«Бэўвульф» (па-ангельску: Beowulf) — стараангельская эпічная паэма з 3182 радкоў, напісаная алітэраваным вершам на стараангельскай мове. Сама назва «Бэўвульф» умоўная — у рукапісе тэкст ніяк не азагалоўлены.
Хаця па-беларуску назву паэмы (і імя героя) найчасьцей пішуць і вымаўляюць як «Бэавульф» ці «Беавульф», трэба заўважыць, што ў стараангельскай мове спалучэньне літар eo чыталася як дыфтонг [eo] ці [eʊ][1]. Адпаведна, найбольш дакладная перадача арыінальнага вымаўленьня — Бэўвульф.
Магчымая дата стварэньня паэмы строга абмежаваная зьнізу пачаткам 6 стагодзьдзя (час згаданай у тэксьце гібелі конунга Хігелака), а зьверху — першаю чвэрцю 11 стагодзьдзя (не пазьней гэтага часу быў створаны вядомы нам манускрыпт паэмы). У гэтых, даволі шырокіх, рамках на карысьць кожнага стагодзьдзя выказваліся пэўныя аргумэнты. Калі распаўсюджаная датыроўка паэмы 8 стагодзьдзем слушная, то найбольш верагоднае месца яе стварэньня — Нартумбрыя ці Мэрсія.
Адзіны рукапіс паэмы, які дайшоў да нас, датуецца прыблізна 1000 годам і створаны, відавочна, двума перапішчыкамі. Разам з рукапісам паэмы Юдыт і некалькімі празаічнымі тэкстамі ён уваходзіць у гэтак званы кодэкс Cotton Vitellius A. xv, які захоўваецца зараз у Брытанскай бібліятэцы. У 1731 годзе рукапіс, які захоўваўся тады ў Котанавай бібліятэцы, быў значна пашкожданы пажарам. У 1786 годзе ісьляндзкі дасьледчык Грымур Ёнсан Торкэлін перапісаў тэкст паэмы і замовіў яшчэ адну копію перапішчыку. З таго часу рукапіс паэмы быў дадаткова разбураны (працягвалі абсыпацца пашкоджаныя агнём часткі аркушаў), таму сёньня копіі Торкэліна зьяўляюцца важнаю дадатковаю крыніцаю тэксту паэмы.
Паэма апісвае ўчынкі геацкага героя Бэўвульфа (ягонае імя перакладаецца, верагодна, як «пчаліны воўк», г.зн. «мядзьведзь»).
Пачынаецца паэма з таго, як дацкі конунг Хродгар загадаў збудаваць вялікі харом Хэарат для баляваньняў. Шум весялосьці, музыка й песьні ў палацы разьюшылі Грэндэля, пачварнага людажэра, які жыў непадалёк. Грэндэль пачынае нападаць на Хэарат, пажыраючы воінаў. Даны ня могуць зладзіць з пачвараю ды пакідаюць палац. Пачуўшы пра гэта, малады Бэўвульф, пляменьнік геацкага конунга Хігелака, прыходзіць са сваімі воінамі на дапамогу данам. Ён абяцае адолець Грэндэля голымі рукамі, і гэта аказваецца шчасьліваю здагадкаю, бо той заварожаны супраць зброі. Бэўвульф адрывае людажэру руку, і той ледзьве зьбягае прэч. Радасьць данаў з нагоды гэтае перамогі аказваецца заўчаснай: Грэндэлева жудасная маці прыходзіць помсьціць за сына і забівае аднога з райцаў конунга. Малады герой згаджаецца спусьціцца ў падводны дом пачвараў, і там забівае маці Грэндэля. Там жа ён знаходзіць памёрлага ад раны Грэндэля, і забірае з сабою ягоную галаву.
Шчодра адораны Хродгарам, Бэўвульф вяртаецца на радзіму і праз пэўны час робіцца конунгам свайго народу. Праз шмат гадоў, у часы Бэўвульфавай старасьці, нейкі неразумны вор выкрадае залатую чашу са скарбніцы магутнага цмока. Разьюшаны цмок пачынае зьнішчаць усё вакол, і Бэўвульф разам са сваімі воінамі выходзіць біцца зь ім. Толькі адзін з дружыньнікаў, Віглаф, аказваецца дастаткова стойкім, каб разам з гаспадарам выйсьці супраць цмока. Разам два воіны забіваюць пачвару, але Бэўвульф і сам памірае ад ранаў. Ягоная сьмерць прадвяшчае заняпад геатаў.
Першы пераклад паэмы (на лацінскую мову) быў выкананы Торкэлінам. На ангельскую мову паэма перакладалася ня менш як сотню разоў, у тым ліку Шэймасам Гіні. Па-беларуску невялікія ўрыўкі ў перакладзе Антона Францішка Брыля выходзілі ў часопісе «Наша Вера», №46; пазьней некалькі першых разьдзелаў паэмы друкаваліся ў часопісе «Дзеяслоў», №38 (у абодвух выпадках пад загалоўкам «Бэўвульф»). Урэшце, у чэрвені 2013 года пад назвай «Бэўвульф» выйшаў поўны пераклад на беларускую аўтарства Антона Францішка Брыля[2][3].
Бэўвульф — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў