Вайна ВКЛ са Швэцыяй 1600—1611 гадоў | |||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Вайна Рэчы Паспалітай са Швэцыяй 1600—1611 гадоў | |||||||||||
![]() | |||||||||||
| |||||||||||
Супернікі | |||||||||||
![]() | ![]() | ||||||||||
Камандуючыя | |||||||||||
Карл Карлсан Юленьельм, Карл IX, Андэрс Ленартсан, Ёахім Фрыдрых фон Мансфэльд, Ян Насаўскі, Арвід Эрыксан Столярм | Ян Караль Хадкевіч, Юрген Фарэнсбах, Крыштап Радзівіл «Пярун», Ян Замойскі, Станіслаў Жаўкеўскі | ||||||||||
Вайна́ Рэ́чы Паспалі́тай са Швэ́цыяй у Інфля́нтах 1600—1611 гадо́ў была працягам спрэчкі Швэцыі і Рэчы Паспалітай за землі былой Лівонскай канфэдэрацыі, якая стала лягічным працягам дынастычнай барацьбы за швэдзкі каралеўскі трон 1598—1600 гадоў паміж Карлам Сёдэрманляндзкім і Жыгімонтам Вазам.
Пасьля сьмерці ў лістападзе 1592 году караля Швэцыі Югана ІІІ ягоная карона перайшла да ягонага старэйшага сына і правамоцнага спадчыньніка Жыгімонта Вазы, караля Рэчы Паспалітай. Пасьля каранацыі Жыгімонта Вазы і ягонай жонкі ўтварылася пэрсанальная унія Рэчы Паспалітай і Швэдзкага каралеўства. Але ў выніку інтрыгаў ягонага дзядзькі Карла герцага Сёдэрманляндзкага, які ўзначаліў лютэранскую апазыцыю, кароль прайграў бітву пад Лінчэпінгам 1598 году і страціў асабісты дамэн — Фінляндыю ў 1599 г., пасьля чаго быў распрацаваны новы праект нападу сіламі Інфлянцкай земскай службы на чале зь Юргенам Фарэнсбахам на Эстляндыю і Фінляндыю. Пытаньне ўскладнялі прэтэнзіі Жыгімонта ІІІ Вазы на швэдзкі сталец, паколькі Жыгімонт ІІІ Ваза не жадаў пераходзіць у лютэранства і вызнаваў сябе каталіком, тады як швэдзкая арыстакратыя была згодная толькі на лютэранскага манарха.
У лістападзе 1599 войскі герцага Карла Сёдэрманляндзкага захапілі Нарву, а да сакавіка 1600 занялі Эстляндыю, прымусіўшы мясцовую шляхту прысягнуць Карлу. У Рэвэлі і Нарве 19 жніўня 1600 г. высадзілася швэдзкае войска ў 10 000 жаўнераў, да якога далучылася эстляндзкая шляхта і сялянская пяхота, агулам — 14 000. Агульнае кіраўніцтва ажыцьцяўляў Карл Сёдэраманляндзкі. Войскамі Рэчы Паспалітай у Інфлянтах на загад караля быў прызначаны ваявода вэндэнскі Юрген Фарэнсбах, які меў 2400 наёмных жаўнераў (з 800 гусараў і 1000 пяхоты). Калі да яго дабраліся падмацаваньні ад гораду Рыгі, інфлянцкага паспалітага рушаньня і татараў ВКЛ, сілы Рэчы Паспалітай дасягнулі 4500 жаўнераў.
Пасьля сканчэньня канцэнтрацыі 13 верасьня швэдзкія войскі рушылі на Інфлянты, яны падзяліліся на 2 групы: адна — з Рэвэлю на Парнаву і другая — з Нарвы на Дэрпт. Сілы Рэчы Паспалітай былі замалыя, каб адбіцца, але здолелі перамагчы швэдаў у сутычцы 29 верасьня пад Каркусам, аднак Парнава была страчана (17 кастрычніка), Фэлін — (3 лістапада), 6 студзеня 1601 году. Пасьля ўдалай для войска ВКЛ бітвы пад Кесьсю 7 студзеня 1601 г. войска ВКЛ разышлося па краі і пачало жорстка рабаваць насельніцтва. Мясцовыя жыхары пачалі спрыяць швэдам, і неўзабаве тыя занялі Вольмар.
У лютым 1601 швэды дайшлі да Дзьвіны і Рыгі (абаронай кіраваў Юрген Фарэнсбах), а 28 сакавіка аблажылі Какенгаўз. Мескі пасад здаўся 1 красавіка, і баранілася толькі пяхота ВКЛ на замку. Швэды блякавалі замак 2600 жаўнерамі, а асноўныя сілы адвялі на 30 км на ўсход ад гораду — да Эрляа. Там Карл Сёдэрманляндзкі перадаў кіраўніцтва свайму пазашлюбнаму сыну Карлу Карльсану Юленьельму, а сам зьехаў у Швэцыю.