Бліны

Бліны
Распаўсюджаныя складнікімука, вада і яйка[d]

Бліны́ — традыцыйны беларускі мучны выраб, вядомы й іншым народам.

Пшанічную, жытнюю, ячную, грэцкую ці аўсяную муку замешваюць на малацэ або сыроватцы, сыраквашы. Бліны былі кіслыя, на рошчыне, і прэсныя, на содзе. У цеста часам дадаюць яйкі, цукар. Пякуць на падмазцы. Падаюць з мачанкай, падсмажаным салам, малаком, сьмятанай. З пшанічнай мукі пякуць невялікія тоўстыя бліны — аладкі і тонкія — налісьнікі.

У народнай традыцыі прыгатаваньне бліноў уваходзіла ў шэраг абрадавых комплексаў і зьвязвалася з ідэяй ахвяраваньня продкам. Таму рытуальнае спажываньне бліноў характэрнае найперш для абрадаў памінальнага характару. У час пахаваньня першы гарачы блін прызначаўся непасрэдна самому памерламу, блін несьлі за труной і пакідалі на магіле. На масьленіцу бліны клалі на акно, каб продкі сілкаваліся парай, а на Зьмітраўскія Дзяды на Магілёўшчыне бліны зьбіраў па хатах пастух, кажучы пад акном, што яго паслалі «дзяды».

З бліном у руцэ гаспадар клікаў Мароза на калядную вячэру. Пры першым выгане жывёлы бліны несьлі пастуху, які пагражаў: «Хто ня дасьць блінца — здохне аўца». Бліны ўваходзяць у склад шматлікіх варожбаў пра замужжа: зь ім на галаве ішлі на вуліцу і пыталіся імя першага сустрэчнага мужчыны; з блінамі беглі пад акно да суседзяў і чакалі словаў тыпу «сядзь» ці «ідзі»; ішлі зь першым бліном на сьметнік і прыслухоўваліся да брэху сабакі і г. д. Бліны пяклі на Ўзьнясеньне «Хрысту на анучы». Бліны як мучная страва характарызаваліся і прадукавальнай сымболікай — на куцьцю першы блін несьлі авечкам, каб яны цэлы год былі здаровыя. Часам дасьледчыкі ў круглай форме бліна бачаць увасабленьне сонца і тлумачаць спажываньне бліна на масьленіцу як сымбалічны акт ушанаваньня «маладога» веснавога сонца і далучэньня да яго жыватворнай моцы. Пры выпяканьні бліноў непажаданай была прысутнасьць іншых. Калі хто заходзіў у хату, дзе пякуць бліны, мусіў казаць: «Скачком бліны!», а ў адказ чуў: «Тарчком з ізбы!»

Гэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Тацьцяна Валодзіна, праект «Наша ежа».