Каардынаты: 53°53′13″ пн. ш. 27°38′45″ у. д. / 53.88694° пн. ш. 27.64583° у. д.
Тып | адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Дэвіз | Транспарт, якому давяраюць |
Заснаваная | 1 ліпеня 1973 (51 год таму) |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Менск |
Адрас | Партызанскі раён, Пераходная вул., д. 64 |
Ключавыя фігуры | Уладзімер Кароль |
Галіна | транспартнае машынабудаваньне |
Прадукцыя | тралейбусы, трамваі, электробусы |
Абарачэньне | 184 млрд. рублёў (2010; 61,5 млн. $) |
Апэрацыйны прыбытак | 25,7 млрд руб. (2010; 8,6 млн $) |
Чысты прыбытак | 12,6 млрд руб (2010; 4,2 млн $) |
Лік супрацоўнікаў | 1461 (2010) |
«Белкамунмаш» — дзяржаўнае прамысловае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў ліпені 1973 году ў якасьці Менскага рамонтнага трамвайна-тралейбуснага заводу.
Мае сваю прадуктовую лінію тралейбусаў, трамваяў і электробусаў пад таварным знакам «Вітаўт». Адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі ў галіне вытворчасьці і капітальнага рамонту грамадзкага электратранспарту.
На 2019 год ААТ «Белкамунмаш» выпускала пад таварным знакам «Вітаўт»:
1 ліпеня 1973 году заснавалі «Менскі рамонтны трамвайна-тралейбусны завод» («Менскі РТТЗ»). На той час у Беларускай ССР працавалі: Віцебскі трамвай (1898), Менскі трамвай (1929), Менскі тралейбус (1952), Гомельскі тралейбус (1962) і Магілёўскі тралейбус (1970). У 1974 годзе адрамантавалі першы тралейбус. У тым годзе запусьцілі Гарадзенскі тралейбус і Наваполацкі трамвай. Прадпрыемства разьвівалася як шматфункцыянальнае і акрамя рамонту трамваяў і тралейбусаў выпускала тавары народнага спажываньня, сродкі мэханізацыі і прадукцыю камунальнай прызначэньня. Асноўнай спэцыялізацыяй было аднаўленьне тралейбусаў тыпу ЗІУ-682Б для абласных гарадоў Беларускай ССР, Кішынэва (Малдоўская ССР), Віньніцы (Украінская ССР), Курска (Расейская СФСР) і інш. У 1976 годзе прадпрыемства перайменавалі ў «Рамонтна-мэханічны завод» («РМЗ»).У 1978-м на заводзе адрамантавалі 1000-ы тралейбус, а ў 1982 г. — 2000-ы. Пасьля рэканструкцыі ў 1985—1987 гг. «Белкамкамунмаш» штогод рамантаваў да 400 машын і за ўвесь час адрамантаваў 7000 тралейбусаў і трамваеў[4].
У 1993 г. калектыў Белкамкамунмаша прыступіў да рэалізацыі дзяржаўнай праграмы разьвіцьця гарадзкога электрычнага транспарту ў Беларусі. У самыя кароткія тэрміны КБ завода падрыхтавала да вытворчасьці тралейбус уласнай распрацоўкі. Першая мадэль, АКСМ-101 (БКМ-101), сышла з канвэера ў 1994 г. і ў тым жа годзе менскія тралейбусы былі пастаўленыя ў Горадню, Менск, Уладзімер (Расея) і Улан-Батар (Манголія). Тралейбус АКСМ-101, які меў традыцыйную рэастатна-кантактарную сыстэму кіраваньня (РКСК), зьнешне мала адрозьніваўся ад ЗІУ-682. За год вырабілі 100 тралейбусаў. У 1996 годзе пачалі вытворчасьць АКСМ-201 з новым дызайнам кузава з элемэнтамі са шклоплястыку. У 1997 годзе распрацавалі нізкападлогавы тралейбус. Пры канцы 1990-х гадоў завод перайшоў ад капітальнага рамонту да вытворчасьці новых тралейбусаў і стаў называцца ВА «Белкамунмаш». У 2000 годзе выпусьцілі тралейбус АКСМ-321 і першы трамвай АКСМ-60102 з тырыстарна-імпульснай сыстэмай кіраваньня і дзьвюма маторнымі каляскамі. У 2003 годзе выпусьцілі трохсэкцыйны 26-мэтровы трамвай АКСМ-743 зь пераменным узроўнем падлогі і шасьцю дзьвярыма. Таксама «Белкамунмаш» выпускаў аўтамабілі хуткага рэагаваньня ЗіЛ-5301[5], машыны лесапажарнай аховы першага ходу МЛ-10 («Беларус-356»)[6], пажарную аўтацыстэрну МАЗ-5434[7] і іншую прадукцыю для дарожнай, камунальнай і будаўнічай працы. У 2007 годзе выпусьцілі тралейбус 4-га пакаленьня АКСМ-420. У 2008 годзе пачалі вырабляць трамвай АКСМ-843 хуткасьцю да 120 км.
У 2009 годзе «Белкамунмаш» пачаў вытворчасьць першых сэрыйных паўнізкападлогавых трамвайных вагонаў мадэлі 62103. Аднасэкцыйны вагон з трыма дзьвярыма мог зьмяшчаць да 159 паяжджанаў, у тым ліку 29 месцаў для сядзеньня. Вагон разьвіваў хуткасьць да 62 км/гадз і меў даўжыню 15,7 м. Пасажырскі салён і кабіна кіроўцы мелі асобныя кандыцыянэры. Налічвалася 6 камэраў відэанагляду. Таксама ў салёне было 3 парты зарадкі тэлефонаў і яшчэ адзін у кабіне[8]. У 2011 годзе ААТ «Белкамунмаш» утварыла холдынг з удзелам 2 УП «Навукова-тэхнічны вытворчы цэнтар» і «Сэрвісна-збытавы цэнтар», а таксама стварыла гібрыдны аўтобус А420[4].
Увесну 2012 году «Белкамунмаш» вырабіў паводле распрацоўкі польскага прадпрыемства «PESA» (Быдгашч) аднавагонны дызэль-цягнік ДП-1 на заказ Беларускай чыгункі[9]. Тралейбусы прадпрыемства працавалі ў 7 гарадох Беларусі (то бок, ва ўсіх тралейбусных сыстэмах краіны), а таксама ў 32 гарадох Расеі, Манголіі, Малдовы, Латвіі, Казахстану, Кыргыстану і Сэрбіі.[10]. У 2013 годзе выпусьцілі тралейбус АКСМ-43303А з дызэль-генэратарам. У 2014-м вырабілі АКСМ-32100D зь літ-тытанатным накапляльнікам. У 2016 годзе «Белкамунмаш» пачаў вырабляць электробусы «Вітаўт Макс Электра» (Е433). Да жніўня 2020 году «Белкамунмаш» паставіў электробусы ў 40 гарадоў 23 краінаў[11]. У 2019 годзе пачалі вырабляць электробус «Альгерд Е321»[12][13].
16 лютага 2022 году «Белкамунмаш» прадставіў свой 1-ы электрагрузавік «Вітаўт Трак Электра Прайм» памерам 10,5х2,6х4 мэтры з кузавам-фургонам на 44 кубамэтры. Яго грузападымальнасьць складала 7,8 тоны, а найбольшая хуткасьць — 90 км/гадзіна. Электрагрузавік аснасьцілі асынхронным цягавым электрарухавіком магутнасьцю 180 кіляват і літ-жалеза-фасфатнай батарэяй ёмістасьцю 273 кіляват/гадзіна ўласнай вытворчасьці. Прабег на адным зарадзе дасягаў 200 км. Сярэдні выдатак электраэнэргіі пры выкарыстаньні ўнутры горада складаў 1,1 кіляват/гадзіна. Сыстэма камбінаванай зарадкі (СКЗ) ўлучала 2 разэткі, што дазвалялі зарадзіць электрагрузавік за 90 хвілінаў. Для адпачынку кіроўцы ў кабіне ўсталявалі адкідное спальнае месца. Удасканаленая сыстэма дапамогі кіроўцу (УСДК) падтрымлівала аўтаматычнае экстранае тармажэньне. На распрацоўку і вытворчасьць 1-га ўзору электрагрузавіка спатрэбіўся роўна год[14].
З чэрвеня 2022 году прадпрыемства знаходзіцца ў санкцыйных сьпісах ЭЗ (Чорны сьпіс Эўразьвязу) ды Швайцарыі[15].
У 2022 годзе запусьцілі вытворчасьць цалкам нізкападлогавых трамвайных вагонаў мадэлі Т811 на аснове цялежкі ўласнай распрацоўкі[8]. За 2022 год «Белкамунмаш» вырабіў 158 тралейбусаў, 8 машынакамплектаў з 13 трамвайных вагонаў і электробус. Гадавая выручка вырасла на 20 % да 161 млн рублёў. Вырабы паставілі ў 13 гарадоў, у тым ліку тралейбусы мадэлі 433 у Сараева (Босьнія і Герцагавіна)[16]. Да 2023 году выпусьцілі 140 трамваяў мадэлі 62103, якія працавалі ў 12 гарадах[4].