Браслаў

Браслаў
лац. Brasłaŭ
Будынак павятовай адміністрацыі
Будынак павятовай адміністрацыі
Герб Браслава Сьцяг Браслава
Першыя згадкі: 1065
Магдэбурскае права: 8 кастрычніка 1500
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Браслаўскі
Плошча:
  • 9,24 км²[1]
Вышыня: 139 м н. у. м.
Насельніцтва: 9829 чал. (2018)[2]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2153
Паштовы індэкс: 211970
СААТА: 2208501000
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 55°38′30″ пн. ш. 27°2′0″ у. д. / 55.64167° пн. ш. 27.03333° у. д. / 55.64167; 27.03333Каардынаты: 55°38′30″ пн. ш. 27°2′0″ у. д. / 55.64167° пн. ш. 27.03333° у. д. / 55.64167; 27.03333
Браслаў на мапе Беларусі ±
Браслаў
Браслаў
Браслаў
Браслаў
Браслаў
Браслаў
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://braslav.vitebsk-region.gov.by/

Бра́слаўместа ў Беларусі, на паўночным беразе возера Дрывятаў. Адміністрацыйны цэнтар Браслаўскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 9829 чалавек[2]. Знаходзіцца за 220 км ад Віцебску, за 40 км ад чыгуначнай станцыі Друя (лінія Варапаева — Друя). Аўтамабільныя дарогі злучаюць места з Друяй, Мёрамі, Шаркоўшчынай, Відзамі і Дзьвінскам.

Браслаў — магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя.

Браслаў, з мапы 1658 г.

Паходжаньне тапоніму Браслаў звычайна зьвязваюць зь імем князя полацкага Брачыслава, за якім тут збудавалі горад[3]. На думку географа Вадзіма Жучкевіча, гэтае меркаваньне ёсьць даволі спрэчным з тае прычыны, што паселішча існавала яшчэ да Брачыслава. Паводле дасьледніка, тапонім варта тлумачыць праз балтыйскую аснову брасла, што азначае 'брод'. На карысьць гэтага меркаваньня сьведчыць геаграфічнае разьмяшчэньне паселішча ля пераходу пры азёрнай затоцы[4].

Браслаў, з мапы 1695 г.

Варыянты напісаньня назвы ў гістарычных крыніцах — Браславль, Бряславль. Варыянт лацінскага напісаньня назвы места на мапах 1658, 1695, 1770[5] і 1780[6] гадоў — Braslau.

Дзеля адрозьненьня ад Брацлава на Падольлі часам насіў дадатковыя азначэньні — Браслаў Літоўскі[7][8][9][10][11][12] або Браслаў Завельскі[a].

Паводле зьвестак археалягічных раскопак яшчэ ў ІХ ст. на месцы сучаснага Браслава існавала старажытнае паселішча латгалаў і крывічоў. У пачатку ХІ стагодзьдзя на месцы спаленага паселішча паўстаў памежны горад Полацкага княства. Умацаваны валам вышынёй ад 3 да 9 м, дзядзінец старажытнага Браслава разьмяшчаўся на пярэсмыку паміж азёрамі Дрывятамі і Навятамі на Замкавай гары, побач знаходзіўся пасад. У ХІ—ХІV стагодзьдзях насельніцтва займалася ў асноўным сельскай гаспадаркай, паляваньнем, рамёствамі, гандлем.

Першы пісьмовы ўпамін пра Браслаў зьмяшчаецца ў Хроніцы Быхаўца і Хроніцы Мацея Стрыйкоўскага пад 1065 годам у зьвязку зь мітычным нападам на яго літоўскіх князёў братоў Кернуса і Гімбута.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Мескі герб і павятовая пячатка (1792 г.)
Цудоўны абраз Маці Божай

З пачатку ХІV стагодзьдзя Браслаў знаходзіўся ў валоданьні вялікіх князёў і згодна з тэстамэнтам Гедыміна перайшоў да ягонага сына Яўнута. Дзяржаўцамі Браслава былі Сапегі, Масальскія, Скумін-Тышкевічы. У пачатку ХV ст. места стала цэнтрам павету Віленскага ваяводзтва. Павятовыя соймікі зьбіраліся на Замкавай гары, тут жа, паводле пастановы вальнага сойму 1590 году, збудавалі дом для паседжаньняў суду і захоўваньня архіву. У гэты ж час на сродкі ваяводы віленскага і старосты браслаўскага Войцеха Манівіда ў месьце збудавалі касьцёл[13].

8 кастрычніка 1500 году вялікі князь Аляксандар надаў Браславу прывілей на няпоўнае Магдэбурскае права. У 1506 годзе па сьмерці Аляксандра места перайшло да ягонай жонкі Алены. Яна заснавала тут жаночы манастыр з царквой Сьвятой Барбары, у якой жыла да сваёй сьмерці ў 1513 годзе[14].

У ХVІ—ХVІІ стагодзьдзях вялікую ролю меў Браслаўскі замак, які ўпершыню ўпамінаецца пад 1514 годам. На 1554 год, паводле інвэнтару, у месьце было 5 вуліцаў, 110 дамоў, зь іх 65 дамоў знаходзілася на вуліцы Вялікай, што праходзіла ўздоўж возера Дрывятаў. На гэтай жа вуліцы разьмяшчаліся царква, касьцёл, лякарня, сядзіба князёў Масальскіх. Існавалі таксама кляштар, 40 корчмаў. Месьцічы займаліся пераважна земляробствам, часткова гандлем і рамёствамі[14]. У 1579 годзе Станіслаў Пахалавіцкі пазначыў Браслаў на сваёй мапе як паселішча на высьпе. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1661 годзе маскоўскія войскі поўнасьцю зруйнавалі Браслаў. Вальны сойм вызваліў места ад усіх падаткаў на 4 рокі[14].

У 1787 годзе адбыўся апошні соймік Браслаўскага павету. 2 чэрвеня 1792 году кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў месту герб: «у блакітным полі залатое сонца, на якім блакітны трыкутнік з чалавечым вокам — вокам Боскага наканаваньня»[15]. Неўзабаве згодна з пастановаю Гарадзенскага сойму 1793 году Браслаў стаў сталіцаю ваяводзтва. На 1794 год тут было 68 будынкаў[14], з прычыны пазьнейшага пажару цэнтар ваяводзтва перанесьлі ў Відзы. 11 траўня 1794 году на вуліцах места адбыўся бой паміж паўстанцамі Тадэвуша Касьцюшкі і расейскімі карнымі войскамі[14].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Браслаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Віленскай губэрні (з 1797 году — у Літоўскай, а з 1801 году — у Віцебскай губэрні). Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1843 годзе яго далучылі да Новааляксандраўскага павету Ковенскай губэрні[16].

У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя ў Браславе было 60 двароў; працавалі лякарня, расейская вучэльня, піваварня; дзеялі касьцёл і сынагога. На 1913 год у мястэчку працавалі лякарня, сельская вучэльня, вінакурны завод.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў канцы 1915 — лютым 1918 году каля Браслава праходзіла лінія фронту. У лютым 1918 году мястэчка занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Панарама з Замкавай гары, 1944 г.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Браслаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году паводле пастановы І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР. У сьнежні 1919 году Браслаў занялі польскія войскі. У 1920 годзе ён увайшоў у склад Сярэдняй Літвы. На 1921 год у мястэчку было 243 будынкі, працавалі млын, тартак, цагельня, дробныя крамы. З 1922 году Браслаў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам павету Віленскага ваяводзтва. У 1920-я гады адміністрацыйны цэнтар места перанесьлі на яго заходнюю ўскраіну. Тут узьвялі грамадзкія і гаспадарчыя будынкі, 2-павярховыя жылыя дамы для павятовай адміністрацыі і іншых урадоўцаў. Апроч гэтага, у Браславе заснавалі мэханічную пякарню, распачаў працу рыбны завод. У 1928—1929 гадох з прычыны кепскіх мэтэаралягічных умоваў на Віленшчыне паўстала пагроза голаду. На дапамогу галадоўцам выдаткоўваліся дзяржаўныя сродкі, зьбіраліся ахвяраваньні. Да канца 1929 году голад удалося пераадолець.

У 1939 годзе Браслаў увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёну Вялейскай вобласьці (з 1944 году ў Полацкай, з 1954 году — Маладэчанскай, а з 1960 году — Віцебскай вобласьці). У Другую сусьветную вайну з 27 чэрвеня 1941 да 6 чэрвеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. 6 красавіка 1944 году каля Браслава савецкая партызанская брыгада імя Жукава зьнішчыла аддзел Арміі Краёвай пад камандаю Казімера Краўзэ «Ваўжэцкага». Савецкія партызаны забілі 21 польскага жаўнера, дабілі параненых[17].

  • XVI стагодзьдзе: 1554 год — каля 1000 чал.
  • XVIII стагодзьдзе: 1794 год — 700 чал.[14]
  • XIX стагодзьдзе: 1850 год — 220 чал.[3]
  • XX стагодзьдзе: 1913 год — 1550 чал.[3]; 1921 год — 1587 чал.[18]; 1939 год — 4,9 тыс. чал.; 1959 год — 4,2 тыс. чал.[18]; 1969 год — 4,6 тыс. чал.[18]; 1990 год — 9,5 тыс. чал.[18]; 1991 год — 10 тыс. чал.; 1995 год — 10,7 тыс. чал.[19]
  • XXI стагодзьдзе: 2003 год — 10,1 тыс. чал.; 2006 год — 9,9 тыс. чал.; 2009 год — 9516 чал.[20] (перапіс); 2010 год — 9,5 тыс. чал.; 2015 год — 9710 чал.[21]; 2016 год — 9857 чал.[22]; 2017 год — 9817 чал.[23]; 2018 год — 9829 чал.[2]

У Браславе працуюць гімназія, 3 сярэднія школы, школа мастацтваў, спартовая школа.

Дзеюць 2 бібліятэкі, дом культуры, народны тэатар. У 1984 годзе ўтварылася Браслаўскае музэйнае аб’яднаньне.

У месьце выдаецца раённая газэта «Браслаўская звязда» — орган Браслаўскага раённага выканаўчага камітэту і раённага Савету дэпутатаў (друкуецца ў КПУП «Наваполацкая друкарня»).

Генэральны плян Браслава распрацавалі ў 1972 годзе, у 1981 годзе яго скарэктавалі. Архітэктурна-плянавальную структуру места вызначаюць Замкавая гара і пагорыстая мясцовасьць вакол яе. У старой частцы Браслава, якая далучаецца да Замкавай гары, захаваліся фрагмэнты забудовы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў. Старая частка мае найбольш шчыльную забудову, грамадзкі цэнтар знаходзіцца ў заходняй частцы. Места разьвіваецца ў паўночна-ўсходнім кірунку.

Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
1 мая вуліца Могілкавая вуліца
Дзяржынскага вуліца Чыгуначная вуліца
Кірава вуліца Нарбутаўская вуліца
Леніна вуліца Вялікая вуліца Юзэфа Пілсудзкага вуліца
Савецкая вуліца Садовая вуліца (?) 3 мая вуліца
Энгельса вуліца Паштовая вуліца
Рынкавая вуліца
Галуўкі вуліца
Бяз назвы Рынак пляц

У гістарычных крыніцах сустраюцца назвы вуліц Радзкая, Іказьненская, Замкавая, Станіслаўская, Старамеская і Дзьвінская, а таксама Ратушны пляц, якіх аднак пакуль немагчыма прымеркаваць да сучасных аб’ектаў[24].

Прадпрыемствы харчовай, лёгкай прамысловасьці і сацыяльна-побытавага абслугоўваньня.

Пералік прамысловых прадпрыемстваў Браслава
  • Браслаўскае ДРБУП-142
  • Браслаўскае ДЭУ-34
  • УП «Браслаўскае прадпрыемства мэліярацыйных сыстэмаў»
  • ААТ «Браслаўскі льнозавод»
  • ААТ «Браслаўскі малочны завод»
  • ААТ «Браслаўскі харчовы камбінат»
  • Філія «Віцебскхлебпрам» РУПП «Браслаўскі хлебазавод»
  • ВРУП «Торфапрадпрыемства „Браслаўскае“»

Праз Браслаў праходзяць аўтамабільныя дарогі Р3 (Лагойск — Глыбокае — граніца Латвіі), Р14 (Полацак — Браслаў) і Р27 (Браслаў — Мядзел).

Места мае рэгулярнае аўтобуснае злучэньне з Рыгай, Менскам, Віцебскам, Полацкам, Мёрамі, Глыбокім. Мескі транспарт налічвае 3 аўтобусныя маршруты.

Да 1964 году праз Браслаў праходзіла вузкакалейная чыгуначная лінія Друя — Дукшты. Дагэтуль захаваўся будынак вакзалу.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мясцовае музэйнае аб’яднаньне складаецца з Браслаўскага гістарычна-краязнаўчага музэю і Браслаўскага музэю традыцыйнай культуры. Дзейнасьць турыстычных агентаў і апэратаў ажыцьцяўляюць турыстычна-аздараўленчае прыватнае даччынае УП (ТАПДУП) «Браслаўскія азёры» (турыстычныя комплексы: «Дрывяты», «Золава», «Слабодка») і дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова «Нацыянальны парк „Браслаўскія азёры“».

У Браславе працуюць два гатэлі, у тым ліку «Заезны двор». Дзеюць дамы паляўнічага «Абаб’е», «Браслаў», дом рыбака «Лявошкі», агратурыстычная сядзіба «На Браслаўскіх азёрах»[25].

  1. ^ https://web.archive.org/web/20211023202001/https://map.nca.by/search
  2. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  3. ^ а б в Шыдлоўскі К. Браслаў // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 67.
  4. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 35.
  5. ^ Мапа Вялікага Княства Літоўскага 1770 году
  6. ^ Мапа Вялікага Княства Літоўскага 1780 году
  7. ^ Русская историческая библиотека, издаваемая Археографической комиссией. Т. 30. — Юрьев, 1914. С. 836, 861, 867.
  8. ^ Русская историческая библиотека, издаваемая Археографической комиссией. Т. 33. — Петроград, 1915. С. 603, 634, 1375.
  9. ^ Любавский М. Русско-литовский сейм. — Москва, 1900. С. 165, 200.
  10. ^ Документы Московского архива Министерства юстиции. Т. 1. — Москва, 1897. С. 485.
  11. ^ Сборник Императорского русского исторического общества. Том 71. — СПб., 1892. С. 49.
  12. ^ Lietuvos Metrika. 4-oji Teismų bylų knyga (1522—1530). — Vilnius, 1997. P. 334.
  13. ^ Грынявецкі В. Браслаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 341.
  14. ^ а б в г д е Грынявецкі В. Браслаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 342.
  15. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  16. ^ Sulistrowski F. Brasław // Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 354.
  17. ^ Markowski D. Płonące Kresy. Operacja «Burza» na Kresach Wschodnich II Rzeczypospolitej. — Warszawa: Oficyna Wydawnicza RYTM, 2011. S. 107.
  18. ^ а б в г Шыдлоўскі К. Браслаў // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 68.
  19. ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 2. С. 246.
  20. ^ Перепись населения — 2009. Витебская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  21. ^ Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  22. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  23. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  24. ^ Назвы вуліц Браслава(недаступная спасылка), Браслаўскае Паазер’е, 26 сьнежня 2014 г.
  25. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]