Бортніцтва

Выява ў Павучынай пячоры, Гішпанія (10 000 гадоў да н. э.[1]
Бортніцтва[2]

Бо́ртніцтва — старадаўні лясны промысел, пачатковая форма культурнага пчалярства.

Заснавана на разьвядзеньні й утрыманьні лясных пчолаў-баровак у штучных дуплах — борцях. Разьвілося зь дзікага пчалярства, калі чалавек выпадкова (зьбіральніцтва), а пазьней сьвядома (паляваньне за мёдам) знаходзіў пчаліныя гнёзды ў дуплах дрэваў, зьнішчаў вагнём пчолаў і забіраў мёд. Паступова бортніцтва замяняецца калодачным, а пасьля вынаходніцтва Пятром Пракаповічам у 1814 годзе рамовага вульля — рамовым пчалярствам. Па пераемнасьці калоднае пчалярства ўспрыняло ранейшую назву й працяглы час называлася бортніцтвам. Абумоўлена гэта было тым, што выраб калодаў, спосаб догляду пчолаў, бортны інструмэнт і тэрміналёгія засталіся ранейшымі. Розьніца складаецца толькі ў адным: борць выдзёўбвалі ў жывым дрэве, калоду-борць — у сьпілаваным.

Бортніцтва выпрацавала спэцыфічныя прылады й прыстасаваньні, якія безь істотных зьменаў, пад рознымі назовамі альбо ў іх варыянтах вядомы на ўсёх тэрыторыі краіны. Бортная тэрміналёгія ў беларусаў, палякаў і ўкраінцаў ня мае істотных адрозьненьняў. Гэта сьведчыць пра тое, што бортніцтва ўзьнікла ў пэрыяд агульнаславянскага моўнага адзінства.[3]

Гісторыя й шлях разьвіцьця

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Старажытная мапа. Бортніцтва ў часы ВКЛ

Пра занятак пчалярствам насельніцтва тэрыторыяў, на якіх пазьней пасяляліся плямёны ўсходніх славянаў, пісаў яшчэ ў 5 стагодзьдзі да н. э. славуты гісторык Герадот. Шматлікія згадкі пра мёд і воск мы знаходзім і ў летапісах. Ради даем медам и скорою — гавораць княгіне Вользе драўляне. Адным з асноўных эквівалентаў абмену мёд заставаўся й у 13—14 стагодзьдзях. Жыхары Бярэсьці плацілі ў 1275 г. Мсьціславу Данілавічу, князю валынскаму й галіцкаму, у агульнай колькасьці даніны па два лукны мёду з кожных ста чалавек гарадзкіх жыхароў. Гэтая ж адзінка вымярэньня мёду часта сустракаецца ў пісьмовых дакумэнтах 16 ст. Станаўленьне працэсу бортніцтва адбылося ў 1 ст. н. э., што пацьвярджаецца ўскосна лінгвістычным матэрыялам (словы мёд, воск, матка, труцень этымалягічна ўзыходзяць да агульнаслав. моўнага адзінства). Пераход да клясычнай формы бортніцтва адбыўся са зьяўленьнем жалезных прыладаў працы (сякера, пешня), калі стала магчымым выдзёўбваць борці ў сырых ствалах дрэваў; свайго росквіту дасягнула ў 10—12 ст. На працягу стагодзьдзяў бортніцтва задавальняла патрэбы ўсх. славян у мёдзе й іншых прадуктах жыцьцядзейнасьці пчолаў — воск, пропаліс. Мёд і воск былі галоўным відам экспарту. У якасьці адзінкі абмену выступаў і другі ня меней каштоўны прадукт пчалярства — воск, адліты ў кругі пэўнай вагі. На адной зь мініятур Радзівілаўскага летапісу, на якой паказаны прыём Ігарам грэцкіх паслоў, мастак намаляваў на стале тры кругі воску. Багаты матэрыял пра пчалярства знаходзіцца ў творах вуснай народнай творчасьці беларусаў. Слова борціць, напрыклад у значэньні рабіць борць, дайшло да нас у народнай песьні палешукоў: Дзе бортнічкі борцілі, там трэсачкі ляжалі.

Бортнік ліцьвін (Lütwin). Адна зь першых этнаграфічных выяваў беларусаў, 1730—1740-я гг.[4]

У пачатку 16 ст. толькі праз Полацкую мытную камору штогод вывозілася болей за 2 тыс. пудоў воску. У той час на Беларусі было больш за 1 млн борцяў, таварная прадукцыя якіх перавышала 0,5 млн пудоў мёду штогод. Бортніцтва было прыбытковай галіной гаспадаркі.

Пчалярства прайшло ў сваім разьвіцьці тры асноўныя стадыі:

  • бортніцтва
  • пчалярства калоднае
  • пчалярства рамовае[5].

Стадыі разьвіцьця

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бортніцтва — першапачатковая форма культурнага пчалярства, заснаванага на ўтрыманьні й разьвядзеньні пчолаў у жывых вульлях — натуральных або штучных дуплах такіх дрэваў, як хвоя, дуб, ліпа, радзей асіна. У сваю чаргу бортніцтва разьвілося зь дзікага пчалярства, калі з выпадкова знойдзенага ў лесе, а то й проста на зямлі пчалінага гнязда чалавек забіраў увесь мёд, зьнішчыўшы папярэдне вагнём рой, што знайшло адлюстраваньне ў прымаўцы: Не пагнетшы пчолаў, мёду не ядаць. Пазьней пошук дзікіх раёў набыў сьвядомы характар: чалавек ужо ішоў у лес па мёд, як на паляваньне. Заўважыўшы пчол, якія бяруць узятак, далёкі прашчур клаў на зямлю кавалачак сотавага мёду. Пчолы знаходзілі прываду й, пераносячы мёд у сваё гняздо, прыводзілі да яго чалавека. 3ь пераходам да аселага жыцьця адбылося пераўтварэньне зьбіральнікаў мёду ў сьвядомых пчаляроў-бортнікаў. Назіраючы за жыцьцём пчолаў й іх звычкамі, людзі заўважылі, што кожная пчаліная сям’я ў сярэдзіне лета роіцца: маладая сям’я пакідае матчыну борць і ляціць шукаць гняздо. Гэтая акалічнасьць падштурхнула чалавека на думку прывабліваць маладыя раі ў загадзя прыгатаваныя дуплы, спачатку натуральныя, а пазьней штучныя. Калі не лічыць пэрыяду дзікага пчалярства, бортніцтва прайшло тры этапы разьвіцьця:

  1. ахова й догляд дзікіх пчолаў у знойдзеных дуплах
  2. сьвядомае ўтрыманьне заселенага рою ў прыстасаваных пад борці натуральных дуплах
  3. разьвядзеньне і ўтрыманьне рою ў адмыслова зробленых борцях.[6]

Паступова выпрацавалася тэхніка вырабу борцяў, спосабы прывабліваньня й догляду пчолаў, узьніклі і ўдасканаліліся бортныя прылады працы, на аснове досьледу склалася сыстэма практычных і тэарэтычных ведаў пчалярства, сфармаваліся традыцыі, то бок узьнік новы від промыслу. Адбылося гэтае на землях сучаснай Беларусі 2—3 тыс. гадоў таму. Разьвіцьцё бортніцтва на Беларусі як самастойнага й шырокараспаўсюджанага промыслу спрыяла наяўнасьць вялікіх масіваў мяшаных лясоў і пушчаў, парослых верасам, чарніцамі, малінай, ажынай і йншымі мёдадайнымі расьлінамі й кветкамі. Бортніцтвам займаліся паўсюдна. В. Концкі, аўтар выдадзенай у 1614 годзе кніжкі «Навука аб пчолах», першай тэарэтычна-практычнай работы пра пчалярства, пісаў, што Белая Русь славутая вялікім мноствам розных багацьцяў, у тым ліку і пчоламі, шчодрымі на мёд, не абдзеленая. Гэта пацьвярджаецца й дадзенымі тапанімікі. Назвы вёсак Бортнікі, Бортнавічы, Борці распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Захаваліся да нашага часу некаторыя старажытныя адзінкі вымярэньня мёду й назвы посуду для яго захоўваньня: кадоўб, кадоўбчык, ліпечня і інш.[5]

Калоднае пчалярства

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Калоды. Вёска Целяшы, Гомельскі павет, пач. ХХ ст.[7]

Па пераемнасьці калоднае пчалярства ўспрыняло ранейшую назву й таксама называлася бортніцтвам. Абумоўлена гэта было тым, што выраб борці й калоды, спосабы догляду пчол, бортныя прылады й тэрміналёгія засталіся ранейшымі. Выкарыстаньне калоднага вульля, выпілаванага з бортнага дрэва, не зьмяніла на першым часе пчалярства, яно яшчэ доўга заставалася лясным. Выціснуўшы паступова бортніцтва ў яго чыстым выглядзе, калоднае пчалярства стала панаванай формай. У адзінкавых выпадках бортніцтва датрывала амаль да нашых дзён. Усё сталася з таго, што ў канцы 15 ст. поруч са спрадвечнымі борцямі пачалі выкарыстоўваць калоды (пянёк, каранёк) — вульлі, выдзеўбаныя ў адпілаваным кавалку дрэва. Першая калода ўзьнікла, відаць, з паваленага ветрам бортнага дрэва, зь якога, як сьведчыць Статут Вялікага Княства Літоўскага, выпілоўвалі борць. Па традыцыі калоды працяглы час усьцягвалі на дрэвы й ставілі на падкурах. Пра пашырэньне калоднага пчалярства ў першай чвэрці 16 ст. можна меркаваць па паэме М. Гусоўскага «Песьня пра зубра». Такім жа яно было й у пачатку 19 ст. Расейскі акадэмік В. Севяргін быў уражаны паўсюдным распаўсюджаньнем пчалярства на Беларусі ў 1802 г.: Сіе леса преизобилуют пчелами. Почти на каждом шагу встречаются на соснах ульи, иногда по два и по три на одном дереве.

Адмоўна адбілася на пчалярстве драпежніцкае вынішчэньне лясоў. Лес для абшарнікаў быў адной з асноўных крыніц прыбытку. Лясныя распрацоўкі асабліва інтэнсіўна разгарнуліся ў 30-х гадах 18 ст. Беларускі лес у выглядзе розных будаўнічых матэрыялаў, бандарных і карабельных нарыхтовак няспынным патокам сплаўляўся ў порты Прыбалтыкі, а адтуль вывозіўся ў краіны Заходняй Эўропы. Калясальныя плошчы лесу зьнішчаліся й для здабываньня паташу. У йнвэнтарах 17 і асабліва 18 стагодзьдзя пра бортніцтва як лясны промысел згадваецца толькі ў сувязі з такімі буйнымі ляснымі масівамі, як Наднёманская, Налібоцкая, Аўгустоўская і Белавеская пушчы. Апошні ўдар па бортніцтву нанесла распаўсюджаньне роябойнай сыстэмы пчалярства, калі забіралі ўвесь мёд, а пчол зьнішчалі. Вытворчасьць мёду ў другой палове 18 ст. рэзка скарацілася. Гэта вымусіла Кацярыну II скасаваць у 1775 годзе падатак на пчол, гэтая йльгота распаўсюдзілася і на ўсходнія раёны Беларусі, якія па першаму падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) увайшлі ў склад Расеі.

У пэрыяд калоднага пчалярства ў асобных раёнах Беларусі атрымалі распаўсюджаньне плеценыя вульлі — саламянікі й лазавікі. Першыя плялі з жытніх жгутоў, злучаных па вэртыкалі расшчэпленымі ўздоўж лазовымі дубцамі, другія — накшталт кашоў, зь нерасшчэпленых дубцоў лазы-малакіты. Абмазаны глінай, зьмяшанай з палавіньнем або дробнай сечкай, лазовы вулей паліравалі — заціралі мокрай рукой і пакрывалі тонкай скарыначкай рачнога мулу, які добра бараніў сьценкі ад вільгаці й дажджу. Выраб саламянікаў і лазавікоў быў абумоўлены хутчэй за ўсё ня пошукам рацыянальнага тыпу вульля, а таннасьцю матэрыялу. Па спосабу фармаваньня сотаў і форме яны нічым не адрозьніваліся ад калод і нічога прынцыпова новага ў пчалярства ня ўносілі. Па спосабу разьмяшчэньня адносна зямлі саламяныя і лазовыя вульлі, падобна калодам, бытавалі ў дзьвюх формах: стаякі мелі форму цыліндра або ўсечанага конуса, лежакі нагадвалі куфры з пукатым векам. Аднак шырокага распаўсюджаньня яны не атрымалі з прычыны таго, што іх неабходна было пераносіць на зіму ў зрубленыя зь бярвеньня імшанікі або плеценыя з лазы й абмазаныя глінай з абодвух бакоў мурні. Адрозьніваўся саламянік ад калоды толькі тым, што ў ім можна было павялічыць аб’ём вульля. Калі галава вульля цалкам запаўнялася мёдам, яго павялічвалі пры дапамозе насадкі, якая мела аднолькавы дыямэтар з вульлем. Аналягічнае яруснае разьмяшчэньне вульлёў пад ахоўным дашкам было вядома старажытным грэкам яшчэ ў 3—4 ст. да н. э.[5]

Пчалярства рамовае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Агульны выгляд рамовага вульля

На многіх пасеках, галоўным чынам прыватных, калоды функцыянуюць і цяпер. Многія пчаляры перарабілі йх на рамовыя вульлі, пашырыўшы камэру й надаўшы ёй прыдатную для разьмяшчэньня рамак прастакутную ў пляне форму або пашырыўшы пчалінае гняздо шляхам прыбудовы да калоды магазыннай надстаўкі, выкананай накшталт невялікага вульліка. Пераабсталяваньне калод, першыя спробы якога фіксуюцца першай чвэрцю 20 ст., яскрава сьведчыла пра прызнаньне беларускімі пчалярамі новага вульля, аднак для гэтага спатрэбілася амаль стагодзьдзе пасьля вынаходзтва чарнігаўскім пчаляром Пятром Пракаповічам у 1814 г. першага ў сьвеце драўлянага разборнага вульля, які атрымаў назву ўтулкавага[5].

Бортнае заканадаўства

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вокладка Статута ВКЛ, 1588 г.

Па меры распаўсюджваньня й удасканальваньня бортніцтва складалася й бортнае права — спачатку звычаёвае, а затым пісанае, дзяржаўнае. У «Рускай праўдзе» Яраслава Мудрага, першая кароткая рэдакцыя якой абагульніла й адлюстравала звычаёвае права VIII—X стагодзьдзяў, пра бортніцтва гаворыцца як пра даўно існуючы занятак. «Руская праўда» вызначала прававыя нормы й канкрэтную крымінальную адказнасьць за бортныя злачынствы: «Аже оукрадеть кто борть, то 12 грвн продаже», «Аже розна-менаеть бьрть, то 12 грвн», г. зн. за крадзеж і нават за зьнішчэньне бортных знакаў спаганяўся такі ж штраф, як і за забойства халопа. За падпал чужой маёмасьці, у тым ліку й борцяў, прадугледжвалася выгнаньне за межы бацькаўшчыны. У Польшчы пісанае бортнае права было ўведзена ў 1347 годзе.

За крадзеж мёду караліся й жаўнеры ў час вайны. Вайсковая ўстава Менскага сойму 1507 году прадугледжвала за крадзеж мёду найвышэйшую меру пакараньня — павешаньне: «Хто дрэва з пчоламі сьсячэ, таго таксама на шыбеніцу». Жаўнеры караліся нават за захоўваньне лязіва — прыстасаваньня для пад’ёму на дрэва. За гандаль крадзеным мёдам карчміта выганялі з войска, а «калі яго ў тым другі раз зловяць, тады яго на шыбеніцу».

Побач з заканадаўчымі актамі па ахове бортніцтва стаяла й звычаёвае права, якое йншы раз, асабліва ў глухіх раёнах Палесься, было больш дзейсным. Перайсьці нябачную мяжу звычаю мала хто адважваўся. Крадзеж мёду здаўна лічыўся амаль такім жа цяжкім злачынствам, як і забойства. Мянушка пчаладзёр на ўсё жыцьцё ганьбіла злодзея, ставіла яго па-за межы грамады[5].

У шматлікіх літаратурных крыніцах 16—17 стагодзьдзяў прыводзяцца апісаньні расправы: пчаладзёру ўскрываюць страўнік і ганялі яго вакол дрэва датуль, пакуль ён, апавіўшы вантробамі ствол, не падаў як нежывы. Найболей грунтоўна бортнае заканадаўства на Беларусі было распрацаванае ў 16 стагодзьдзі — у трох рэдакцыях Статуту Вялікага Княства Літоўскага ад 1529, 1566, 1588 гадох выданьня. Кожны зь іх зьмяшчаў артыкулы, што тычыліся бортніцтва[8].

Напрыклад, у Статуце ВКЛ ад 1588 году зьмяшчаліся наступныя артыкулы:

  • Хто бы мелъ споръ о бръти або о входы в пущу
  • Устава дереву бортному
  • Цена пчолам
  • О пущу, о ловы, о дерево бортное, о озера и сенажати[9]

Разам з рэглямэнтам, усталяваным у Статутах ВКЛ, у 1567 годзе Жыгімонтам Аўгустам была выдадзеная Лясная ўстава — заканадаўчая інструкцыя па выкарыстаньні лясных угодзьдзяў у Рэчы Паспалітай. Акрамя правілаў карыстаньня лесам, Устава вызначала пакараньне за самавольнае разьмяшчэньне борцяў.

Таксама большасьць бортных справаў разглядалась копнымі судамі, якія ў архіўных дакумэнтах называліся проста капа альбо гайны суд. Копныя суды праіснавалі ў Беларусі да 18 стагодзьдзя. У якасьці судзьдзяў на капе выступалі копнікі (копныя мужы, капляне), якія абіраліся зь ліку жыхароў сумежных вёсак. Гэтае былі найбольш аўтарытэтныя сяляне, што валодалі добрай рэпутацыяй, таксама старцы, кіраўнікі грамадаў — якія ўваходзілі ў копную акругу. Склад копных судзьдзяў рэдка перавышаў 30 асобаў.[10]

Бортныя цэхі, ці Бортныя брацтвы — карпаратыўна-прафэсійныя аб’яднаньні бортнікаў з шырокімі правамі самакіраваньня. На Беларусі вядомы з ХІV ст. У гарадох і мястэчках аб’ядноўвалі бортнікаў зь мяшчан і дробнай шляхты.[6] Бясспрэчным зьяўляецца той факт, што пераважную колькасьць пчаляроў складалі сяляне, для якіх земляробства заставалася галоўнай крыніцай існаваньня, а бортніцтва было другарадным заняткам, яно прыносіла лішнюю капейку й вызваляла ад цяглавай службы й некаторых іншых павіннасьцяў, зьвязаных з карыстаньнем зямлёй[5].

Вытворчая дзейнасьць і побыт рэглямэнтаваліся статутам, зацьверджанай гарадзкой радай. У адрозьненьне ад мядовых брацтваў у бортнае брацтва ўваходзілі бортнікі розных веравызнаньняў[6].

Пры паступленьні ў цэх прыносілася «Прысяга бортніка». Яна патрабавала адданасьці й паслухмянства кіраўніцтву цэха, яго суду й юрысдыкцыі, захаваньня «ўдзень і ўноч» прафэсійных сакрэтаў, неадкладнага выкрыцьця парушальнікаў цэхавай дысцыпліны й наогул рабіць усё для памнажэньня «набытку бортнага». На чале цэха стаялі выбраныя на агульным сходзе бортны стараста, падсудак і пісар, пазьней у адміністрацыю цэха ўвайшлі два лаўнікі, а падсудка зьмяніў гаёвы, то бок судзьдзя. Бортныя цэхі, падобна йншым аналягічным прафэсійным аб’яднаньням рамесьнікаў, мелі свой статут, сьцяг і пячатку, Сьцяг Віленскага цэха бортнікаў і цяпер захоўваецца ў саборы Пятра і Паўла, што на Антоклі ў Вільні[5].

Таксама кожны бортнае брацтва мела сваю пратэсу (харугву) з выявамі патрона пчалярства Іаана Златавуста, пчол і бортных рэаліяў. У час ваенных дзеяньняў бортнікі выступалі ў складзе апалчэньня пад сваёй цэхавай пратэсай[6].

Бортнікі плацілі падатак, выконвалі павіннасьці й карысталіся пэўнымі йльготамі й правамі. Бортнікам, якія мелі ў чужой пушчы борці, «волно на лезиво лыкь албо лубья на лазтэбень и на іньшые потребы… тыле иле им потреба будеть взяти, што можеть на собе занести, а не возоміь вывести». Яны мелі права выбіраць у скарбавым і прыватным лесе прыдатныя дрэвы й рабіць у іх борці, лавіць рыбу, касіць сена, але ім забаранялася паляваць і секчы дровы. Нават калі бортнае дрэва зваліць навальніца, бортнік павінен «улей з бортью выпустити и вывести, а верьховье и коренье оставити в пушчы». Рэглямэнтаваўся й тэрмін выкананьня пэўных работ. Так, напрыклад, незавершаную на працягу 4 тыдняў борць меў права дарабіць сабе іншы бортнік. Падатковай адзінкай зьяўлялася не асобная борць, а бор — 60 борцяў — незалежна ад таго, на якой плошчы лесу яны разьмяшчаліся. 3 бору спаганялася ручка мёду. У сярэдзіне XVI ст. бортнікі Пінскага княства плацілі мядовы падатак з разьліку «палова ў скарб, палова падданым»; спаганяўся падатак і грашыма. Кантроль за работай бортнікаў ажыцьцяўлялі прызначаныя зь ліку сялянаў наглядчыкі — палазьнікі. Яны вызначалі колькасьць сабранага мёду, а значыць, і памер падатку[5].

Мядовы бунт (1700—1721)[11]

Бортніцтва было прыбытковай галіной гаспадаркі. У 1773 годзе, напрыклад, лухаўскае лясьніцтва ў Аўгустоўскай пушчы за продаж драўніны выручыла 14 талераў і 25 грошай, а бортны падатак склаў суму ў 30 разоў большую — 507 талераў. Падатак з кожным годам павялічваўся й непасільным цяжарам прыгнятаў сялянаў-бортнікаў. Абараняючы свае правы, яны патрабавалі выкананьня ранейшых нормаў, змагаліся супраць самавольства й гвалту. Найбольш зацятым і драматычным было выступленьне бортнікаў Слонімскага староства, якое вядома пад назвай мядовы бунт.

Князёўна Ганна Сапега, ва ўтрыманьні якой знаходзілася староства, зрабіла спробу павялічыць мядовую даніну да 50% ад усяго сабранага мёду. Да гэтага сяляне плацілі мядовую даніну ў памеры 25 грошаў ад лазьбеня, а прыхатнія пасекі наогул не абкладаліся падаткам. Узброіўшыся цапамі, віламі й косамі, яны выгналі княжацкага намесьніка й арганізавалі самаахову. На ўціхаміраньне бунту адміністрацыя староства паслала ўзброеныя атрады. Сялянаў катавалі, аблівалі вадою на марозе, дзяцей і жанчын цкавалі сабакамі, насыпалі за пазухі жывых пчол. Больш як 20 гадоў (1700—1721) працягвалася барацьба бортнікаў за свае правы, але іх супраціў быў задушаны[5].

Аднак такія жорсткія спробы ніяк не прытушылі мядовы бунт — наадварот, пачалася сапраўдная партызанская вайна супраць магнатаў і фэадалаў. Магнацкія намесьнікі жорстка распраўляліся зь сялянамі-бунтарамі, забіралі іхнюю жывёліну, вульлі й іншае багацьце. Але ў большасьці намесьнікі не маглі трапіць у акругу бяз добра ўзброенай дружыны.

Усе арганізацыйныя пытаньні сяляне вырашалі грамадой — на агульных сходах — і не дапушчалі самакіраваньня. У кожнай вёсцы былі створаны атрады самаабароны — свавольныя купы. Сяляне добра разумелі неабходнасьць адзінства й салідарнасьці — таму прыносілі прысягу перад грамадой — каб адзін ад другога не адступаць (калі гэтая прысяга парушалася — жорстка каралі здрадніка).

Такім чынам сяляне трымаліся амаль два дзесяцігодзьдзі — пры тым спалучалі легальныя спосабы барацьбы і адкрытае непадпарадкаваньне і ўзброены супраціў, выкарыстоўвалі самыя дробязныя прамашкі.

У лістападзе 1720 году адбыўся вялікі суд, на якім прысутнічалі прадстаўнікі працавітых падданых і прадстаўнікі Сапегаў. Прадстаўнікі жадалі абвінаваціць сялянаў-бунтароў. Сяляне, аднак, абараняліся, падгрунтоўваючы свае словы граматамі й княскімі паперамі.

Такі падыход бунтароў паставіў клясавы суд у тупік. Бо калі перавагу аддадуць сялянам — гэта будзе прэцэдэнт у судовай справе, які будзе шырока ўспрыняты сярод сялянства, і будзе выкарыстоўвацца ў будучыні. Суд у такім выпадку перанёс судовую справу на наступны год на гадавы кірмаш.

Між тым суд прыняў бок фэадалаў (усе аргумэнты сялянаў прызналі нявартымі), і вялікая бортная судовая справа была вырашана не ў карысьць сялянаў-бортнікаў[12].

Бортніцтва як традыцыйны промысел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Борць ў старой ліпе, пач. XX ст.[2]

Борць — штучнае альбо прыстасаванае натуральнае дупло ў дрэве (хвоі, дубе, часам ў ліпе, асіне), дзе жылі дзікія пчолы. Лякальныя назвы — бартак, боруць, кляшня.

Борць выдзёўбвалі пад кронай дрэва на вышыні 4—15 мэтраў ад зямлі, з зацішнага й сонечнага боку рабілі вузкую прамакутную адтуліну (доўжня, века, лазейка), празь якую высякалі пешняй камору борці, а потым празь яе выконвалі ўсе работы па догляду за пчоламі.

Доўжню закрывалі дубовым бруском і дадаткова прыкрывалі дубовай дошкай (сьнет, сьняток), прымацаванай да дрэва двума штырамі з правушынамі для затычак. Побач са сьнетам сьвідравалі ляток — адтуліну для ўваходу й выхаду пчолаў. На Беларусі вядомы трапэцападобнай формы каморы борці, памеры іх былі розныя.[6]

Камэра борці падзялялася на тры часткі: галава (шапка), дзе знаходзіўся рой, сярэдзіна, дзе разьмяшчаліся соты, і дно (подак, под), куды ападалі мёртвыя пчолы, рознае сьмецьце, а пры неабходнасьці ставілася падкормка (падкармячка) — сыта ў драўлянай ці глінянай місачцы. Супрацьлеглая частка борці называлася плячамі.[5]

Бортнік [2]

Бортнікі — пчаляры, якія займаліся ўтрыманьнем і доглядам баровак (лясных пчолаў) у борцях. Лакальныя назвы барцялазы, вотчычы. Бортнікі рабілі новыя борці й засялялі іх, рыхтавалі прынаду для раёў, чысьцілі борці, выбіралі мёд, ахоўвалі пчолаў ад неспрыяльнага надвор’я (дажджу, вільгаці, марозу), шкоднікаў (мядзьведзяў, мурашак). Умельства бортніка перадавалася з пакаленьня ў пакаленьне й у шмат якіх сем’ях бортніцтва было спадчынным на працягу стагодзьдзяў.[6] Прафэсія бортніка звычайна перадавалася й пераходзіла ад бацькоў. Хадзіць ля пчолаў вучыліся зь дзяцінства, спакваля спасьцігаючы таямніцы пчалярства. Найбольш важныя зь іх, у тым ліку чарадзейныя дзеяньні й замовы, бацькі перадавалі сынам перад сьмерцю. Такі звычай, паводле сьведчаньня І. А. Сербава, бытаваў на Палесьсі яшчэ і ў пачатку XX ст.[5]

Бортнае кляйно (знамя)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Бортнае знамя, кляйно на тэррыторыі Беларусі

Бортнае знамя, бортны знак, кляйно. Абазначала прыналежнасьць борці пэўнаму гаспадару-бортніку. Бортнае знамя высякалі на ствале борцевага дрэва на ўзроўні вачэй.

У аснове кампазыцыі — геамэтрычныя фігуры: спалучэньні розных па велічыні й форме трыкутнікаў, рысак, дужак і інш. Аналягічныя знакі ўжываліся пры межаваньні зямлі, лугоў, лесу, вазёраў, рэчак. Бортныя знакі былі своеасаблівымі сямейнымі гербамі, якімі абазначалі ўласныя рэчы й прылады працы. Старцы, дзесяцкія й інш. выбарныя кіраўнікі сялянскіх грамад у 15—17 ст. выкарыстоўвалі бортнае знамя замест подпісаў на службовых паперах, копнікі — на пастановах копных судоў. Старажытныя бортныя знакі захаваліся да нашага часу. Адным зь іх пазначаны 500-гадовы дуб «Мінтус» каля в. Рашотнікі Рэчыцкага раёну.[6]

Бортніцтва, як і ўсе іншыя гаспадарчыя заняткі чалавека, выпрацавала адмысловыя прылады працы й прыстасаваньні. Яны без істотных зьменаў, але часта пад іншымі назовамі вядомы на ўсёй тэрыторыі Беларусі: лязіва (лазіва, лёзва, лазы, лазня, ліна, ліня, жэнь, плець), барта (барда, серка) — невялікая сякера з шырокім лязом, нож для падрэзваньня сотаў (медарэз, рэзічка), пешня з прамым і сагнутым «лыжачкай» лязом на доўгім пяхоўі[6].

Калоднае бортніцтва

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Бортная калода на дубе

Недзе ў ХV—ХVІ стагодзьдзях распаўсюдзіліся калодныя вульлі, якія па-ранейшаму называлі борцямі, або калодамі. Першым калодным вульлем хутчэй за ўсё было тое ж борцевае дрэва, паваленае ветрам; кавалак ствала, дзе знаходзілася борць, акуратна адпілоўвалі з двух бакоў і ставілі ў неабходным месцы. Калоды расстаўлялі на дрэвах на вышыні да 15 м пераважна ў ліпавых і бярозавых гаях, паблізу пойменных лугоў і верасовых балот, багатых мёдадайнымі расьлінамі[13].

Працяглы час калоднае бортніцтва ўспрымалася як і «клясычнае» бортніцтва — бо амаль не адрозьнівалася па спосабу догляду, аховы пчолаў. Адзінае розьненьне было ў тым, што калоды можна ўсталяваць амаль на кожным дрэве, а борць выдзеўбаць можна толькі ў прыдатным борцевым дрэве. Да таго ж калоднае бортніцтва спрашчала бортную працу (калоду можна было вырабляць у двары) — бо ня трэба было рабіць борць на вышыні (такая справа рызыкоўная — бо можна было зваліцца зь лязіва, ці пакалечыцца).

Сучасны стан і пэрспэктывы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сёньня бортніцтва ў яго «клясычным» выглядзе амаль не сустракаецца (альбо сустракаецца спарадычна), у той час як калоднае бортніцтва яшчэ бытуе на Беларусі паралельна з рамовым[13].

Асноўнымі найбольш разьвітымі краямі зьяўляюцца: Піншчына, Жыткаўшчына, Петрыкаўшчына, Тураўшчына, Шаркоўшчына, Белавеская пушча. Бортніцтвам (у асноўным калодым) займаюцца спадчанныя бортнікі, промысел да якіх пераходзіў ад іх бацькоў і дзядоў. Некаторыя зь іх перадаюць свае веды сваім сынам, пчалярам — якія займаюцца як бортніцтвам, так і пчалярствам (пасечным пчалярствам).

У краіне пакуль маюцца этнаграфічныя музэі:

Але не існуюць спэцыяльныя тэрыторыі й рэзэрвацыі бортніцтва, дзе б бортніцтва не захоўвалася, нібыта экспанат — а было сапраўдным жывым промыслам.

  1. ^ Занятие издревле благородное. Гурков В. С., Терехин С. Ф. — Мн.: Полымя, 1987. С. 4
  2. ^ а б в Сержпутовский А. К. Бортничество в Белоруссии // Материалы по этнографии России / Этногр. отд. Рус. музея имп. Александра ІІІ. Т. 2. — М., 1914. С. 15.
  3. ^ Помнікі этнаграфіі: Метадалогія выяўлення, апісання і збірання / Беларус. добрахвот. т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры, Сектар этнаграфіі Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР; пад. рэд. В. К. Бандарчыка — Мн.: Навука і тэхніка, 1981. С. 73
  4. ^ Возможно, это первое изображение белоруса в истории (но далеко не все в этом уверены). Так или иначе: посмотрите, какой красавчик!, CityDog.by, 13.09.2021 г.
  5. ^ а б в г д е ё ж з і к Промыслы і рамёствы Беларусі / В. К. Бандарчык, В. С. Цітоў, Л. І. Мінько. — Мн.: Навука і тэхніка, 1984. С. 47—54
  6. ^ а б в г д е ё ж Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя. Рэдкал.: І. П. Шамякін і інш. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 575 с. (Артыкул У. С. Гуркоў, С. Ф. Цярохін.)
  7. ^ Беларускае дойлідства сяр. ХІХ — пач. ХХ стст., zodchestvo.net (рас.)
  8. ^ Бортничество в Белоруссии. Гурков В. С., Терехин С. Ф. Белорусское добровольное общество охраны памятников истории и культуры.: Полымя. — Мн. — 1980. С. 8
  9. ^ Занятие издревле благородное. Гурков В. С., Терехин С. Ф. — Мн.: Полымя, 1987. С. 42
  10. ^ Занятие издревле благородное. Гурков В. С., Терехин С. Ф. — Мн.: Полымя, 1987. С. 44—45
  11. ^ Занятие издревле благородное. Гурков В. С., Терехин С. Ф. — Мн.: Полымя, 1987. С. 56
  12. ^ Занятие издревле благородное. Гурков В. С., Терехин С. Ф. — Мн.: Полымя, 1987. С. 57—60.
  13. ^ а б Народная культура Беларусі: Энцыклап. даведнік / пад агульнай рэд. В. С. Цітова. — Мн.: БелЭН, 2002. — 432 с.
  • Беларуская борць: Мес. пчалярства і мядова-лекавых зелак. — Вільня, 1934. — 7 раз в год.
  • Bierozko H. Pćalina — żywiołka małaja, a karyści daje mnoha / Henryk Bierozko. — Pieciarburh: Drukarnia K. Piantkouskaha, 1911. (тэкст на беларускай мове лацінкай).
  • Буткевіч А. Догляд пчол увесну / Пер. з рас. Тышкевіч. — Менск: Белдзяржвыд, 1931. 12000 экз.
  • Сербаў І. Вічынскія паляне. Матэрыяльная культура: этнаграфічны нарыс Беларускага Палесся / І. Сербаў; [падрыхтоўка матэрыяла да друку і прадмова Т. Навагродскага]. — Менск: Беларускі фонд культуры, 2005. — 78, [1] с. 1000 экз.
  • Geffcken H., Herb M., Jelinski N., Jung-Hoffman I. Bienenbäume, Figurenstöcke und Bannkörbe. Fördererkreis d. naturwiss. — Berlin: Museen Berlins, 1993. ISBN 3-926579-03-X.
  • Mieczyński A. Pszczolnictwo polskie czyli Zbiór pism najpraktyczniéjszych pszczolarzy Polskich i amatorów pzczolnictwa / wydany staraniem Adama Mieczyńskiego. — Warszawa: w drukarni J. Jaworskiego, 1858. — XVIII, 168 s.
  • Moszynski K. Polesie wschodnie: Materjaly etnograficzne z wschodniej czesci b. powiatu Mozyrskiego oraz z powiatu Rzeczyckiego / Kazimierz Moszynski. — Warszawa: Wydawnictwo Kasy im. Mianowskiego, 1928.
  • Простонародные приметы и поверья, суеверные обряды и обычаи, легендарные сказания о лицах и местах / собрал в Витебской Белоруссии Н. Я. Никифоровский, действительный член Императорского общества любителей естествознания, антропологии и этнографии и действительный член Витебского губернского статистического комитета. — Витебск : Губернская Типо-Литография, 1897.
  • Освященные предметы и отношение к ним простонародья Витебской Белоруссии / Н. Я. Никифоровский. — Витебск : типолитогр. насл. М. Б. Неймана, Б.г.(1903 ?) Отд. отт. из : Полоцк. епарх. ведомости. № 10—20, 22. 1903.
  • Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии и описание предметов обиходности : (этнографические данные): с географическим видом Витебской губернии и четырьмя чертежами в тексте / составил Н. Я. Никифоровский : Губернская типография, 1895. . — Витебск — [4], VIII, 552, CLIV с.
  • Севергин В. М. Записки путешествия по западным провинциям Российского государства, или Минералогические, хозяйственные и другие примечания, учиненные во время проезда через оные в 1802 году академиком, коллежским советником ордена св. Анны второго класса кавалером Василием Севергиным . — в Санкт-Петербурге : при Императорской Академии наук, 1803. — [6], 224 с.
  • Сержпутовский, А. Белорусы / Государственный русский музей, Русский этнографический отдел. — [Ленинград] : Государственная типография имени Ивана Федорова, 1926].
  • Сержпутовский, А. К. Отчет о поездке в Гомельскую губернию в 1926 году / Ін-т беларус. культуры. — Мн., 1926.
  • Сержпутовский, А. К. Бортничество в Белоруссии / А. К. Сержпутовский // Материалы по этнографии России / Этногр. отд. Рус. музея имп. Александра ІІІ. — М., 1914. — Т. 2.
  • Сержпутовский, А. К. Сябрына. 2 : Бонда : (из жизни полесских белорусов южной части Слуцкого уезда, Минской губернии). — 1907.
  • Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю. — Б.м., Б.г. — Разд. паг. Ксерокопия. — Отт. из журн. «Современник»

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]