Біяграфі́чны фільм — кінажанр, у якім сюжэт ідзе за біяграфіяй рэальнага чалавека альбо ключавымі момантамі ягонага жыцьця. Ён адрозьніваецца ад гістарычнага і ад дакумэнтальнага фільму выкарыстаньнем драматычных прыёмаў і мастацкага адлюстраваньня тэмы. Пераважна ў біяграфічным фільме мова ідзе пра жыцьцё вядомых і знакамітых людзей, чыя руплівасьць нейкім чынам здолела пакінуць адбітак у сусьветнай гісторыі[1]. Большасьць біяграфічных фільмаў — драмы, але некаторыя спалучаюць у сябе камэдыю, баявік і іншыя жанры.
Пры стварэньні фільму рэжысэры павінны надаваць асаблівую ўвагу акторам, якія маюць валодаць агульнымі рысамі падабенства з героямі, якіх зьбіраюцца гуляць. Рэжысэр павінен дакладна адлюстраваць на кінастужцы час, у якім жыў герой. Малюючы тую эпоху, у біяграфічным фільме асаблівае месца адводзяць жыцьцю канкрэтнага чалавека. Традыцыйным для біяграфічных фільмаў стаў прыём выкарыстаньня асабістых запісаў і дзёньнікаў героя, хроніка, архіўныя фатаграфіі, інтэрвію зь людзьмі, датычнымі да жыцьця героя[2]. Менавіта так, гледачу ўдасца даведацца праўду пра слынных або вельмі вядомых людзях.
У сусьветным кінэматографу надавалася шмат увагі ролі асобы ў гісторыі. Шматлікія фільмы прысьвечаны Спартаку, Клеапатры, Чынгісхану, Напалеону, Аляксандру Македонскаму і велізарнаму ліку іншых больш ці менш значных пэрсанажаў. Асабліва біяграфічны фільм пачаў распаўсюджвацца з разьвіцьцём гукавога кіно ў 1930-х гадах.
Праца над біяграфічным фільмам падзяляецца на некалькі этапаў: падрыхтоўчы, здымачны, мантажна-таніровачны і постпрадакшн. На першым этапе аўтар піша сцэнар, загадзя прадумваючы кампазыцыю і падбіраючы сродкі для стварэньня ладу героя. Тут улічваецца бюджэт на стварэньне фільму, хронамэтраж, канцэпцыя. Другі этап — здымкі. На этапе мантажу і зводу гуку могуць адбыцца зьмены ў пачатковым сцэнары. Апошні этап — постпрадакшн, апрацоўка малюнка на кампутары, да якой адносяцца колеракарэкцыя, поліэкран і іншае. На згаданым этапе завяршаецца праца над фільмам, зьдзяйсьняюцца апошнія дапрацоўкі перад выпускам.