Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | XIV стагодзьдзе |
Памёр | 1381 |
Вайдыла (? — 1381) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, радца вялікіх князёў Альгерда і Ягайлы, староста лідзкі (1373—1381).
Валодаў Дуброўнай, атрымаў ад вялікага магістра дзьве гуфы (прыкладна каля 15—20 гектараў) зямлі каля ордэнскага замка Рагніту.
Вайдэль (Weidel) — імя германскага паходжаньня[1]. Іменная аснова вайд- (вейд-) (імёны ліцьвінаў Войдаўт, Вейдман; германскія імёны Weidelt, Weidman) паходзіць ад гоцкага waida 'поле, паша'[2]. Апроч таго, адзначалася германскае імя Wadila (Wadelo, Wadel[3], Watilo)[4].
Варыянты імя ў гістарычных крыніцах: Waydel (Хроніка Віганда), Waydelo (29 верасьня 1379 году[5])[6], Waytil (1379—1380 гады)[7], Woydilo[8], Woydolo[9] (17 лютага 1387 году), Woydilo[a] або Воидило[b] (Летапісец вялікіх князёў літоўскіх).
«Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» называе Вайдылу «парабкам нявольным, халопам» вялікага князя Альгерда, у якога той сьпярша быў пекарам, потым расьцілаў ложак і падаваў яму ваду піць. Узвышаны Альгердам, атрымаў ад яго ў трыманьне Ліду.
Яшчэ больш узвысіўся за наступным вялікім князем Ягайлам, які ў 1379 годзе даў яму ў жонкі сваю сястру Марыю Альгердаўна. Упамінаецца ў хроніцы Віганда з Марбургу пад 1375 годам, быў пасярэднікам пры перамовах Ягайлы з крыжакамі, як сьведка падпісаў умовы Ягайлы зь Інфлянцкім ордэнам 1379 і 1380 гадоў.
Калі князь Кейстут на кароткі час захапіў у Ягайлы літоўскі сталец, то ён загадаў схапіць і павесіць Вайдылу. Калі Ягайла вярнуў сабе сталец, то ў якасьці помсты за забойства загадаў зьняволіць Вітаўта, сына Кейстута, у Крэўскім замку[10], а сваякоў Кейстутавай жонкі Біруты — Відзімонта і Бутрыма — пакараў сьмерцю[11].
Паводле лацінамоўнага сьпісу Летапісцу вялікіх князёў літоўскіх (Origo regis Jagyelo et Wytholdi ducum Lithuanie), Вайдыла «па-народнаму» называўся «халоп» (wulgariter chlop dictus). Гэта адпавядае многім іншым тагачасным лацінскім граматам літоўскіх князёў і баяраў, дзе з азначэньнем «народны» («гутарковы») падаваліся менавіта беларускія словы[12].
Да ўмовы Ягайлы з крыжакамі (1380 год) прывесіў пячаць з рускім надпісам[13][14]:
ВОИДИЛОВА ПЕЧАТЬ