Брандэнбург (маркграфства)

Брандэнбург
Brandenburg
Герб Брандэнбург
Герб
Месцазнаходжаньне Брандэнбург

Марка Брандэнбург у 1320 годзе

Афіцыйная мова Нямецкая
Сталіца Брандэнбург
Бэрлін (з 1417)
Форма кіраваньня манархія

Маркграфства Брандэнбург (па-нямецку: Markgrafschaft Brandenburg) — адно з найбольш значных княстваў у Сьвятой Рымскай імпэрыі, якое існавала з 1157 году да ліквідацыі імпэрыі ў 1806 годзе. Таксама вядомае як Марка Брандэнбург (па-нямецку: Mark Brandenburg), гэтае княства сыграла ключавую ролю ў гісторыі Нямеччыны і Цэнтральнай Эўропы.

Брандэнбург разьвіўся з Паўночнай маркі, заснаванай на тэрыторыі расьсяленьня славянскіх Вендаў. Кіруючыя гэтай дзяржавай маркграфы па Залатой буле 1356 году атрымалі прэстыжны тытул курфюрстаў, які дазваляў ім галасаваць на выбарах імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі. Дзяржава была таксама вядома як Курфюрства Брандэнбург (па-нямецку: Kurfürstentum Brandenburg).

Гагэнцолерны ўзышлі на трон Брандэнбургу ў 1415 годзе. Пад кіраваньнем Гагэнцолернаў Брандэнбург імкліва разьвіваўся і ў XVII стагодзьдзі атрымаў у спадчыну герцагства Прусію. Утвораная дзяржава Брандэнбург-Прусія была ў XVIII стагодзьдзі ператворана ў каралеўства Прусію, якое нароўні з Аўстрыяй стала вядучай дзяржавай у Нямеччыне на працягу XVIII стагодзьдзя. Нягледзячы на тое, што тытулам кіраўнікоў гэтай дзяржавы быў «кароль Прусіі», цэнтрам аб’яднанай дзяржавы працягвала заставацца сталіца Брандэнбургу — Бэрлін.

Маркграфства Брандэнбург было ліквідавана сумесна з архаічнай Сьвятой Рымскай імпэрыяй у 1806 годзе, аднак у 1815 годзе яно было заменена Прускай правінцыяй Брандэнбург. Кіруемая дынастыяй Гагэнцолернаў, Прусія дамаглася аб’яднаньня Нямеччыны ў 1871 годзе. Назва «марка Брандэнбург» сёньня выкарыстоўваецца для неафіцыйнага абазначэньня фэдэральнай зямлі Брандэнбург у Нямеччыне.