Блоґ (блог, па-ангельску: blog, ад web log — «сеткавы часапіс падзей») — вэбсайт, асноўны зьмест якога — гэта запісы, якія рэгулярна дадаюцца уладальнікам блоґу, артыкулы або іншыя формы зьвестак. Характэрнымі для блоґаў зьяўляюцца кароткія запісы часовага значэньня.
Па аўтарскім складзе блоґі могуць быць асабістымі, групавымі (карпаратыўныя, клюбныя й г.д.) або грамадзкімі. Па зьмесьце — тэматычнымі або агульнымі.
Звычайным для блоґаў зьяўляецца мажлівасьць напісаньня камэнтараў (водгукаў) да ўсіх запісаў. Гэта мае важнае значэньне ва ўжываньні блоґаў у якасьці асяродку сеткавых зносінаў, якая мае шэраг яўных пераваг над электроннай поштай, чатамі або форумамі.
Вядзеньне блоґу робіцца магчымым пры наяўнасьці апраграмаваньня, якое дазваляе карыстальніку, ня ўмеламу ў вэб-распрацоўцы, дадаваць і зьмяняць запісы й рабіць іх дасяжнымі ў Сусьветным сеціве. Такое апраграмаваньне (якое звычайна завецца рухавічком блоґу (па-ангельску: blog engine), і якое адносіцца да сыстэмаў кіраваньня зьместам) можа быць разьмешчанае на асабістым сайце аўтара, або ў адной з сыстэм, якія прадстаўляюць месца спэцыяльна для блоґаў. Звычайна запісы распаўсюджваюцца праз RSS-канал.
У беларускай частцы сусьветнага сеціва бальшыня блогаў гуртуецца на сыстэме вядзеньня асабістых і калектыўных дзёньнікаў LiveJournal[Крыніца?]. Блоґ-сыстэма LiveJournal дазваляе весьці ня толькі асабістыя блоґі, але і групавыя — гэтак званыя суполкі (па-ангельску community). Суполка — гэта блоґ, куды карыстальнікі зьмяшчаюць допісы, аб’яднаныя нейкай адной тэматыкай.
Звычайна асабістыя блоґі не зьяўляюцца тэматычнымі (нельга высьветліць адзіную тэматыку), але, як і ў супольных ці карпаратыўных, у асабістых блоґах можна адзначыць некалькі асноўных тэматык:
Існуе шмат розных рухавічкоў. Адным з найбольш папулярных зьяўляецца WordPress. Таксама ёсьць шмат іншых рухавічкоў, якія адказваюць усім сучасным запатрабаваньням: