Белая (горад)

Белая
лац. Biełaja
польск. Biała Podlaska
Замак Радзівілаў
Замак Радзівілаў
Герб Белай Сьцяг Белай
Першыя згадкі: 1522
Краіна: Польшча
Прэзыдэнт места: Дарыюш Стэфанюк
Плошча: 49,46 км²
Вышыня: 137 м н. у. м.
Насельніцтва
колькасьць: 59 047 чал.
шчыльнасьць: 1193,83 чал./км²
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Тэлефонны код: +48 83
Паштовы індэкс: 21-500
Нумарны знак: LB
Геаграфічныя каардынаты: 52°2′0″ пн. ш. 23°8′0″ у. д. / 52.03333° пн. ш. 23.13333° у. д. / 52.03333; 23.13333Каардынаты: 52°2′0″ пн. ш. 23°8′0″ у. д. / 52.03333° пн. ш. 23.13333° у. д. / 52.03333; 23.13333
Белая на мапе Польшчы
Белая
Белая
Белая
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
https://bialapodlaska.pl/

Белая (польск. Biała Podlaska) — места ў Польшчы, на рацэ Кросьне. Адміністрацыйны цэнтар павету і сельскай гміны Люблінскага ваяводзтва, мае правы павету. Знаходзіцца за 36 км ад беларуска-польскай граніцы, каля пагранічных пераходаў у Тэрэспалі і Карошчыне.

Белая — магдэбурскае места гістарычнай Берасьцейшчыны, колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Побач зь местам праходзіць паўднёва-заходняя мяжа этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі барока аўстэрыя, замкавы комплекс Радзівілаў, кальвінскі збор, базылянская царква Раства Багародзіцы, комплекс кляштару рэфарматаў з касьцёлам Сьвятога Антонія і ратуша, помнікі архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзі. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся палац Радзівілаў, помнік архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваны расейскімі ўладамі. У наш час у месьце працуе консульства Беларусі.

Традыцыйная гістарычная беларуская назва места — Белая. Дзеля адрозьненьня ад паселішчаў з такой жа назвай у іншых мясцовасьцяў часам насіла дадатковыя азначэньні — Белая Радзівілаўская[1] (паводле роду Радзівілаў, якія валодалі ёй да атрыманьня Магдэбурскага права) або Белая Літоўская[2][3].

Па Рыскай мірнай дамове 1921 году, у выніку якой Белая апынулася ў Польскай Рэспубліцы, атрымала ўдакладненьне Падляская — ад назвы ваяводзтва, у склад якога ўвайшла. У афіцыйных крыніцах сустракаюцца варыянты назвы Белая Падляска[4][5] і Бяла Падляска.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Белую як места датуецца 1522 годам[6]. Яе першымі ўладальнікамі былі Ільлінічы, а заснавальнікам лічыцца Пётар Янавіч Белы[7] — ваявода троцкі, гетман Вялікага Княства Літоўскага. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў мястэчка ўвайшло ў Берасьцейскі павет Берасьцейскага ваяводзтва. У 1569 годзе памёр апошні прадстаўнік роду Ільлінічаў Юры, які пакінуў асноўныя свае маёнткі (у тым ліку Белую) стрыечнаму брату Мікалаю Радзівілу «Сіротку». За Радзівіламі яна дасягнула вялікага росквіту. У канцы XVI ст. у месьце дзеялі царква і кальвінскі збор. У 1622 годзе сын Мікалая «Сіроткі» Аляксандар Людвік Радзівіл збудаваў тут замак. Пры замку існаваў зьвярынец, дзе ўтрымлівалася шмат розных ня толькі мясцовых, але і экзатычных жывёлаў.

У канцы XVI ст. у Белай, як і ў Слуцку, пачала працаваць кальвінская гімназія. 1 чэрвеня 1621 году места атрымала Магдэбурскае права[6], а таксама герб у чырвоным полі постаць Арханёла Міхала, па нагамі якога — забіты цмок[7]. У 1628 годзе Крыштап Цыбаровіч-Вільскі заснаваў Бельскую акадэмію, якая ад 1633 году існавала як філія Кракаўскай акадэміі.

У 1655—1660 гадох Белая значна пацярпела ад швэдаў і казакаў. Аднак дзякуючы наступнаму ўладальніку Міхалу Казімеру Радзівілу і ягонай жонцы Кацярыне Сабескай (сястра Яна Сабескага) места хутка аднавілася. У 1671—1678 гадох тут збудавалі касьцёл і кляштар рэфарматаў. У XVII стагодзьдзі места стала цэнтрам вытворчасьці сукна і фаянсу (фаянсавая мануфактура зьявілася ў 1738 годзе), пазьней — дрэваперапрацоўкі.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1706 годзе Белую на загад Карла XII захапіла і спустошыла швэдзкае войска. У 1720 годзе Ганна Кацярына Радзівіл распачала будаваньне вежы і ўязной брамы, а таксама перабудавала палац у стылі ракако. У 1747—1749 гадох у Белай збудавалі царкву і манастыр базылянаў, дзе захоўваліся мошчы полацкага і віцебскага япіскапа Язафата Кунцэвіча.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Белая апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам павету Седлецкай губэрні. Гэта адарвала места ад губэрняў зь пераважна беларускім насельніцтвам. Апошні спадкаемца Белай Дамінік Радзівіл, палкоўнік войска Варшаўскага княства, памёр у Францыі 11 лістапада 1813 году. На 1827 год у месьце было 309 будынкаў, на 1858 год — 323, зь якіх 57 мураваных, на 1878 — 380[7].

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Белай ліцьвінамі: у 1829 годзе ў матрыкуле Каралявецкага ўнівэрсытэтуту адзначыўся Hoppe Frdr. Guilielm., Bialla Lithuan[us][8].

У Бельскай мужчынскай гімназіі навучаўся пісьменьнік і публіцыст Юзэф Ігнацы Крашэўскі. У 1883 годзе расейскія ўлады разабралі палац Радзівілаў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Белую занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Белая апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам павету Беластоцкага ваяводзтва. У гэты час тут паўстала фабрыка Raabego, меская электрастанцыя, а ў 1923—1939 гадох існавала Падляская фабрыка самалётаў (польск. Podlaska Wytwórnia Samolotów — PWS), зруйнаваная савецкімі войскамі па 17 верасьня 1939 году.

З пачаткам Другой сусьветнай вайны ў 1939 годзе Белую занялі войскі Трэцяга Райху, па чым прыбылыя сюды ўкраінскія дзеячы пачалі гвалтоўную ўкраінізацыю мясцовага насельніцтва[9]. У 1940 годзе ў Белай пачаў працаваць аддзел Беларускага камітэту[10], які дамогся адкрыцьця ў шасьці валасьцёх беларускіх школаў, а таксама беларускай мовы ў мясцовых цэрквах[9]. У 1941 годзе мову жыхароў Белай і ваколіцаў дасьледаваў беларускіх лінгвіст Ян Станкевіч, які азначыў гэтую мову як беларускую: Як колькасьцю сваіх рысаў, так і важнасьцяй яна беларуская; адно пачынаючы км 10—15 на паўдня ад Белае Падляскае ўкраінскія рысы ў мове пераважаюць, але й тут ё ў мове ладне беларускіх асаблівасьцяў[11].

У 1944 годзе Белую занялі савецкія войскі, па чым яе зноў перадалі Польшчы. У 1975 годзе места стала цэнтрам ваяводзтва, што прывяло да ўзросту колькасьці яго жыхароў у два разы за 20 гадоў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1999 году Белая атрымала статус мескага павету Люблінскага ваяводзтва.

  • XIX стагодзьдзе: 1827 год — 3386 чал.[7]; 1841 год — 3,5 тыс. чал.; 1858 год — 3756 чал., у тым ліку 2394 юдэяў[1]; 1878 год — 7112 чал.[1]; 1890 год — 1029 чал., зь іх 2080 каталікоў, 1013 праваслаўных, 6864 юдэяў, 65 лютэранаў, 7 іншай веры[12]; 1897 — 13,1 тыс. чал.
  • XX стагодзьдзе: 1921 год — 13,0 тыс. чал.; 1931 год — 10,7 тыс. чал.; 1939 год — 19,3 тыс. чал.; 1946 год — 15,0 тыс. чал.; 1950 год — 13,3 тыс. чал.; 1955 год — 15,7 тыс. чал.; 1960 год — 20,1 тыс. чал.; 1965 год — 22,6 тыс. чал.; 1970 год — 26,5 тыс. чал.; 1975 год — 31,8 тыс. чал.; 1985 год — 47,0 тыс. чал.; 1995 год — 56,5 тыс. чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2001 год — 59,3 тыс. чал.; 2007 год — 57,8 тыс. чал.; 2009 год — 57,9 тыс. чал.

У Белай працуюць філія Акадэміі фізычнага выхаваньня ў Варшаве, Дзяржаўная вышэйшая школа імя Папы Яна Паўла II, рамесны тэхнікум, 6 ліцэяў, 9 гімназіяў і 11 школ.

Дзеюць 8 бібліятэк, тэатар і 3 кінатэатры.

У месьце ёсьць 4 стадыёны і 2 басэйны.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Белай працуюць музэй Паўднёвага Падляшша, галерэі — Падляская Бельскага цэнтру культуры і аўтарская Януша Максімюка.

  • Акадэмія (XIX ст.)
  • Аўстэрыя (1777)
  • Забудова гістарычная (XIX — пачатак XX ст.; фрагмэнты)
  • Замкавы комплекс Радзівілаў (XVI—XVIII стагодзьдзі)
  • Кальвінскі збор (1572; цяпер касьцёл Сьвятой Ганны)
  • Касьцёл Сьвятога Антонія і кляштар рэфарматаў (XVII ст.)
  • Могілкі: вайсковыя часоў 1-й сусьветнай вайны, каталіцкія з капліцай Сьвятога Роха, праваслаўныя, юдэйскія
  • Ратуша (1835)
  • Царква Раства Багародзіцы пры манастыры базылянаў (XVIII ст.)
  • Чыгуначная станцыя (1920-я)

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Манастыр базылянаў (XVIII ст.)
  • Палац Радзівілаў (XVI—XVIII стагодзьдзі)
  • Сынагога (XIX ст.)
Пералік местаў-сяброў Белай
  1. ^ а б в Chlebowski B. Biała // Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 168
  2. ^ Gorczak B. Katalog rękopisów Archiwum x.x. Sanguszków w Sławucie. — Sławuta, 1902. S. 380.
  3. ^ Bałaban M. Dzieje Żydów w Krakowie i na Kazimierzu, 1304—1868: Historja Żydów w Krakowie i na Kazimierzu, 1304—1868. — Kraków, 1936. S. 764.
  4. ^ Атлас Рэспублікі Беларусь. Вучэбны дапаможнік для 9 класа агульнаадукацыйнай школы. Дапушчаны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. — Дзяржаўны камітэт па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь, 2000. ISBN 985-6494-03-6. С. 4, 42.
  5. ^ Рэспубліка Беларусь. Палітыка-адміністрацыйная карта. Маштаб 1 : 400 000. 1999 г.
  6. ^ а б Пазднякоў В. Белая // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 306.
  7. ^ а б в г Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 116.
  8. ^ Die Matrikel der Albertus-Universität zu Königsberg i. Pr. 1544—1829. Bd. 2: Die Immatrikulationen von 1657—1829. — Leipzig, 1911/1912. S. 771.
  9. ^ а б Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня. — Менск: Навука і тэхніка, 1993.
  10. ^ Беларускі нацыяналізм: Даведнік. — Менск: Голас Краю, 2001.
  11. ^ Станкевіч Я. Этнографічныя й гісторычныя тэрыторыі й граніцы Беларусі. — Нью-Ёрк, 1953. С. 8—9.
  12. ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]