Бруге | |||||
| |||||
Горад з: | 1128 | ||||
Краіна: | Бэльгія | ||||
Мэр: | Патрык Мунарт (нід. Patrick Moenaert) | ||||
Плошча: | 138 км² | ||||
Вышыня: | 2 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2006) | |||||
колькасьць: | 117 224 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 849,45 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+1 | ||||
Тэлефонны код: | 050 | ||||
Паштовыя індэксы: | 8000, 8200, 8310, 8380 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 51°12′32″ пн. ш. 3°13′27″ у. д. / 51.20889° пн. ш. 3.22417° у. д.Каардынаты: 51°12′32″ пн. ш. 3°13′27″ у. д. / 51.20889° пн. ш. 3.22417° у. д. | ||||
Бруге | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://www.brugge.be/ |
Бруге (па-нідэрляндзку: Brugge; па-француску: Bruges) — места ў Фляндрыі, у Бэльгіі. Сталіца правінцыі Заходняя Фляндрыя.
Гістарычны цэнтар (плошчай 430 га), як сярэднявечнае места, занесены ў сьпіс сусьветнае спадчыны ЮНЭСКО. У час свайго росквіту ў пэрыяд Сярэднявечча насельніцтва складала 200 000 жыхароў (цяпер — крыху болей за 117 тыс.). Дзякуючы сярэднявечнаму багацьцю сёньняшні Бруґе лічыцца адным з самых маляўнічых местаў Эўропы.
Бруге — важны эканамічны цэнтар краіны. У канцы XX стагодзьдзя па-за межамі гістарычнага ядра быў пабудаваны сучасны марскі порт, дзякуючы чаму места вярнула сабе згубленую ролю гандлёвага марскога места.
Найстарэйшая крыніца, у якой упершыню даецца назва места, датуецца 875 рокам. Гэтая крыніца — старажытныя манэты, на якіх напісана Bruggia ды Bruccia. Аднак дакладнае паходжаньне назвы места дагэтуль не зафіксаванае. Магчыма, гэта скажонае кельцкае імя для ракі Рае (па-нідэрляндзку: Reie), якая цячэ празь места. Што тычыцца назвы самой ракі, то яна, імаверна, паходзіць ад кельцкага слова Роґія (Rogia), што значыць «Сьвятая вада». У працэсе эвалюцыі імя ракі з Rogia да Ryggia, зьмянялася і назва места — да Bryggia.
Пазьней адбылося зьмяшэньне з старажытнанарвэскім словам bryggja, што абазначае «памосткі» ды «прыстань». Старажытнанарвэскі ўплыў бярэцца да ўвагі дзякуючы інтэнсіўным гандлёвым сувязям з Скандынавіяй па Паўночным моры.
Гіпотэза, якая зьвязвае назву места са словам «мост» (па-нідэрляндзку: brug) лічыцца найменш імавернай. Абґрунтаваньне непрыняцьця такога паходжаньня назвы падмацоўваецца эвалюцыяй самаго слова brug, якое раней вымаўлялася як Brigge (для параўнаньня, анґельскае слова bridge, старажытнаанґельскае — brycg, фрызкае — brigge або bregge, гальскае — briva).
Часта места называюць «Паўночнай Вэнэцыяй» з-за вялікай колькасьці каналаў і мастоў (каналы ў Бруґе атрымалі ўласнае імя — ра́ен («reien») ад назвы ракі, што цячэ празь места — Рае). Таксама жыхары Бруґе называюць сваё места — Брэйдэлстад («Breydelstad»). Гэтая назва пайшла ад імі леґендарнага героя з паданьняў XIV стагодзьдзя Яна Брэйдэля.
Жартаўлівая мянушка жыхароў Бруґе — «Брускія вар’яты» («Brugse zotten»). Гэтая мянушка зьявілася дзякуючы наступнай леґендзе: жыхары места падчас свайго змаганьня за аўтаномію ў Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі, у 1488 року зьняволілі на чатыры месяцы Максыміляна I Аўстрыйскага. За гэта месту было забаронена праводзіць штогадовы кірмаш. Каб неяк задобрыць манарха, жыхары Бруґе для яго правялі вялікі фэст для вяртаньня дазволу на правядзеньне кірмашу, на спагнаньне падаткаў і …будаўніцтва вар’яцкага дому. Ягоны адказ быў такі: «Зачыніце ўсе порты Бруґе і атрымаеце вар’яцкі дом!»
Места знаходзіцца на паўночным захадзе краіны, за 15 км ад марскога берагу. Бруґе атачаюць плённыя раўніны. Места знаходзіцца на чыгуначнае лініі Ґент — Остэндэ. На тэрыторыі места зьліваюцца тры каналы — у кірунку Ґенту, Сьляўсу ды Остэнду; глыбіня гэтых каналаў дазваляе хадзіць па іх вялікім марскім караблям.
Гісторыя Бруґе, якая падмацоўваецца дакладнымі зьвесткамі, адносіцца да III стагодзьдзя — пэрыяд Рымскае імпэрыі, калі рымскія войскі для абароны тэрыторыі ад набегаў ґерманскіх плямёнаў пабудавалі шэраг умацаваньняў. Адное з такіх умацаваньняў было разьлічанае на абарону ад уварваньня з Паўночнага мора і працягнулася на ўзьбярэжжы ля вусьця ракі Рае, дзе пазьней паўстала места.
Марскі гандаль атрымаў у гэтым раёне значнае разьвіцьцё дзякуючы блізкасьці Анґельшчыны і зносінамі з Скандынавіяй. Аднак спачатку вялікія караблі маглі дасягаць Бруґе толькі падчас прыліву. Так было да XII стагодзьдзя, пакуль пасьля пасьлядоўнага напаўненьня вадой аднаго з рукавоў ракі, места ні атрымала прамога і дастаткова глыбокага выхаду да мора.
У XIII стагодзьдзя Бруґе становіцца важным міжнародным гандлёвым цэнтрам на шляхах з поўдня на поўнач Эўропы. Места набыло прывіляваную пазыцыю ў гандлі тканінамі з Анґельшчынай у параўнаньні з астатнімі флямандзкімі местамі. Важным чыньнікам было і тое, што Бруґе меў добрыя сувязі з унутранымі раёнамі Эўропы, якія праходзілі празь іншыя важныя месты — Ґент, Мэхелен, Брусэль ды Лёвэн. У непарыўнае сувязі зь міжнародным гандлем разьвіваліся і іншыя галіны эканомікі, ў тым ліку банкаўская сфэра.
Пра багацьце места ў тыя часы сьведчаць пабудаваныя ў 1240 року палата суконшчыкаў ды вежа-званіца, а таксама адрамантаваны пасьля пажару ў 1280 року замак, як прыкмета палітычнае і эканамічнае самастойнасьці места.
XIV стагодзьдзя па праве лічыцца «Залатым векам» Бруґе. Насельніцтва ў гэты пэрыяд дасягнула 46.000 жыхароў — столькі, колькі ў ім больш ніколі не жыло да пачатку XIX стагодзьдзя.
У XV стагодзьдзя эканамічныя пазыцыі Бруґе паслабелі. Асноўнае прычынай да таго стала паступовае абмяленьне выхаду да мора, з-за чаго порт Антвэрпэна стаў болей зручным для марскога гандлю. Неўзабаве з Бруґе ў Антвэрпэн пераехалі і ганзейскія канторы ды факторыі. Акрамя таго, для заняпаду былі і палітычныя прычыны: пасьля нечаканай сьмерці ґрафіні Марыі Бурґундзкай у 1482 року ды паўстаньня ў Фляндрыі супраць Максыміляна I Аўстрыйскага, места страціла ласку. Бруґе вымушаны быў зруйнаваць свае муры і адмовіцца ад самастойнасьці.
Падчас Васьмідзесяцігадовае вайны Бруґе быў некалькі разоў полем бітваў. У 1579 року места далучылася да Утрэхцкае уніі (вайскова-палітычны хаўрус аб’яднаных паўночных правінцыяў Нідэрляндаў супраць гішпанскага панаваньня). Аднак унія супраць Гішпаніі ня хутка вярнула эканамічнае разьвіцьцё: выхад да мора застаўся на пэўны час за гішпанцамі. Гэта значна ўскладняла гандаль, аднак горад працягваў жыць. У 1510 року Брускі маґістрат заснаваў школу для хлапчукоў зь бедных сем’яў. Восем рокаў пасьля, ў 1518-м, была заснаваная школа для дзяўчынак.
XVII стагодзьдзя ў гісторыі Бруґе непарыўна асацыюецца з вырабам карунак. Каклюшкі з звычайнага занятку жанчын перарасьлі спачатку ў рамяство, а потым і ў цэлую мескую індустрыю.
З 1612 року пачынаюцца адчыняцца школы для дзяўчынак, дзе сярод іншага іх вучылі і майстэрству вырабу карунак. Павялічэньне школаў для дзяйчынак у параўнаньні з колькасьцю школаў для хлапчукоў (125 супраць 15) даказвае, што выраб дадзенай прадукцыі быў запатрабаваным на рынку і паступова становіцца важнае крыніцай прыбытку Бруґе. У 1802 року прыкладна 6 тыс. жанчын займаліся вырабам карункаў (пры прыкладнай колькасьці жыхароў места ў 40 тыс. чалавек).
Мескае кіраўніцтва прыймала спробы да вяртаньня былое славы Бруґе. Самае галоўнае было будаўніцтва новага каналу. Аднак відавочных зьменаў для эканомікі места гэта не прынесьла: як і раней Бруґе ня мог канкураваць з больш разьвітымі портамі Фляндрыі — Ґентам ды Антвэрпэнам. Бруґе — як звычайнае правінцыйнае места — засталося ў баку ад галоўных падзеяў XIX стагодзьдзя: Француская рэвалюцыя, набыцьцё Бэльґіяй незалежнасьці, прамысловая рэвалюцыя і г. д. У 1850 року Бруґе лічыўся найбяднейшым местам Фляндрыі.
Сучасьнікі, якія бывалі ў месьце, адзначалі ягоную згасаючую прыгажосьць. Так апісаў у сваіх падарожных нататках Бруґе францускі пісьменьнік Віктор Юго. Аднак самай трапнай ацэнкай жыцьця места стаў раман Жоржа Родэнбаха «Мёртвы Бруґе» (па-француску: Bruges-la-Morte) у 1892 року. Ягоны твор меў вялікі посьпех у Эўропе, пазьней быў неаднаразова экранізаваны.
У 1877 бэльґійскі кароль Леапольд II сказаў, што быў бы рады, калі б «усе прыгожыя дамы ды помнікі былі адноўленыя так, каб места стала вялікім музэем». Неўзабаве так і сталася дзякуючы архітэктару Люі дэ ля Сэнсэры (па-француску: Louis de la Censerie), рэстаўрацыйныя працы якога зрабілі з правінцыйнага места праслаўленую славутую мясьціну.
У 1895 року быў рэалізаваны плян бэльґійскага ўраду па будаўніцтву новага порту — Зээбруґе (па-нідэрляндзку: Zeebrugge), які б зьвязваўся з унутраным портам Бруґе. Мэта праекту — павялічыць эканамічную прывабнасьць порту месту, аднак з-за недахопу шляхоў зносінаў зь іншымі рэґіёнамі краінамі, а таксама з-за неразьвітай прамысловасьці ўнутры места, нельга было чакаць хуткага посьпеху.
Акрамя таго, паступоваму разьвіцьцю порту перашкодзіла Першая сусьветная вайна, падчас якой нямецкія войскі захапілі Бруґе. Места было вызваленае брытанцамі толькі праз 4 рокі — у 1918. Паваенны порт пачаў працаваць праз два рокі — у 1920-м.
Падчас Другое сусьветнае вайны порт Бруґе быў зноўку захоплены і на працягу чатырох рокаў знаходзіўся пад акупацыяй. Выкарыстаньне порту аднавілася толькі ў 1951 року, і з гэтага часу пачынаецца няспынны рост ягонае значнасьці. Ужо з 1960-га року порт здольны прыймаць найвялікшыя кантэйнерныя караблі і танкеры. З 1970 па 1985 была праведзеная наступная рэканструкцыя порту: пабудаваныя дзьве новыя марскія дамбы, што дазволіла вынесьці гавані глыбей у мора, таксама пабудаваныя два вялікія докі.
Бруге — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў