Беседзь лац. Biesiedź | |
Рака Беседзь у Веткаўскім раёне | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Выток | каля в. Бялоўшчына (Расея) |
Вусьце | Сож |
Краіны басэйну | Беларусь, Расея |
Вобласьці | Магілёўская вобласьць, Гомельская вобласьць, Смаленская вобласьць і Бранская вобласьць |
Даўжыня | 261 км |
Сярэднегадавы сьцёк | 28,4 м³/с |
Плошча басэйну | 5460 км² |
Нахіл воднай паверхні | 0,23 ‰ |
Бе́седзь, Бесядзь — рака ў Беларусі і Расеі, левы прыток ракі Сожу (басэйн Дняпра). Цячэ ў Магілёўскай, Гомельскай, Бранскай і Смаленскай абласьцях. Даўжыня 261 км, у межах Беларусі 185 км. Вадазбор 5460 км², у межах Беларусі 3110 км². Выдатак вады ў вусьці 28,4 м³/с. Агульны спад ракі 59,6 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,23 ‰.
Пачынаецца зь невялікага балота, за 2 км на паўднёвы захад ад вёскі Бялоўшчыны Шумяцкага раёну Смаленскай вобласьці, цячэ ў Хоцімскім, Касьцюковіцкім і Веткаўскім раёнах Беларусі. Тройчы перасякае беларуска-расейскую граніцу.
Даліна выразная, слабазьвілістая, трапэцападобная, шырыня да ўтоку ракі Жадунь 0,2—0,3 км, далей 0,6—1 км, ніжэй за вусьце ракі Сьвінка 1—1,5 км. Абалона пераважна двухбаковая, большай часткай лугавая, парэзаная прытокамі, старыцамі, рукавамі; вышыня ў вярхоўі 0,1—0,2 км, на астатнім працягу 0,5—0,8 км, пасьля ўтоку ракі Сьвінка да вусьця 0,5—1,5 км. Рэчышча моцназьвілістае й разгалінаванае; яго шырыня ў вярхоўі 15—20 м, у ніжняй плыні 30—40 м (на асобных дзялянках да 100 м). Берагі стромкія, нярэдка абрывістыя, вышынёй 0,3—2 м.
Найвышэйшы ўзровень разводзьдзя ў пачатку красавіка, найбольшая вышыня над межанным узроўнем 3,5—5,5 м, сярэдняя 2,8 м. Замярзае ў 1-й дэкадзе сьнежня, крыгалом у канцы сакавіка[1].
Вадазбор на паўднёва-ўсходняй частцы Аршанска-Магілёўскай раўніны, у нізоўях на Чачорскай раўніне і ў Гомельскім Палесьсі.
Расьліннасьць прадстаўляюць лес і хмызьняк (20%). Балоты нізіннага і пераходнага тыпу сустракаюцца невялікімі дзялянкамі ў западзінах.
Суднаходная за 78 км ад вусьця.
Рэжым ракі вывучаўся на 8 пастах, у наш час дзейнічае пост каля вёскі Сьвяцілавічаў[2].