Бобра | |
![]() Рака Бобра непадалёк ад вёскі Бростава | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Выток | каля в. Новага Двара |
Вусьце | Нараў |
Краіны басэйну | Польшча |
Даўжыня | 165,1 км |
Сярэднегадавы сьцёк | 33,6 м³/с |
Плошча басэйну | 7054,4 км² |
Нахіл воднай паверхні | 0,13 ‰ |
Асноўныя прытокі | |
Левыя | Сідра, Бярозаўка |
Правыя | Нэта, Лега, Лык, Віса |
Бобра, Бебра[1] (польск. Biebrza) — рака ў Польшчы, правы прыток Нарава (басэйн Віслы). Цячэ ў Падляскім ваяводзтве. Даўжыня 165,1 км. Плошча вадазбору 7054,4 км². Сярэдні выдатак вады ў вусьці 33,6 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,13 ‰. Праз Аўгустоўскі канал злучаецца з ракой Нёманам.
Гідронім Бобра, магчыма, паходзіць ад баброў, якія стагодзьдзямі жылі на рацэ.
Басэйн Бобры характарызуецца асымэтрыяй: больш разьвіты правыя прытокі — 75,5% (галоўным чынам рэкі, якія вынікаюць з Мазурскіх азёраў), левыя прытокі ўсяго — 24,5% вады ад агульнай масы.
Гістарычна склалася так, што рака Бобра была натуральнай прыроднай мяжой дзякуючы яе багністаму характару. Мяркуецца, што спачатку гэта была мяжа паміж балтыйскімі княствамі яцьвягаў і галіндаў, а потым паміж Мазавецкім княствам і Вялікім Княствам Літоўскім. І сёньня гэты рэгіён сутыкненьня беларускай і польскай культуры, дзе захоўваюцца відавочныя культурныя адрозьненьні.
У даліне Бобры знаходзіцца найвялікшы балотны абшар у Польшчы — так званыя Бобраўскія багны. Гэтыя багны маюць вялікае значэньне для вялізарнай колькасьці птушак якія водзяцца і гняздуюцца пераважна ў балотах. Таму вялікая частка гэтай унікальнай прыроднай тэрыторыі абаронена — тут знаходзіцца Бобраўскі нацыянальны парк. Амаль уся Бобра знаходзіцца ў парку (каля 155 км). Праз свае прыродныя багацьці рака ёсьць папулярным месцам для турыстычных сплаваў на байдарках і каяках.
Жыхарства басэйну ракі Бобры належыць да разнастайных культураў, моваў і рэлігіяў. У той час як большасьць размаўляе на дзяржаўнай польскай мове, некаторыя насельнікі вярхоўяў ракі (гміны Ліпск, Дуброва Беластоцкая і часткова Штабін) размаўляюць на мясцовым дыялекце беларускае мовы, незалежачы ад веравызнаньня. У паўночнай частцы вярхоўяў Бобры ёсьць таксама некалькі вёсак, дзе так званыя «стараверы» размаўляюць на архаічным дыялекце расейскае мовы. Некаторыя з гэтых супольнасьцяў захавалі вялікую частку іх традыцыйнай культуры нягледзячы на працяглую палітыку ўраду, накіраваную на асыміляцыю няпольскіх культурных і лінгвістычных меншасьцяў.