Берасьцейская унія 1596 году — пастанова беларускіх і ўкраінскіх герархаў Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі аднавіць еднасьць з Апостальскай Сталіцай (Каталіцкай царквой) на тэрыторыі Рэчы Паспалітай.
У 1054 годзе адбыўся канчатковы раскол хрысьціянскай царквы на заходнюю — каталіцтва і ўсходнюю — праваслаўе. Вялікае Княства Літоўскае геапалітычна знаходзілася на мяжы дзьвюх рэлігіяў, таму абедзьве канфэсіі былі шырока прадстаўленыя ў дзяржаве. Гэта давала падставы праваслаўнай Маскве і каталіцкаму Захаду для ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Княства. Каб зьяднаць народ і абараніць незалежнасьць ВКЛ ад прэтэнзіяў Масковіі, у царкоўных і дзяржаўных колах зьявілася прагненьне пазбавіць краіну рэлігійнага супрацьстаяньня паміж каталіцтвам і праваслаўем.
Да XVI стагодзьдзя выразна праступілі рысы крызісу праваслаўя. Канстантынопаль быў захоплены туркамі, праваслаўная Царква ў ВКЛ ня здолела стварыць незалежную сыстэму адукацыі, падрыхтаваць кваліфікаваныя кадры шэраговага духавенства, назіраўся крызіс прапаведніцтва. У выніку праваслаўе аказалася няздатнае супрацьстаяць націску Рэфармацыі. Многія праваслаўныя цэрквы ператварыліся ў пратэстанцкія зборы. Праваслаўе імкліва страчвала сваю інтэлектуальную і матэрыяльную апору — магнатаў, шляхту (тагачасную інтэлігенцыю), якая масава пераходзіла на кальвінізм і ў каталіцтва. Езуіт Пётар Скарга адзначаў стан праваслаўя ў ВКЛ так: «Папы́ схалопелі, навука ўпала». Да таго, ва ўмовах Лівонскай вайны з Масковіяй арыентацыя на Маскву (якая стала цэнтрам праваслаўя, бо ў 1589 годзе там быў абвешчаны патрыярхат) выглядала здрадніцтвам. У той час на Захадзе пачаўся духоўны ўздым, выкліканы Рэфармацыяй, ствараліся нацыянальныя Цэрквы, а каталіцкая Царква з дапамогай новага ордэну езуітаў распачала контррэфармацыю. Неабходнасьць рэфармаваньня ўсходняй Царквы разумелі і беларускія і ўкраінскія герархі Кіеўскай мітраполіі. Сукупнасьць гэтых фактараў (культурная дэградацыя праваслаўя, узвышэньне праваслаўнай Масквы, імкненьне дзяржаўных кіраўнікоў ВКЛ да ўмацаваньня незалежнасьці і памкненьні Рымскіх папаў пашырыць каталіцтва ў Княстве) паспрыяла хуткаму правядзеньню царкоўнай рэформы — стварэньню Ўніяцкай царквы.
У першай палове 1590-х гадоў на шматлікіх сустрэчах з прадстаўнікамі каталіцкай Царквы праваслаўныя герархі выпрацоўвалі ўмовы аб’яднаньня ўсходняй Царквы ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Ініцыятарамі уніі выступілі япіскап Берасьцейскі і Ўладзімерскі Іпаці Пацей і япіскап Луцкі і Астроскі Кірыла Тарлецкі. Іх падтрымалі Кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза, кароль і князь Жыгімонт ІІІ Ваза і канцлер ВКЛ Леў Сапега. На царкоўным саборы вясной 1595 году з намерам заключыць унію згадзіліся ўсе праваслаўныя япіскапы, акрамя львоўскага, хоць ён раней адным зь першых выступаў за падпісаньне уніі. Уладыкамі (найперш Іпаціем Пацеем і Кірылам Тарлецкім) былі выпрацаваныя «33 артыкулы» — умовы аб’яднаньня, згодна зь якімі:
Пасьля прыняцьця уніі не павінна было быць ломкі звычаяў і традыцыяў — зьнешне нічога не зьмянілася. На гэта вельмі спадзяваліся ініцыятары аднаўленьня царкоўнай еднасьці. У лістападазе 1595 году з дазволу караля і пры падтрымцы дзяржаўнай улады Рэчы Паспалітай прадстаўнікі Кіеўскай мітраполіі ўладыкі Іпаці Пацей і Кірыла Тарлецкі выправіліся ў падарожжа ў Рым. 23 сьнежня 1595 году ў іх адбылася аўдыенцыя ў Рыме з Клімэнтам VIII, які згадзіўся з усімі ўмовамі і падпісаў папскую булу аб уніі.
7 лютага 1596 г. Папа Клімент VIII накіраваў русінскаму епіскапату кароткае пасланьне «Benedictus sit Pastor ille bonus», загадваючы склікаць Сінод, на якім біскупы Кіеўскай мітраполіі павінны былі прачытаць вызнаньне каталіцкай веры. Каралю Рэчы Паспалітай, князям і магнатам дасылаліся таксама розныя граматы з заклікам прыняць зьяднаных русінаў пад сваю абарону. Іншая була «Decet Romanum pontificem» ад 23 лютага 1596 г. вызначала правы епіскапату Кіеўскай мітраполіі і яе стасункі з Сьвятым Пасадам.
6—10 кастрычніка паводле старога стылю 1596 году (у Рэчы Паспалітай, якая перайшла тады ўжо на новы, грыгарыянскі каляндар, гэта было 16—20 кастрычніка) на скліканы з дазволу караля царкоўны Сінод біскупаў у Берасьці на запрашэньне мітрапаліта Міхаіла Рагозы зьехаліся ўсе біскупы Кіеўскай мітраполіі, а таксама афіцыйныя прадстаўнікі дзяржаўнай улады, папы Рымскага і рыма-каталіцкай Царквы, вядомыя багасловы, прадстаўнікі найбольш значных манастыроў, духавенства. Прыехалі ў Берасьце ня толькі прыхільнікі, але і праціўнікі уніі з ліку сьвецкіх (шляхта, прадстаўнікі брацтваў, месьцічы) і вядомыя багасловы з-за мяжы, запрошаныя князем Канстантынам Астроскім. На Сінодзе біскупаў Кіеўскай мітраполіі афіцыйна было абвешчана пра аднаўленьне поўнай сулучнасьці з Рымскім Апостальскім Пасадам. Адбылося гэта 18 кастрычніка (8 кастрычніка паводле старога стылю) у катэдральнай царкве сьв. Мікалая.
У Сінодзе біскупаў, які ўрачыста абвясьціў царкоўную унію Кіеўскай мітраполіі з Рымскай Царквой, удзельнічалі кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза і 5 біскупаў: уладзімерскі і берасьцейскі Іпаці Пацей, біскуп луцкі і астроскі Кірыла Тарлецкі, які да таго ж выступаў пад тытулам патрыяршага экзарха, архібіскуп полацкі Герман Загорскі, холмскі і белзскі біскуп Дыянісі Зьбіруйскі і менаваны біскуп пінскі і тураўскі, кобрыньскі архімандрыт Ёна Гогаль; манастыры прадстаўлялі таксама тры архімандрыты: Паісі Анікевіч-Сахоўскі з Менскага манастыра, Гедэон Бральніцкі з Лаўрышаўскага манастыра і архімандрыт Браслаўскага і Гарадзенскага манастыроў Клімент (Багдан) Годкінскі. Фактычна атрымалася, што да Уніі прыступілі тыя япархіі, што ахоплівалі пераважна беларускія землі. Дакладную колькасьць прадстаўнікоў парафіяльнага духавенства і манаства, якія падтрымалі Унію, сярод тых, што прыехалі ў Берасьце, вызначыць не ўдалося, аднак іх колькасьць была значнай. Сьвецкія ж людзі на гэтым прадстаўнічым царкоўным саборы маглі быць толькі слухачамі.
Праціўнікі уніі амаль адразу зразумелі, што яны ня ў стане перашкодзіць абвяшчэньню царкоўнай уніі, таму сабраліся ў Берасьці на свой сход у доме пратэстанта М. Райскага, які таксама абвясьцілі царкоўным саборам. Прыхільнікаў захаваньня незьяднанай усходняй Царквы ў Рэчы Паспалітай узначальваў уплывовы магнат Канстантын Астроскі, які прывёў з сабой войска ў 2-3 тысячы жаўнераў, і япіскап Львоўскі Гедэаон (Балабан). У антыўнійным саборы браў удзел яшчэ адзін біскуп — перамышальскі — Міхаіл (Капыстэнскі), а таксама 16 пратапопаў, 9 архімандрытаў (сярод якіх выдзяляўся Нікіфар Тур з Кіева-Пячорскай лаўры), ігумены і манахі з 12 манастыроў. Як і львоўскі ды перамышальскі біскупы, архімандрыт Нікіфар Тур у першых дэкларацыях падтрымаў унію, але ў апошнія месяцы перад саборам у Берасьці стаў яе ўплывовым праціўнікам. Было шмат прадстаўнікоў ніжэйшага духавенства. У лягеры праціўнікаў уніі знаходзіліся таксама 22 магнаты і прадстаўнікі брацтваў — 35 месьцічаў з 16 гарадоў.
Хоць кароль адзначыў у сваёй грамаце, што на царкоўны сабор у Берасьці будуць дапушчаныя толькі біскупы, духоўныя і сьвецкія «рускія», але не чужаземцы, галоўнай духоўнай фігурай антыўнійнага сабору стаў прадстаўнік Канстантынопальскага патрыярхату грэк Нікіфар Кантакузін, які патрапіў на сабор толькі дзякуючы К. Астроскаму. Канстантынопальскі патрыярхат у тыя часы быў у моцным заняпадзе і знаходзіўся пад туркамі, якія былі ворагамі Рэчы Паспалітай. А пасьля сьмерці ў 1595 годзе патрыярха Ераміі ІІ патрыяршы пасад у Канстантынопалі наогул заставаўся вакантным. Паколькі Нікіфар, хоць і быў прадстаўлены ў Берасьці як патрыяршы экзарх, не зьяўляўся сьвятаром, а тым больш біскупам, яго права галасаваць і накладаць санкцыі на «рускіх» уладык уяўлялася сумнеўным нават самім удзельнікам антыўнійнага сабору. Таксама на сабор у Берасьці прыехаў грэк Кірыла Лукарыс, які прадстаўляў патрыярха Александрыйскага Мялеція Пігаса. Аднак александрыйскі патрыярх ня меў ніякай юрысдыкцыі над Кіеўскай мітраполіяй.
Такі склад удзельнікаў альтэрнатыўнага сходу толькі ўмацаваў большасьць герархаў Кіеўскай мітраполіі ў іх намеры давесьці справу аднаўленьня царкоўнай еднасьці з Рымскай Царквой да канца. У іх вачах антыўнійны сход увасабляў усе прычыны бедаў Рускай Царквы: умяшаньне сьвецкіх асобаў у царкоўныя справы, непаслушэнства актывістаў брацтваў сваім біскупам, умяшаньне грэкаў з няпэўнымі паўнамоцтвамі, што прыехалі з-за мяжы, у кіраваньне Кіеўскай мітраполіяй, руйнавальны ўплыў пратэстантаў, якія дапамаглі арганізаваць альтэрнатыўны сход.
Наклаўшы ўзаемныя праклёны, герархі ўнійнага сабору і ўдзельнікі антыўнійнага сходу разьехаліся па сваіх япархіях. Паінфармаваны пра сабор і ўрачыстае абвяшчэньне Уніі кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III сваім унівэрсалам ад 15 сьнежня 1596 году зацьвердзіў правамоцнасьць усіх рашэньняў Сіноду біскупаў у Берасьці 16—20 кастрычніка 1596 г., заклікаў усіх праваслаўных вернікаў дзяржавы да паслушэнства сваім біскупам, а М. Капыстэнскага і Г. Балабана каб не прызнавалі больш сваімі пастырамі. Афіцыйна праваслаўная Царква ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай перастала існаваць. У грамадзтве ж пачала расьці напружанасьць і варожасьць паміж прыхільнікамі і праціўнікамі Уніі.
Грамадзтва ўспрыняла ўвядзеньне уніі па-рознаму. Частка насельніцтва рашуча яе падтрымала, асабліва ў япархіях, што ўзначальвалі прыхільнікі уніі, частка насельніцтва рашуча адмовіліся ад рэформы, бо баяліся за захаваньне чысьціні ўсходняга хрысьціянства. Для іх увядзеньне уніі ўспрымалася як асабістая трагедыя. Іншыя ўплывовыя праваслаўныя дзеячы (князь К. Астроскі) выступалі ня супраць уніі, а супраць падпарадкаваньня Рымскаму папу, супраць рэгіянальнага характару уніі. Такое моцнае супраціўленьне было непрадбачаным, канфрантацыя нарастала. Адбываліся сутычкі, барацьба за храмы і япіскапскія катэдры, некаторыя падзеі прымалі жудасныя формы. Жорсткая дзейнасьць уніяцкага архіяпіскапа Язафата Кунцэвіча ў Полацку і Віцебску, які спрабаваў прывесьці да царкоўнага послуху праваслаўных сьвятароў і вернікаў у сваёй япархіі, выклікала выбух гневу тых, хто хацеў застацца праваслаўным — Полацкі ўніяцкі біскуп Язафат Кунцэвіч быў жорстка забіты, а цела яго было зьнявечана і кінута ў Дзьвіну. Такія паўстаньні жорстка падаўляліся ўладамі, якія спачатку падтрымалі зьяднаную Царкву.
Уніяцтва праз падтрымку дзяржавы і культурна-асьветніцкую дзейнасьць паступова пашыралася сярод сельскага насельніцтва і гараджан, дробнай шляхты. Да пачатку XVIII стагодзьдзя яно стала самай масавай рэлігіяй у Княстве, дапамагло захаваць нацыянальныя адметнасьці беларускага народу, стрымала апалячваньне беларускіх зямель. Гэта азначае, што тыя надзеі, якія ўсклалі на ўніяцтва ў польскія колы ў Кракаве, не збыліся. Апостальская Сталіца дасягнула сваёй мэты — Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая сталі каталіцкай краінаю з абсалютнай большасьцю ў складзе насельніцтва католікаў абодвух (заходняга і ўсходняга) абрадаў. Паланізацыя і пашырэньне каталіцтва лацінскага абраду больш пасьпяхова адбываліся ў асяродзьдзі сярэдніх і буйных фэадалаў ВКЛ. Падчас контррэфармацыі яны амаль ўсе перайшлі ў рыма-каталіцтва, што паспрыяла іх апалячваньню, зьліцьцю з фэадальным саслоўем Польшчы ў адзінае фэадальнае саслоўе Рэчы Паспалітай. Беларускія фэадалы страчвалі сувязь з гістарычнай традыцыяй дзяржавы ВКЛ, са сваім народам.
Прыхільнікі праваслаўя ня зьніклі з гістарычнай сцэны. У 1620 годзе яны тайна пасьвяцілі новую герархію ў Кіева-Пячорскай лаўры, якая кантралявалася праваслаўнымі. Так канчаткова адбыўся раскол былых праваслаўных Княства на дзьве Царквы — зьяднаную і незьяднаную Кіеўскую мітраполію. Ва ўсходніх раёнах Княства праваслаўныя карысталіся большай падтрымкай, асабліва ў буйных гарадах. Таму кіраўнікі дзяржавы зь цягам часу вымушаныя былі афіцыйна дазволіць адраджэньне праваслаўя ў Княстве. У 1632 і 1633 гадах Уладзіслаў IV Ваза прызнаў існаваньне праваслаўных цэркваў і надаў ім некаторыя прывілеі, у 1650 годзе гэтыя прывілеі пацьвердзіў Ян Казімір.
У 1839 годзе ўніяцтва на беларускіх землях было забаронена. Да 1874—1875 гадоў уніяцкія парафіі (у якіх было некалькі дзясяткаў тысячаў вернікаў) яшчэ існавалі на невялікай тэрыторыі на паўночным захадзе сучаснай Беларусі (у Сапоцкінскім краі) і на Падляшшы.
Спроба адрадзіць унію ў Беларусі была зроблена на пачатку XX стагодзьдзя Галіцкім мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім і маладой беларускай інтэлігенцыяй, якая гуртавалася вакол першай беларускай газэты «Наша Ніва» — Іванам Луцкевічам, Алаізай «Цёткай» Пашкевіч і інш.
З 1917 году да сярэдзіны 1920-х гадоў ва Ўсходняй Беларусі, занятай бальшавікамі, у Магілёве, Віцебску і іншых мясцовасьцях праводзілася місійная праца па адраджэньні уніі пад кіраўніцтвам расейскага грэка-каталіцкага экзарха Леаніда Фёдарава (сёньня бэатыфікаваны Каталіцкай царквой) і магілёўскага рымска-каталіцкага дэкана Язэпа Белагаловага.
На тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая аказалася ў складзе Польшчы, з пачатку 1920-х гадоў пачалося стварэньне каталіцкіх парафіяў усходняга абраду пад кіраўніцтвам падляскага, а затым віленскага і пінскага рымска-каталіцкіх біскупаў. З створаных за 20 гадоў пад Польшчай каля двух дзясяткаў уніяцкіх парафіяў і асяродкаў, якімі апекаваўся Апостальскі візітатар біскуп Мікалай Чарнецкі, увосень 1939 году мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі стварыў Беларускі экзархат Грэка-каталіцкай царквы. З кастрычніка 1940 году яго ўзначаліў экзарх а. Антон Неманцэвіч, SJ, аднак ён трагічна загінуў у менскай турме СД у студзені 1943 году.
Усе ўніяцкія парафіі пасьля Другой сусьветнай вайны былі зьнішчаныя савецкай уладай, сьвятары выехалі на Захад або былі рэпрэсаваныя, а сама грэка-каталіцкая Царква ў СССР аказалася пад забаронай. Аднак пэўная частка вернікаў з тых парафіяў і некалькі грэка-каталіцкіх манахіняў у Пінску захоўвалі сваю веру і практыкавалі ў рымска-каталіцкіх касьцёлах Беларусі да сваёй сьмерці ў 1980-90-я гг.
Новае адраджэньне грэка-каталіцтва ў Беларусі пачалося з распадам СССР і выхадам грэка-каталіцкай Царквы з падпольля ва Ўкраіне.
Сёньня ў Беларусі дзейнічаюць афіцыйна зарэгістраваныя ў органах дзяржаўнай улады асобныя парафіі Беларускай грэка-каталіцкай царквы, арганізаваныя ў Апостальскую адміністратуру (статус БГКЦ да канца не ўрэгуляваны), якая разам з Украінскай грэка-каталіцкай царквой зьяўляецца спадкаемцай Берасьцейскай царкоўнай уніі 1596 г.