Беларусы ў Аўстраліі | |
Агульная колькасьць | 4277 (1990) |
---|---|
Рэгіёны пражываньня | Мэльбурн, Сыднэй, Адэлаіда |
Мовы | беларуская, расейская, ангельская мова |
Рэлігіі | праваслаўе, рыма-каталіцтва, юдаізм |
Блізкія этнасы | расейцы ў Аўстраліі, украінцы ў Аўстраліі, іншыя славяне |
Беларусы ў Аўстраліі — беларуская дыяспара, уключае грамадзян Аўстраліі беларускага паходжаньня, а таксама грамадзян Беларусі, якія жывуць у Аўстраліі. Дзейнічае Фэдэральная рада беларускіх арганізацыяў у Аўстраліі.
Былі некалькі хваляў прытоку беларусаў у Аўстралію, адна да рэвалюцыі ў Расеі, другая ў 1919-1939 гадах з Заходняй Беларусі, потым напрыканцы 1940-х — пачатку 1950-х (пасьля Другой сусьветнай вайны) і пасьля распаду СССР — у 1990-я гады.
Беларусы як нацыянальная супольнасьць зьявіліся ў Аўстраліі ў выніку паваеннай хвалі эміграцыі 1945–1949 гг. У гэты пэрыяд каля 3000 беларусаў імігравала ў Аўстралію, большасьць зь іх пакінулі Эўропу з палітычных прычынаў. Ня ўсе зь іх прыбылі зь Беларусі; шмат хто прыяжджаў зь іншых краінаў, дзе пасяліліся пасьля Другой сусьветнай вайны. Большасьць беларусаў прыехала з Заходняй Нямеччыны і Аўстрыі, а таксама зь Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Бэльгіі, Даніі і іншых краінаў Паўднёвай Амэрыкі і Паўночнай Афрыкі. Гэта былі былыя ваеннапалонныя польскіх і савецкіх арміяў, людзі, якія працавалі ў Нямеччыне (остарбайтэры) падчас Другой сусьветнай вайны, былыя эмігранты, што пакінулі Беларусь неўзабаве пасьля вайны ці ў 1939 годзе (калі СССР далучыў Заходнюю Беларусь), уцекачы, якія беглі зь Беларусі ў 1943 ці 1944 гадах, перабежчыкі і дысыдэнты пасьля Другой сусьветнай вайны.
У 1980-х і 1990-х гадах зьявіліся новыя хвалі беларусаў, што пераяджалі ў Аўстралію, адносна меншыя ў параўнаньні з папярэднімі. Людзі эмігрыравалі па палітычных, эканамічных і сямейных абставінах (узьяднацца зь сем’ямі, якія ўжо жылі ў Аўстраліі). Тым ня менш, большасьць з гэтых імігрантаў былі жыдоўскага паходжаньня. Перапіс 1981 году налічыў 7328 беларусаў, якія жывуць у Аўстраліі, але перапіс 1990 году зарэгістраваў толькі 4277 беларусаў ў краіне.
Паводле ацэнак, беларусаў у Аўстраліі каля 4000 (гэтая ацэнка ўключае толькі фактычных імігрантаў, а не людзей беларускага паходжаньня, якія нарадзіліся ў Аўстраліі). Дакладную колькасьць беларускіх аўстралійцаў цяжка вызначыць, так як гістарычна перапіс і іміграцыйныя статыстыка не прызнае беларусаў у асобную катэгорыю. Многія зь іх былі зарэгістраваныя як расейцы ці палякі, у залежнасьці ад рэгіёну Беларусі, дзе яны нарадзіліся.
Адной з асноўных груп беларускіх мігрантаў у Аўстраліі зьяўляюцца беларускія жыды, якія эмігрыравалі, пачынаючы зь сярэдзіны 19-га стагодзьдзя, бо сутыкаліся з дыскрымінацыяй у Расійскай імпэрыі, чыёй часткай Беларусь была ў той час.
На 2001 год Бюро перапісу насельніцтва здало справаздачы аб каля 2500 чалавек, якія нарадзіліся ў Беларусі і жылі ў Аўстраліі. Зь іх каля 90 размаўлялі на беларускай мове ў сябе дома.
Ёсьць некалькі арганізацыяў у Аўстраліі, якія распрацавалі сыстэму сярэдніх школаў у аўстралійскіх суполак беларускага паходжаньня. Гэтыя арганізацыі маюць сваёй мэтай навучыць беларускай мовы, культуры і рэлігійных традыцыяў Беларусі. Такім чынам, беларуская культура прадстаўленая хорамі, тэатральнымі, музычнымі і танцавальнымі гурткамі.
З 10 тысячаў імігрантаў, што прыбылі ў краіну ў канцы 1940-х гадоў у Аўстралію, супрацьстаяць асыміляцыйным тэндэнцыям і захаваць уласную нацыянальную ідэнтычнасьць імкнуліся ня больш за 1,5–2 тысячы беларусаў. Жыцьцё ў гарадах, вялікая адлегласьць паміж якімі, безумоўна, перашкаджала эфэктыўнаму ўзаемадзеяньню асяродкаў дыяспары і росту яе ўплыву ў аўстралійскім грамадзтве.
31 сьнежня 1976 году — 3 студзеня 1977 году ў Мэльбурне праходзіла Першая Сустрэча Беларусаў у Аўстраліі, на якую сабраліся суродзічы з найбуйнейшых беларускіх аўстралійскіх асяродкаў. На гэтай сустрэчы з мэтай каардынацыі дзеяньняў беларускіх арганізацыяў у Аўстраліі й рэпрэзэнтацыяй беларусаў у аўстралійскім грамадзтве была створана Фэдэральная Рада Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі. У яе Выканаўчы камітэт увайшлі: старшыня — Міхась Зуй, сакратар — Міхась Лужынскі.
Другая Сустрэча Беларусаў Аўстраліі адбылася 29 сьнежня 1977 году — 2 студзеня 1978 году ў Сыднеі. Яе праграма нагадвала папярэднюю: таксама ўсё пачалося з прывітальнага пасяджэньня з канцэртам у Беларускім культурна-грамадзкім клюбе, на наступны дзень — адпачынак за горадам, потым дзень нарады арганізацыяў, а ўвечары — Навагодні баль, далей — набажэнства і вялікі разьвітальны канцэрт.
Трэцюю Сустрэчу Беларусаў Аўстраліі прымала Адэлаіда 5–9 студзеня 1979 году. Месца правядзеньня, безумоўна, наклала свой адбітак на зьмест мерапрыемстваў, хаця структурна праграма была падобная да папярэдніх. Праўда, Навагодні баль замяніла асаблівая адэлаідзкая Калядная куцьця ды разнастайная мастацкая праграма з удзелам сьпеўных і танцавальных груп і асобных выканаўцаў. З ЗША прыехалі госьці гэтай Сустрэчы — Ванда Махнач і Раіса Станкевіч. Упершыню на мерапрыемстве прысутнічаў дэлегат ад Заходняй Аўстраліі Аляксандар Мароз-старэйшы.
Шостая Сустрэча беларусаў у Аўстраліі адбылася ў Адэлаідзе 5–9 студзеня 1985 году і была прысьвечана тэме «Беларуская гістарычная спадчына». Новым старшынём выканаўчага камітэту рады быў абраны Аўген Груша, які заставаўся на гэтай пасадзе і да пачатку XXI стагодзьдзя.
Першыя зьвесткі пра беларускі кругабежны друк ў Аўстраліі ідуць з 1950 году[1]. У выдаваньні пэрыёдыкаў былі праблемы, з-за грошай і нязначнага ліку гуманітарнай інтэлігенцыі[2].
Беларусы Аўстраліі выдавалі:
Зь пераездам Даната Яцкевіча ў Мэльбурн беларускі кнігадрук канцэнтруюцца тамсама. У 1957—1959 годах ад асобы Задзіночаньня Беларускіх Вэтэранаў у Мэльбурне выйшлі творы Яцкевіча (пад псэўданімам Данат Баян): «Сьвяты вечар: Калядная гульня для дзяцей» (1957), «Цяжкія дні: П’еса» (1957), «Падарунак: Калядная п’еса для дзяцей» (1958), «Бязсонны Менск» (1958), «Цыганскае шчасьце» (1959). Большасьць п’есаў была ўключаная ў рэпэртуар мэльбурнскага драматычнага гуртку[9].
Адначасова з пачаткам дзейнасьці выдавецтва Задзіночаньня Беларускіх Вэтэранаў у Мэльбурне пачало сваю дзейнасьць выдавецтва БВФ «На Варце». Заснавальнікам стаў Уладзімер Шнэк. У 1957 годзе Шнэк на ўласныя грошы выдаў паэму Лявона Случаніна «Рагнеда», якой таксама заснаваў кніжную сэрыю «Бібліятэчка БВФ». У 1960 годзе ў межах гэтае сэрыі была выдадзеная гістарычная аповесьць Уладзіміера Шнэка «Драбы». У 1984 годзе выйшла наступная кніга, альбом «Беларуская краёвая абарона. Уніформа і адзнакі (1944—1984)», складзены таксама Шнэкам[9].
У пачатку 1960-х гадоў у Мэльбурне архімандрыт Мадэст пачаў таксама друк рэлігійных выданьняў: «Даведкі з гісторыі аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы» (1960), «Стары Запавет. Закон Божы» (1960). У 1960 годзе выйшаў апрацаваны Мадэстам «Каціхізіс, або навука веры», выдадзены на сродкі парахвіянаў Дзьмітрыя Кажуры, Васіля Ціхановіча і самога Мадэста Яцкевіча[10].
У далейшыя гады рэлігійны друк быў даволі сьціплы, абмяжоўваўся збольшага прамовамі, адозвамі, пастановамі, зьвязанымі з жыцьцём праваслаўнай царквы ў Аўстраліі[10].
У 1989 годзе ў перакладзе Міхася Шэкі выйшаў «Катэхізісправаслаўнай царквы. II. Аполёгэтыка»[10].
У пачатку 1990-х гадоў у выдавецтве «На Варце» зноў рэгулярна выходзяць кнігі аўтарства Ўладзімера Шнэка: «Аброк Кіеву. Сказ аб Рацібору, тысяцкім з Іскарасьценя» (1991), «Браччына. Сказ аб падарожніках Георгію і Саўку і аб слаўным гаспадару Полацкім князю Расьціславу» (1991), «Беларуская Краёвая Абарона» (1991), «Другі Ўсебеларускі Кангрэс» (1991), «Слуцкае паўстаньне 1920 году» (1992)[9]. Апошнія тры — рэфэраты выступаў аўтара на сьвяткаваньнях[10].
З 1953 году Задзіночаньне Беларускіх Вэтэранаў выдала ў Брысбэйне на ўласным абсталяваньні сэрыі сьвяточных (Калядных і Велікодных) паштовак і паштовак з выявамі гістарычных асобаў і праваслаўных сьвятыняў. Таксама ў Брысбэйне быў надрукаваны Беларускі Каляндар на 1954 год[9].