Бігфут (па-ангельску: Bigfoot, вялікая стапа) — назва малпападобнага сысуна, які, магчыма, насяляе лясы паўночна-ціхаакіянскага рэгіёну Паўночнай Амэрыкі. Звычайна яго апісваюць як буйнога валасатага двухногага гамініда.
Навуковая супольнасьць лічыць, што справаздачы пра бігфутаў — гэта сумесь фальклёру, памылковай ідэнтыфікацыі і махлярства[1]. Увогуле, навукоўцы адзначаюць, што адкрыцьцё такіх схаваных відаў вельмі малаверагодна, бо дзеля падтрыманьня памеру папуляцыі патрабуецца непраўдападобна вялікая колькасьць асобінаў[2], а таксама таму, што кліматычныя ўмовы і характарыстыкі крыніц харчаваньня робяць малаверагодным тое, што жывёлы з падобнымі характарыстыкамі выжывуць[3]. Не зважаючы на гэта, сьнежны чалавек лічыцца адным з самых вядомых відаў, існаваньне якога прызнанае крыптазаолягамі.
Паводле словаў відавочцаў, бігфут падобны на буйную малпу, ростам ад 1,8 да 3 мэтраў і вагой больш за 200 кіляграмаў, пакрытую цёмна-карычневай, цёмна-рудай або шэрай поўсьцю[4][5]. Ён пакідае сьляды вялікага памеру (адсюль і атрымаў сваю назву па-ангельску). Яны дасягаюць 60 см даўжынёю і да 20 см шырынёю[4]. Большасьць зьлепкаў сьлядоў пяціпальцая, але ёсьць зьлепкі ад 2 да 6 пальцаў[6]. Прыхільнікі тэорыі існаваньня бігфута сьцьвярджаюць, што ён усяедны і вядзе пераважна начны лад жыцьця[7].