120 | ||||
СААТА: | 6208501000 | ||||
Нумарны знак: | 5 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°13′27.44″ пн. ш. 28°30′43.13″ у. д. / 54.2242889° пн. ш. 28.5119806° у. д.Каардынаты: 54°13′27.44″ пн. ш. 28°30′43.13″ у. д. / 54.2242889° пн. ш. 28.5119806° у. д. | ||||
± Барысаў | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Бары́саў — места ў Беларусі, на рацэ Бярэзіне. Адміністрацыйны цэнтар Барысаўскага раёну Менскай вобласьці. Плошча 46 км². Насельніцтва на 2018 год — 143 051 чалавек[1]. Знаходзіцца за 71 км на паўночны ўсход ад Менску, на аўтамабільнай дарозе Менск — Ворша. Чыгуначная станцыя на лініі Менск — Ворша. Буйны прамысловы і культурны цэнтар краіны.
Барысаў — магдэбурскае места на мяжы гістарычных Меншчыны і Аршаншчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі клясыцызму касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і скарбніца, помнікі архітэктуры пачатку XIX ст.
Тапонім Барысаў утварыўся ад імя полацкага князя Рагвалода-Барыса Ўсяславіча, пра што сьведчыць аснова (Барыс) і фармант (аў)[2].
Варыянт лацінскага напісаньня назвы места на мапах 1695, 1740-х, 1770[3] і 1780[4] гадоў — Borysou.
Дзеля адрозьненьне ад Барысаваў на Русі і Масковіі часам насіў дадатковае азначэньне — Барысаў Літоўскі[5].
Паводле зьвестак В. Тацішчава[6] паселішча заснаваў князь полацкі Рагвалод-Барыс у 1102 годзе (згодна зь іншымі зьвесткамі — князь кіеўскі Яраслаў Мудры у 1032 годзе)[7].
Старажытнае гарадзішча месьцілася на левым беразе ракі Бярэзіны. Тым часам найбольш стары пісьмовы ўпамін пра Барысаў як горад Полацкага княства зьмяшчаецца ў Лаўрэнцеўскім летапісе і датуецца 1127 годам.
У XIII—XIV стагодзьдзях у Барысаве будаваўся замак, прыкладна ў той жа час места далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. У другой[8] палове XIV ст., імаверна, адбыўся перанос Барысава зь першапачатковага месца (цяпер — гарадзішча ў вёсцы Старабарысаў) на новае, за 4 км ніжэй плыньню Бярэзіны. Новы драўляны замак збудавалі на высьпе ў абалоне ракі, налева ад яе галоўнага рэчышча, прыблізна за 1,5 км на паўночны захад ад сучаснага аўтамабільнага моста. У канцы XIV ст. Барысаў разам з навакольнай воласьцю падпарадкоўваўся беспасярэдне вялікаму князю Вітаўту, які ў 1396 годзе выдаў «борысовцам» адмысловы прывілей, дзе вызначаў парадак прыёмкі і ўліку мядовай даніны. У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) Барысаў значыцца сярод «літоўскіх» замкаў.
У 1413 годзе Барысаў стаў цэнтрам воласьці Віленскага ваяводзтва. У вайну з Маскоўскай дзяржавай (1500—1503) у 1500 годзе тут знаходзілася стаўка вялікага князя Аляксандра, а ў наступную вайну з Масковіяй (1512—1522) у 1514 годзе — месца збору войскаў Вялікага Княства Літоўскага (у Барысаве знаходзілася стаўка вялікага князя Жыгімонта Старога). 27 жніўня 1514 году году Канстантын Астроскі разьбіў каля места перадавыя аддзелы маскоўскіх захопнікаў[8].
У 1563 годзе кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў Барысаву Магдэбурскае права, а 10 жніўня 1565 году — мескі герб: «у белым (срэбраным) полі меская брама а дзьвюх вежах, над якой зьмяшчалася выява Сьвятога Пятра з ключом у правай руцэ»[9]. У 1569 годзе Барысаў як цэнтар староства перайшоў зь Менскага павету Менскага ваяводзтва ў Аршанскі павет Віцебскага ваяводзтва. Маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Агінскіх, пазьней Радзівілаў. 13 верасьня 1642 году барысаўскі староста А. Казаноўскі фундаваў у месьце першы касьцёл.
Захавалася сьведчаньне азначэньня жыхароў Барысава ліцьвінамі: «Степанка Борисов… в роспросе сказал: родом де он литвин[a], родился в Белой Руси в Борисове городе… а отец де у него жив в Литве» (1621 год)[12].
З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) 19 чэрвеня 1655 году маскоўскія войскі захапілі і спалілі Барысаў. Увосень 1657 году партызанскі аддзел Багровіча колькасьцю 400—500 чалавек спрабаваў выгнаць акупантаў, аднак места атрымалася вызваліць толькі 9 ліпеня 1662 году. На 1670 год у Барысаве было 104 дымы, дзеялі касьцёл і 4 царквы, працаваў заезны двор. Існавалі вуліцы Замкавая, Полацкая, Бярэзінская, Млынавая, Маставая, Аршанская, Забалоцкая і інш. У 1680 годзе ў месьце было 382 будынкі, Рынак і 9 вуліцаў[13].
На 1732 год у Барысаве было 9 вуліцаў, на 1764 год — 230 будынкаў[8]. 14 чэрвеня 1792 году кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пацьвердзіў мескі герб: «у срэбным полі брама, паміж дзьвюма вежамі над брамай постаць сьвятога Пётры з двума ключамі ў руцэ»[14].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Барысаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе з 1795 году стаў цэнтрам павету Менскай губэрні. У вайну 1812 году ў канцы чэрвеня места занялі францускія войскі, аднак 26—29 лістапада каля Барысава расейскія войскі нанесьлі ім значную паразу ў часе пераправы цераз раку Бярэзіну. На 1825 год у месьце было 319 будынкаў (зь іх 1 мураваны), на 1854 год — 600 будынкаў, дзеялі касьцёл, 2 царквы, сынагога і 5 малітоўных дамоў, працавалі 70 крамаў.
У час нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў у ваколіцах Барысава дзеяла некалькі партызанскіх аддзелаў пад камандай Антона Трусава (у яго гонар атрымала назву адна з вуліцаў места), Бэнэдыкта Дыбоўскага і Канстантына Жэброўскага ды іншых.
На 1863 год у Барысаве быў 601 жылы дом, дзеялі касьцёл, 2 царквы, 8 сынагогаў і малітоўных дамоў, працавалі 70 крамаў, 5 гарбарных, піваварны і цагельны заводы. У 1871 годзе праз Барысаў прайшла Маскоўска-Берасьцейская чыгунка; на правым беразе Бярэзіны ўзьнікла чыгуначная станцыя, а пры ёй — паселішча Новабарысаў, злучанае з старым местам драўляным мостам. На 1878 год — 1188 будынкаў (зь іх 5 мураваных), дзеялі 2 царквы (1 мураваная), касьцёл (мураваны) і сынагога, працавалі расейскія павятовая і прыходзкая вучэльні, 2 піваварных і лесапільны заводы, 5 корчмаў. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, працавалі паштова-тэлеграфная кантора, 2 лякарні, меская вучэльня, жаночы пансіён, 215 крамаў, 9 заводаў.
У 1900 годзе ў склад Барысава ўвайшоў Новы Барысаў (афіцыйна — пасад Нова-Барысаў). У 1901 і 1910 гадох места моцна пацярпела ад пажараў. На 1904 год тут было 27 вуліцаў і завулкаў, 2 пляцы, 1868 жылых дамоў (зь іх 73 мураваныя), 244 газавыя ліхтары, 11 фабрык і заводаў, 59 рамесных майстэрняў, банк, 2 натарыяльныя канторы, паштова-тэлеграфная кантора, 6 заезных двароў, 11 корчмаў і харчэўняў, 10 гасьцініцаў, 2 друкарні, бібліятэка-чытальня, чытальня, 8 школаў (17 настаўнікаў, 404 вучні), 2 лякарні, 2 аптэкі і 5 аптэных магазынаў. Штогод праводзіліся 4 кірмашы. На 1910 год у Барысаве было больш за 1520 двароў, 32 прамысловыя прадпрыемствы, зь іх найбольшыя — запалкавыя фабрыкі «Вікторыя» і «Бярэзіна», 2 лесапільныя заводы, гута, вінакурня, паперня «Папірус», паравы млын, працавалі 112 крамаў, ніжэйшая лясная школа, мужчынская гімназія, жаночая прагімназія, мэтэастанцыя.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Барысаў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Барысаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут утварылася Беларуская рада, прызначылі павятовага старшыню БНР, а жыхары места атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[15]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Барысаў увайшоў у склад Беларускай ССР[16]. У красавіку 1919 году тут адбылося антысавецкае паўстаньне. Зь верасьня 1919 да 25 траўня 1920 году места займалі войскі Польскай Рэспублікі. 17 ліпеня 1924 году Барысаў стаў цэнтрам раёну. У 1925 годзе ў месьце працавалі 5 лесапільных і фанэрных заводаў, запалкавая і папяровая фабрыкі, шклозавод і іншыя прадпрыемствы. 7—9 красавіка 1932 году ў Барысаве адбыўся галодны бунт, выкліканы савецкай харчовай палітыкай. 27 верасьня 1938 году Барысаў атрымаў афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. На 1939 год тут працавала каля 40 прамысловых прадпрыемстваў, 3 сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы, 10 агульнаадукацыйных сярэдніх школаў, 11 дашкольных установаў, 2 лякарні, паліклініка, 2 кінатэатры, тэатар, 31 бібліятэка.
У Другую сусьветную вайну з 2 ліпеня 1941 да 1 ліпеня 1944 году Барысаў знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. У баях супраць 18 танкавай гітлераўскай дывізіі у чэрвені — ліпені 1941 году бралі ўдзел Зводная дывізія Грышына, 1-я Маскоўская дывізія Крэйзера, асобныя часткі НКВД па ахове чыгункі, ўмацаваныя бронецягнікамі. У ліпені 1944 году пры штурме места адзначылася каманда з трох танкаў Т-34, два зь якіх прабіліся на правы бераг Бярэзіны, але хутка былі зьнішчаныя.
У XX ст. межы Барысава пашырыліся за кошт улучэньня ў склад места вёсак і хутароў Лядзішчаў, Печаў, Цагельні, Разувы.
16 жніўня 2020 году ў Барысаве прайшоў Марш за свабоду.
У Барысаве працуюць філія Інстытуту кіраваньня і прадпрымальніцтва, 3 сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы, 3 прафтэхвучэльні, політэхнічны ліцэй, 2 гімназіі (1 гімназія пераназваная ў сярэднюю школу), 24 сярэднія, музычная, мастацкая і харэаграфічная школы.
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць 4 лякарні, 7 паліклінікаў, 3 дыспансэры, станцыя пераліваньня крыві, хуткай дапамогі, 2 санітарна-эпідыміялягічныя, 32 пункты аховы здароўя.
Дзеюць 4 бібліятэкі, дом культуры, 3 кінатэатры, народны тэатар. У Барысаве знаходзіцца філія Дзяржаўнага архіву Менскай вобласьці.
У Барысаве працуе рэгіянальны інфармацыйна-аналітычны сайт ex-Press[31], выдаюцца наступныя газэты: незалежная «Борисовские новости»; дзяржаўная «Адзінства»; краязнаўчая «Гоман Барысаўшчыны». Існуе таксама дзьве тэлекампаніі: «СКІФ» і «СВЕТ ТВ».
Мескі стадыён мае акрэдытацыю для правядзеньня міжнародных футбольных матчаў. БАТЭ Барысаў — шматразовы чэмпіён Беларусі па футболе. У 2014 годзе адкрыўся новы стадыён «Барысаў-Арэна».
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
3 Інтэрнацыяналу вуліца | Менская вуліца (ад заводу агрэгатаў да пошты) Лепельская[32] вуліца (ад пошты да вул. Яраша) Рынкавая вуліца (ад пошты да вул. Яраша) |
|
Авіяпалка Нармандыя—Нёман вуліца | Андрэеўская вуліца | |
Адамовіча вуліца | Андрэеўскі завулак | |
Гогаля вуліца | Замкавая вуліца | |
Дзяржынскага вуліца | Аршанская[32] вуліца (ад Рынку ў бок СШ №1) Палынская вуліца (ад Рынку ў бок Бярэзіны) |
Маскоўская вуліца (ад Рынку ў бок СШ №1) |
Камінскага вуліца | Віжынская вуліца | |
Камсамольская вуліца | Віленская вуліца (ад пошты ў бок Бярэзіны) Савуцінская вуліца (ад Рынку ў супрацьлеглы ад ракі бок) |
|
Лапаціна вуліца | Полацкая вуліца (ад Рынку ў бок вуліцы Яраша) Харугвенная вуліца (ад Рынку ў бок Замкавай) |
Свабоды вуліца (ад Рынку ў бок вуліцы Яраша) |
Марозава вуліца | Міхайлаўская вуліца Студэнцкая вуліца |
|
Менская вуліца | Швэдзкая[32] вуліца Юрыдычная вуліца |
Банная вуліца |
Савецкая вуліца | Мікалаеўская вуліца | |
Савецкі завулак | Новамікалаеўская вуліца | |
Супруна вуліца | Гуменная вуліца[b] | |
Урыцкага вуліца | Андрэеўская вуліца | |
Чырвонаармейская вуліца | Салдацкая Слабада вуліца |
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
1 ліпеня вуліца | Бярэзінская вуліца | |
1 Траўня вуліца | Багданаўская вуліца | |
Арджанікідзэ праспэкт | Крайняя вуліца | |
Гагарына вуліца | Вітаўта шлях (ад Бярэзіны да скрыжаваньня з вуліцай Даўмана)[32] Сярэдняя Батарэйная вуліца (ад скрыжаваньня да выезду зь места) |
|
Горкага вуліца | Крывая вуліца | |
Ленінградзкая вуліца | Паўлаўская вуліца | |
Працы вуліца | Вакзальны праспэкт | |
Розы Люксембург вуліца | Менскі тракт | |
Рэвалюцыі праспэкт | Трубяцкога праспэкт | |
Стаханаўская вуліца | Пагранічная вуліца | |
Хацкевіча вуліца | Млынавая вуліца[32] Лышчэўская вуліца |
Калгасная вуліца |
Чапаева вуліца | Хітроўская вуліца | Зіноўева вуліца |
Чарняхоўскага вуліца | Глівінская вуліца | |
Чырвонаштандартавая вуліца | Усіхсьвяцкая вуліца | |
Энгельса вуліца | Аляксандраўская вуліца[33] |
З урбананімічнай спадчыны Барысава да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Ганчарная, Паштовая і Правабярэжная. У інвэнтары 1732 году ўпамінаецца Спаская вуліца[34].
Прадпрыемствы лясной, дрэваапрацоўчай, машынабудаўнічай і мэталаапрацоўчай, харчовай, швацкай, хімічнай і хіміка-фармацэўтычнай прамысловасьці, вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў і інш.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Барысава | ||
---|---|---|
|
Барысаў — папулярны цэнтар турызму[35]. Дзее Барысаўскі аб’яднаны музэй.
Помнікі: князю Барысу, «Батарэі» вайны 1812 году, савецкім танкістам і інш.
Гатэлі: «Бярэзіна», ААТ «БАТЭ», РУП «Барысаўскі завод агрэгатаў», «Экран». Санаторыя «Бярэзіна».
Пералік местаў-сяброў Барысава |
---|