Быхаў

Быхаў
лац. Bychaŭ
Панарама руінаў замка
Панарама руінаў замка
Герб Быхава Сьцяг Быхава
Першыя згадкі: 1370
Магдэбурскае права: ?[1]
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Магілёўская
Раён: Быхаўскі
Плошча: 2,3 км²
Вышыня: 155 м н. у. м.
Насельніцтва (2018)
колькасьць: 17 185 чал.[2]
шчыльнасьць: 7471,74 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2231
Паштовыя індэксы: 213352, 213353
СААТА: 7213501000
Нумарны знак: 6
Геаграфічныя каардынаты: 53°31′34″ пн. ш. 30°14′9″ у. д. / 53.52611° пн. ш. 30.23583° у. д. / 53.52611; 30.23583Каардынаты: 53°31′34″ пн. ш. 30°14′9″ у. д. / 53.52611° пн. ш. 30.23583° у. д. / 53.52611; 30.23583
Быхаў на мапе Беларусі ±
Быхаў
Быхаў
Быхаў
Быхаў
Быхаў
Быхаў
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://bykhov.gov.by

Бы́хаў — места ў Беларусі, на правым беразе Дняпра. Адміністрацыйны цэнтар Быхаўскага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 17 185 чалавек[2]. Знаходзіцца за 50 км на поўдзень ад Магілёва. Аўтамабільныя дарогі злучаюць места з Магілёвам, Рагачовам і з магістралямі Магілёў — Гомель, Магілёў — Бабруйск. Чыгуначная станцыя на лініі Магілёў — Жлобін, рачная прыстань.

Быхаў — места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся замак Хадкевічаў і Сапегаў, кляштар канонікаў рэгулярных лятэранскіх, сынагога і царква Сьвятой Тройцы, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Існуе некалькі тлумачэньняў паходжаньня тапоніму Быхаў. Згодна з найбольш пашыраным зь іх, назва места ўтварылася ад словазлучэньня «быў хоў» — ва ўмацаваньнях на месцы сучаснага Быхава жыхары Падняпроўя хаваліся ад ворагаў, таксама тамака спыняліся гандлёвыя караваны, што ішлі Дняпром[3]. Тым часам, на думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім паходзіць ад асабовага імя Бых, пра што сьведчыць суфікс -аў[4].

Сярод жыхароў Беластоку ў 1743 годзе адзначаўся Mathia Bychow, прозьвішча якога выводзяць ад заходнеславянскіх імёнаў Збыслаў, Прыбыслаў[5].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Згодна з сучаснымі энцыкляпэдычнымі даведнікамі[6][7] першы пісьмовы ўпамін пра Быхаў зьмяшчаецца ў «Сьпісе гарадоў далёкіх і блізкіх» і датуецца канцом XIV стагодзьдзя. Тым часам афіцыйна[3] места вядзе сваю гісторыю ад 1370 году. У розныя часы яно знаходзілася ў валоданьні Друцкіх, Гальшанскіх, Гаштольдаў.

У XV стагодзьдзі вялікі князь Жыгімонт Стары ператварыў Быхаў у цэнтар дзяржаўнага староства, якое неўзабаве стала вотчынаю Хадкевічаў. Гетман Ян Караль Хадкевіч збудаваў тут мураваны замак і пераўтварыў места ў магутную фартэцыю — адну з наймацнейшых на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Апроч таго, ён заснаваў касьцёл Сьвятога Казімера.

З другой паловы XVI стагодзьдзя ў Быхаве пачала працаваць вядомая ў Эўропе людвісарня, дзе мясцовыя майстры выраблялі гарматы, ядры, кулі і інш. Шлюб Ганны, дачкі Яна Караля Хадкевіча, з сынам Льва Сапегі Янам Станіславам (1621 год) паклаў пачатак эпохі знаходжаньні места ў валоданьні Сапегаў[6].

У XVIІ стагодзьдзі Быхаў стаў сталіцай графства, аднак адміністрацыйна належаў да Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва. У гэты ж час у зьвязку з заснаваньнем аднайменнага мястэчка адбыўся падзел на Стары і Новы Быхаў.

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Быхава і ваколіцаў ліцьвінамі: «литвин… сказался, зовут деи его Оникейком, Грицков, Быхова города» (1609 год)[8], «литвин Ондрюшка Сидоров… в роспросе сказался: быховец, посадцкого мужика сын» (1628 год)[9], «Васильев Якушко… литвин… Быховкого повета»[10], «Горбовский Захар Быховец… литва из города Быхова»[11] (абодва 1635 год), «литвину быховцу Илье Павлову» (1675 год)[12], «литвину быховцу Ивану Митрофанову» (1676 год)[13].

Панарама Быхава, XVII ст.

Яшчэ ў канцы XVI стагодзьдзя ваколіцы Быхава пацярпелі ад казацкіх набегаў, у лютым 1590 году казацкія загоны Мацюшы занялі паселішча, а ўзімку 1595 году па разграбленьні Магілёва праз Быхаў праходзіў загон Севярына Налівайкі. Няўдалая аблога места казацкім войскам Гаркушы адбылася ў 1648 годзе. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Быхаў сьпярша вытрымаў працяглую аблогу маскоўскіх войскаў (1654—1656), аднак у 1657 годзе захопнікі штурмам авалодалі ім. У 1661 годзе па непрацяглай аблозе войска Вялікага Княства Літоўскага вызваліла места. 20 кастрычніка 1669 году кароль і вялікі князь Міхал Вішнявецкі выдаў прывілей Старому Быхаву: з улікам шчырага служэньня Рэспубліцы і крайнюю ступень нястачы жыхароў, па адбіцьці казацкіх і маскоўскіх нападаў у час Крывавага патопу, яны атрымалі вызваленьне на 20 гадоў ад усялякіх павіннасьцяў і подацяў[14].

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) Быхаў стаў важным стратэгічным пунктам. 5 кастрычніка 1702 году з прычыны пераходу Сапегаў на бок Швэцыі маскоўскі гаспадар Пётар I зруйнаваў места і замак. У 1720 годзе ўпаміналіся цэрквы Сьвятога Спаса і Сьвятога Юр'я[a]. У 1737 годзе пры кляштары адкрылася школа. На 1747 год у Быхаве было 247 двароў, працавалі бібліятэка, паташня, саладоўня, лазьня, астрог[15]. На 1755 год — 534 двары, малітоўная школа, 9 гандлёвых радоў; штогод праводзіліся 3 кірмашы[15].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Герб, 1843 г.
Панарама места, канец XIX ст.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Быхаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Магілёўскай губэрні (у 1796—1805 гадох заштатнае места Беларускай губэрні). 16 жніўня 1781 году ён атрымаў герб: «у чырвоным полі дзьве скрыжаваныя чыгунныя гарматы»[16]. На 1783 год у Быхаве было 534 будынкі, працавала павятовая вучэльня. У 1781 годзе зьявіўся генэральны плян, згодна зь якім места набыла рэгулярную структуру. У гэты час існавалі 3 уязныя брамы: Падольная (Дольная), што вяла да Дняпра, Магілёўская (у паўночнай частцы места) і Рагачоўская (Навабыхаўская, у паўднёвай частцы). На 1825 год у Быхаве было 569 будынкаў, 2 навучальныя ўстановы, 8 крамаў, 13 корчмаў, 3 лазьні, 5 садоў, 5 гаспадарскіх дамоў. Існаваў замак з 2 вежамі і 8 калёнамі, мелася карцінная галерэя.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) расейскія ўлады канфіскавалі Быхаўскі маёнтак у Сапегаў. На 1841 год у месьце 652 будынкі, 19 вуліцаў і завулкаў, флянэлевая фабрыка. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у ваколіцах Быхава дзеяў аддзел на чале з І. Анцыпам. На пачатак 1880-х гадоў — 809 будынкаў, у тым ліку 3 цагляныя, 2 прадпрыемствы з вырабу запалак і цэглы, крупадзёрка, 4 ветраныя млыны, расейскія двухклясная павятовая і прыходзкая вучэльня, 1 цагляная і 3 драўляныя цэрквы, 2 касьцёлы, сынагога, 10 малітоўных школ; гарбарная майстэрня (з 1880 году), тэлеграфная станцыя (з 1882 году), працавалі 84 гандлёвыя пункты. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Быхаве было 816 будынкаў, на галоўных вуліцах зьявіліся дашчатыя тратуары (1876 год), газавыя ліхтары (1878 год), усталяваны мескі гадзіньнік (1879 год), запрацавалі лякарня (6 ложкаў), аптэка, паштовая і натарыяльная канторы. У 1902 годзе празь места прайшла чыгунка, якая надала моцны імпульс ягонаму эканамічнаму разьвіцьцю. На 1911 год працавалі 6 навучальных установаў, у тым ліку 4-клясная меская, ніжэйшая і рамесная вучэльні, прыходзкія мужчынская і жаночая вучэльні, 2 царкоўна-прыходзкія школы. У жніўні 1913 году адкрыўся першы кінатэатар, запрацавалі мукамольнае і лесапільнае прадпрыемствы. У 1916 годзе ў Быхаве збудавалі мост цераз Дняпро.

У Першую сусьветную вайну 5 сакавіка 1918 году места занялі войскі Нямецкай імпэрыі, пазьней — корпус Ю. Доўбар-Мусьніцкага.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Быхаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР[17]. 11 лістапада 1918 году сюды ўвайшлі савецкія войскі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Быхаў увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Быхаў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну. На 1926 год у месьце было 1120 будынкаў, адбыўся ўвод у эксплюатацыю электрастанцыі. У 1930-я гады савецкія ўлады ўзарвалі званіцу касьцёла Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя[18]. У Другую сусьветную вайну з 5 ліпеня 1941 да 28 чэрвеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. Па вайне савецкія ўлады зруйнавалі будынак касьцёла.

1 верасьня 2013 году ў Быхаве прайшоў Дзень беларускага пісьменства, у цэнтры места адбылося ўрачыстае адкрыцьцё скульптурнай кампазыцыі «Баркулабаўскі летапіс». Да юбілейнага сьвята адкрыліся абноўленыя цэнтар культуры, кінатэатар, фізкультурна-аздараўленчы цэнтар, чыгуначная і аўтобусная станцыі; пачалася рэстаўрацыя замка Хадкевічаў і Сапегаў.

  • XVIII стагодзьдзе: 1755 год — 2522 чал[15]; 1783 год — 2622 чал.[19]
  • XIX стагодзьдзе: 1815 год — 5 тыс. чал.[20]; 1815 год — 3219 чал.; 1841 год — 5475 чал.; 1860 год — 6372 чал., зь іх 3294 юдэі[21]; 1897 год — 6,4 тыс. чал.
  • XX стагодзьдзе: 1904 год — 7270 чал.; 1913 год — 8,1 тыс. чал.[22]; 1926 год — 7657 чал.; 1930 год — 8,4 тыс. чал.[23]; 1939 год — 11 тыс. чал.; 1959 год — 13 тыс. чал.; 1970 год — 17,4 тыс. чал.[24]; 1982 год — 18,1 тыс. чал.; 1989 год — 20 тыс. чал.; 1991 год — 22,0 тыс. чал.; 1995 год — 20,7 тыс. чал.[25]
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 17,5 тыс. чал.; 2006 год — 16,4 тыс. чал.; 2007 год — 16,4 тыс. чал.[26]; 2009 год — 17 031 чал.[27] (перапіс); 2016 год — 17 012 чал.[28]; 2017 год — 17 082 чал.[29]; 2018 год — 17 185 чал.[2]

У Быхаве працуюць 4 сярэднія, музычная школы.

Дзеюць 6 бібліятэк. У 1979 годзе адкрыўся гістарычна-краязнаўчы музэй.

У месьце выдаецца раённая газэта «Маяк Прыдняпроўя».

Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
Астапенкі вуліца Вясёлая вуліца
Валадарскага вуліца Лазьневая вуліца
Дорахава вуліца Рагачоўская вуліца
Інтэрнацыянальная вуліца (з 1940) Школьная вуліца Пушкінская вуліца
Іскаліева вуліца (з 16.06.1966) Чыгуначная вуліца
Камсамольская вуліца Ціманаўская вуліца
Кірава вуліца Зіноўеўская вуліца
Куйбышава вуліца Траецкая вуліца
Леніна вуліца Гарадзецкая вуліца Чырвонаармейская вуліца
Мартынава вуліца (з 16.06.1966) Сянная вуліца
Навумава вуліца Дзіўная вуліца
Надтачаева вуліца Новая вуліца
Нікіціна вуліца Петрапаўлаўская вуліца
Нікіцінскі спуск Петрапаўлаўскі спуск
Пралетарская вуліца Француская вуліца
Рэвалюцыйная вуліца Касьцельная вуліца
Рэвалюцыйны завулак Касьцельны завулак
Савецкая вуліца (з 1918) Магілёўская вуліца Раманаўская вуліца (1913—1918)
Сацыялістычная вуліца (з 1938) Мяшчанская вуліца
Смалячкова вуліца Палявая вуліца
Якубава вуліца (з 16.06.1966) Вакзальная вуліца

Прадпрыемствы харчовай, дрэваапрацоўчай прамысловасьці.

Пералік прамысловых прадпрыемстваў Быхава
  • ААТ «Быхаўскі кансэрвава-гароднінасушыльны завод»
  • ААТ «Быхаўмалако»
  • філія «Быхаўскі хлебазавод» РУВП «Магілёўхлебпрам»
  • СЗАТ «Белатміт» — вытворчасьць мясных вырабаў

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзее Быхаўскі гістарычна-краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Дняпро»[30].

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ НГАБ у Менску, ф. 1727, воп. 1, спр. 8, с. 46.
  1. ^ Сінкевіч М. Малеч. Магдэбурскае права. // «Гістарычная брама» № 6 (10), 1998.
  2. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  3. ^ а б Гісторыя Быхаўшчыны (рас.). Быховский районный исполнительный комитетПраверана 21 жніўня 2011 г.
  4. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 43.
  5. ^ Dacewicz L. Antroponimia Białegostoku w XVII—XVIII wieku. — Białystok, 2001. S. 92.
  6. ^ а б Насевіч В. Быхаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 359
  7. ^ Насевіч В., Удальцоў В. Быхаў // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 145.
  8. ^ Чтения в Императорском Обществе Истории и Древностей Российских при Московском Университете. Кн. 1. — М., 1912. С. 42.
  9. ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 101.
  10. ^ Служилые люди Сибири конца XVI – начала XVIII века. — М.; СПб., 2020. С. 149.
  11. ^ Белорусы в Сибири. — Новосибирск: Изд-во Ин-та истории СО РАН, 2000. С. 42.
  12. ^ Русско-белорусские связи во второй половине XVII в. (1667—1686 гг.). Сборник документов. — Мн., 1972. С. 158—160.
  13. ^ Русско-белорусские связи во второй половине XVII в. (1667—1686 гг.). Сборник документов. — Мн., 1972. С. 193—195.
  14. ^ Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею. — Т. 4. Акты Брестского гродского суда. — Вильна, 1870. С. 46—48.
  15. ^ а б в Насевіч В. Быхаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 360.
  16. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  17. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  18. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 395.
  19. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 227.
  20. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 228.
  21. ^ Sulimierski S. Bychów // Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 489.
  22. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 229.
  23. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 230.
  24. ^ Насевіч В., Удальцоў В. Быхаў // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 146.
  25. ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 378.
  26. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 225.
  27. ^ Перепись населения — 2009. Могилевская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  28. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  29. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  30. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]