Вайсковая мяжа, або Вайсковая краіна (па-нямецку: Militärgrenze, па-харвацку: Vojna krajina / Vojna granica, па-сэрбску: Војна краjина, па-вугорску: katonai Határőrvidék) — памежная вобласьць на поўдні Габсбурґскае манархіі, што прыкрывала мяжу з Асманскаю імпэрыяй.
Разьмяшчалася вузкаю паласою ад Адрыятычнага мора на захадзе да Трансыльваніі на ўсходзе. Сваім узьнікненьнем гэтая вобласьць абавязаная войнам хрысьціянаў з туркамі-мусульманамі і перасяленьню сэрбаў зь іх гістарычных земляў пад націскам Асманскае дзяржавы. Пасяляючыся за натуральнымі рубяжамі Дынарскіх Альпаў, рэк Купы, Уны, Савы і Дунаю, сэрбы станавіліся «ґранычарамі» і атрымалі вайсковую адміністрацыю ад аўстрыйскага ўраду. Да пачатку асманскае экспансіі ў Эўропу частка вобласьцей будучае Вайсковае мяжы ўваходзілі ў склад Харвацкага каралеўства, дзе пражывалі і харваты, і сэрбы[1].
Але з пачаткам турэцкіх уварваньняў этнічная мапа гэтых тэрыторыяў зьмяняецца: пачынаецца адток харвацкага насельніцтва й прыток валахаў і сэрбаў з Косава й іншых асманскіх вобласьцяў. Валахі пазьней былі асыміляваныя сэрбамі. Тэрмін «улахі» атрымаў у новых умовах іншы сэнс, чым этнічны, што азначаў румынскамоўнае насельніцтва, які ён меў у сярэднявечных сэрбскіх дакумэнтах. Улахамі ўмоўна клікалі любых праваслаўных перасяленцаў з асманскае тэрыторыі[2].
У цяперашні час землі былое Вайсковае мяжы уваходзяць у склад Харватыі (Ліцка-Сэнская, Сісацка-Маславінская, Карлавацкая, Бродзка-Пасаўская й Вукаварска-Срэмская жупаніі), Сэрбіі (Аўтаномны край Ваяводзіна) й Румыніі (жудзец Караш-Сэвэрін).
Пасьля захопу туркамі Македоніі ў 1395 годзе сыны караля Вукашына Андрыяш ды Дмітар перасяліліся ў Вугоршчыну, дзе пайшлі на службу да караля Жыґімонта Люксэмбурскага. Падобным чынам паступіў і дэспат Стэфан Лазаравіч, што быў васалам Вугоршчыны з 1404 року, дзе ён атрымаў у сваё кіраваньне шырокія валоданьні, якія ўлучалі ў сябе і Бялград з навакольлем. Апрача іх, служыць вугорскаму каралю сыходзілі і некаторыя сэрбскія фэўдалы. Зь імі перасяляліся й шматлікія набліжаныя, а таксама вайсковыя атрады. Аднак зьбіральнікі дзесяціны для Рыму ў сваіх запісах не адзначалі наяўнасьці ў памежжы прадстаўнікоў іншых хрысьціянаў, апроч каталікоў[3].
Акрамя земляў Сэрбіі й Босьніі туркі таксама пранікалі і на тэрыторыі Харватыі, што тады ўваходзіла ў склад Вугорскага каралеўства. У 1396 годзе турэцкае войска ўварвалася ў міжрэчча Савы й Дравы[4].
Празь некалькі рокаў сытуацыя пачынае зьмяняцца і ў 1437 годзе відавочцы сьведчаць пра прысутнасьць ў Срэме мноства перасяленцаў з Рашкі ды Босьніі і пра зьмешаныя вёскі, дзе перасяленцы мешкаюць разам з каталікамі. Некалькі раней сэрбамі было населенае места Ковін разам з найбліжэйшымі вёскамі. Аднак праз турэцкія напады шматлікія зь іх ў 1439 годзе былі вымушаныя бегчы ўглыб Вугорскага каралеўства. У 1442 годзе ґрупа сэрбаў перайшла Тысу і пасялілася ў Сольнаку. Затым цягам некалькіх рокаў няма зьвесткаў пра перасоўваньне буйных ґрупаў уцекачоў, аднак сэрбы працягвалі пакідаць свае землі паасобку або ґрупамі па некалькі чалавек. У 1453 годзе сэрбы разьмесьціліся ў Вілаґашвары. Празь дзесяць рокаў кароль Мацей Корвін загадаў узвесьці ўмацаваньні па беразе ракі Савы, пачынаючы ад Бялграду, куды з акупаваных туркамі тэрыторыяў пачалі перасяляцца сэрбы[3].
Турэцкія атрады руйнавалі краіну і сыводзілі ў няволю мноства людзей. У 1438 годзе з Сэрбіі былі сагнаныя ў рабства 60 000 чалавек, а з Трансыльваніі 30 000—40 000 чалавек. З Балканскага паўвостраву за 1439—1440 рокі было сагнана 160 000 чалавек. За 1436—1442 гады туркі захапілі ля 400 000 рабоў. Узімку 1440 року з 7000 сэрбскіх палонных 3000 памерлі ад халадоў і нападаў дзікіх жывёлаў[3].
Сытуацыя ў Сэрбіі пагаршалася голадам. У выніку тысячы ўцекачоў накіраваліся ў напрамку Дуброўніку, пасля чаго іх перавозілі ў Італію. Колькасьць уцекачоў было гэткім вялікім, што ўлады места ў 1454 годзе забаранілі пускаць іх унутр праз боязь бязладзьдзя і распаўсюджваньня хваробаў[3].
У сярэдзіне XV стагодзьдзя Вугорскае каралеўства перажывала кароткі час росквіту, зьвязаны зь імем Мацея Корвіна, які стаў вугорскім каралём у 1458 годзе. Мацей Корвін павялічыў падаткі і пачаў фармаваць сталае войска зь зьнешніх элемэнтаў, сярод якіх былі ўцекачы-гусіты, нямецкія рыцары, сэрбскія й польскія фэўдалы з сваімі атрадамі. Усе гэтыя сілы былі аб’яднаныя ў «Чорную армію», іх ўзбраеньне было стандартызаванае, яны насілі варанёныя дасьпехі. Колькасьць гэтае арміі дасягала 30 000 чалавек. Дзякуючы ёй і асабістым талентам Корвін здолеў згуртаваць краіну і цягам больш ніж 30 рокаў пасьпяхова супрацьстаяў моцы Асманскае імпэрыі і іншым супернікам[5].
У 1462 годзе пад eдарамі туркаў упала места Яйцэ ў Босьніі. Пасьля гэтага 18 000 сэрбскіх сем’яў перасяліліся ў Ліцкую і Крбаўскую жупаніі. Мацей Корвін даў ім волю веравызнаньня ды вызваліў ад падаткаў, але запатрабаваў удзелу ў абароне ад туркаў. На дзялянцы ад узьбярэжжа Адрыятыкі да Яйцэ кароль Вугоршчыны ў 1469 годзе заснаваў Сеньскую капэтанію[6], цэнтрам якое стала места Сень, якое раней належала харвацкім маґнатам Франкапанам. Менавіта што тады і зьявілася назва «Краіна» — яно пазначала памежныя дзялянкі ўздоўж вугорска-турэцкае мяжы, якая пралягала па рацэ Ўне[7]. Гэтым жа часам на службу караля былі прынятыя шматлікія сэрбскія фэўдалы з сваімі атрадамі. У выніку значную частку кавалерыі ў вугорскім войску складалі сэрбскія атрады[3]. Акрамя сэрбаў у Вугорскае каралеўства таксама масава перасяляліся ўлахі, якія пазьней былі часткова асыміляваныя славянскім насельніцтвам[8].
У 1468—1483 роках турэцкае войска, якое ўварвалася ў Вугорскае каралеўства, спустошыла Харватыю й Славонію. У гэты час туркі даходзілі да Вараждзіну і славенска-нямецкіх земляў. Сур’ёзнасьць становішча вымусіла вугорскага караля даць харвацкаму сабору права прызначаць камандавалага харвацкім войскам[8].
Падчас паходаў супраць туркаў у 1480-1481 роках у Вугоршчыну з тэрыторыі Сэрбіі было ўведзена ля 100 000 чалавек, прыкладна пароўну ў кожным годзе. Усе яны былі паселеныя ў слабанаселеных Банаце й Паморышшы. Аднак, некаторыя дасьледнікі ставяць гэтыя лічбы пад сумнеў, паказваючы, што яны раўняюцца насельніцтву прыкладна 1000 вёскаў. Пасьля гэтага перасяленьне сэрбаў на землі будучае Вайсковае мяжы працягвалася, напрыклад ў 1494 годзе ваявода Павал Кініжы прывёў у Вугоршчыну мноства сэрбаў з Смэдэрэва[3].
Турэцкія атакі ўскладнілі стан Вугоршчыны. Асабліва цяжкаю сытуацыя была ў памежжы, куды стала ўрываліся туркі. Акрамя таго, мясцовыя фэўдалы не жадалі плаціць падаткі ў каралеўскую казну, што не дазваляла вугорцам наймаць усё больш войскаў. У 1493 годзе пры чарговым турэцкім уварваньні харвацкае войска была разьбітае ў бітве пры Крбаве. Сьвятар Мартынец так апісаў рэакцыю на паразу[8]:
...і скруха была вялікая ...небывалая з часоў бязбожных татараў і ґотаў, і Атылы | ||
Пасьля паразы пры Крбаве ўзмацніліся турэцкія набегі на Харватыю й Славонію. Часам мясцовыя фэўдалы плацілі войскам суперніка даніну і прапускалі іх праз свае валоданьні. Пад ціскам туркаў, а таксама вэнэцыянцаў, харвацкае насельніцтва паступова перасоўвалася на поўнач, у раёны сучасных Цэнтральнае Харватыі й Славоніі[8].
Па меркаваньню Фёдара Маачаніна, ужо ў першай палове XVIII стагодзьдзя аўстрыйскі ўрад зразумеў, што Вайсковая мяжа страціла папярэднюю ролю ў ахове ад турак. У асноўным, гэта было зьвязана са стратаю туркамі значных тэрыторыяў у Вугоршчыне й Славоніі. Аднак, у Вене было прынятае рашэньне захаваць Вайсковую мяжу як форму эфэктыўнае вайсковае арґанізацыі. Для гэтага быў прадпрыняты шэраг рэформаў. Канчатковую рэґулярную арґанізацыю Вайсковая мяжа атрымала падчас кіраўніцтва імпэратрыцы Марыі Тэрэзіі ў 1745—1754. У адміністрацыйным дачыненьні яна была падзеденая на пяць ґенэралатаў:
Усё мужчынскае насельніцтва абавязанае было несьці службу ў вайсковы час. У мірны час колькасьць позваных вызначалася ўрадам. Палковыя ўчасткі дзяліліся на ротныя.
Пасьля пераломнага для Асманскае імпэрыі канцу XVII ды войнаў пачатку XVIII стагодзьдзяў Вена пайшла на рашучыя рэформы ў прыладзе Краіны. Імпэратарскі двор імкнуўся зрабіць Вайсковую мяжу самаакупляймаю, а ґранычар з апалчэньня ператварыць у рэґулярную армію. У той перыяд насельніцтва Вайсковае мяжы налічвала больш за мільён чалавек. Кожны сёмы зь іх быў жаўнерам. У астатніх частках венскіх уладаньняў гэтае суадносіна складала 1:64[9].
У 1737 годзе Вайсковая мяжа атрымала новыя статуты, што істотна падрывалі самакіраваньне ґранычар. Значная частка гандлёва-грошавых адносінаў і распараджэньне маёмасьцю патрапілі пад кантроль вайсковага кіраўніцтва. У 1743 годзе была ліквідаваная Вайсковая рада ў Грацы, кіраваньне мяжою перайшло да гофкрыеґсрату ў Вене[10]. Яшчэ праз два року мяжа была падзеленая на адзінаццаць палкавых акругаў, якія падзяляліся на роты, а тыя, у сваю чарку, на суполкі на чале з афіцэрам. Навучаньне ґранычар стала рэґулярным. У якасьці афіцыйнае й кіраўніцкае мовы была ўведзеная нямецкая. Цяпер ґранычар мабілізавалі ўжо ня з 18, а з 16 рокаў. У вайсковы час яны ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях, у мірны займаліся шыхтоваю падрыхтоўкаю, аховаю мяжы, вэтэрынарным і мытным кантролем, а таксама выкананьнем працоўных павіньнасцяў, у тым ліку й апрацоўкаю зямлі кіраўніцтва.
У сярэдзіне XVIII стагодзьдзя значная колькасьць сэрбаў з Краіны перасялілася ў Расею, у гэтак званую Новую Сэрбію (Кацярынаслаўскую ґубэрню) на поўдні сучаснае Ўкраіны. У Расеі зь іх таксама фармаваліся вайсковыя падрозьдзелы, што ўдзельнічалі ў баях з крымскімі татарамі. У той жа час, у тыя землі Вайсковае мяжы, адкуль сэрбы сыходзілі ў Расею, прыбывалі нямецкія каляністы, колькасьць якіх рэзка ўзрасла[11].
У 1765 годзе быў сфармаваны Банацкі ґранычарскі полк. Ён камплектаваўся зь нямецкіх перасяленцаў і мясцовых сэрбаў. Перасяленьне немцаў для службы ў палку пачалося яшчэ да ягонага стварэньня й ішло некалькімі «хвалямі». Першыя пасяленцы прыйшлі ў 1764 годзе, потым у 1765 і 1769. У 1782 годзе частка немцаў пакінула насялённыя пункты палка, перасяліўшыся паўночней, у раёны, дзе не было вайсковае арґанізацыі. На іх месца аўстрыйскія ўлады пачалі запрашаць сэрбскія сем’і[12].
У 1790 годзе канфэсыанальны малюнак Вайсковае мяжы выглядзеў наступным зразкам:
Этнічны склад насельніцтва Вайсковае мяжы быў наступным:
У першай палове XIX стагодзьдзя працягнуўся працэс адаптацыі й пераўладкаваньня Вайсковае мяжы. На некалькі рокаў ён быў перапынены пэрыядам Напаляонаўскіх войнаў, але пасьля 1814 року аднавіўся. 1 кастрычніка 1800 року быў скасаваны падзел палкоў на кантоны й вернуты ранейшы адміністрацыйны лад. Вайсковую мяжу не абайшла бокам і рэформа армейскіх судоў, паўнамоцтвы якіх былі перададзеныя наўпрост ў Вену[14].
У 1848 годзе пачалася рэвалюцыя ў Эўропе, што патрэсла і Аўстрыйскую імпэрыю. Частка зямель Вайсковае мяжы, у асаблівасьці Срэм, сэрбамі пры падтрымцы харвацкага бана Елачыча была ператвораная ў Сэрбскую Ваяводзіну, што праіснавала да 1860 року. У той жа час усе аўстрыйскія сілы на поўдні імпэрыі былі арґанізаваныя ў 4-ю «Поўднеславянскую армію». У 1851 годзе яна была расфармаваная, а частка ґранычарскіх палкоў былі перайменаваныя[15].
Тэрыторыю Вайсковае мяжы ахапіла рэкаталізацыя. Частка праваслаўных перайшла ва ўніяцтва, частка перасялілася на тэрыторыю адраджаных аўтаномных княстваў Сэрбіі й Валахіі. У 1846 годзе канфэсійны склад Вайсковае мяжы выглядаў наступным чынам[16]:
Паводле дадзеных перапісу[17][18] Аўстрыйскае імпэрыі 1850-51 рокаў тэрыторыі Вайсковае мяжы насяляла 958 877 чалавек. Этнічны склад выглядаў наступным чынам:
Паводле зьвестак гэтага жа перапісу ў 1851 годзе каталікі пераважалі на тэрыторыі Атачацкага, Аґулінскага, Крыжавацкага, Ґрадыскага, Джурджавацкага й Бродзкага палкоў, праваслаўныя — на тэрыторыі Ліцкага й Пятроварадынскага палкоў і ў Банацкім ґенэралітэце, а Слунскі полк меў прыкладна аднолькавую колькасьць праваслаўных і каталікоў.
Калі стала відавочнаю слабасьць Асманскае імпэрыі, «Вайсковая мяжа» страціла сэнс свайго існаваньня й паступова была скасаваная. У 1850 годзе Краінскім асноўным законам Вена скончыла доўгі працэс рэфармаваньня й перабудовы Вайсковае мяжы. І хаця ў 1873 годзе для яе было створанае асобнае вайсковае кіраўніцтва, ужо ў 1881 годзе паводле загаду імпэратара Крайна была дэмілітазаваная. 8 студзеня 1881 року Вайсковая мяжа аб’ядналася з Харватыяю й Славоніяю ў вугорскую адміністрацыйна-тэрытарыальную адзінку Каралеўства Харватыя й Славонія[19]. Да гэтага ўласна Харватыя й Славонія тэрытарыальна не датыкаліся, між імі мясьціліся землі Вайсковае мяжы. Да таго часу ўздоўж мяжы з Босніяю й іншымі турэцкімі ўладаньнямі ўтварыліся вобласьці кампактнага пражываньня сэрбаў — Далмацыя, Ліка, Кордун, Банія й Славонія[20]. І ужо сфармаваўся асаблівы субэтнас ў рамках сэрбскае нацыі — краішнікі.
Васіліе Крэстыч пісаў[21]:
Калі інстытут Вайсковае мяжы быў скасаваны, больш за ўсіх карысьці ад гэтага атрымалі вугорцы, а менш за ўсіх — сэрбы й харваты. Нацыянальныя рухі харватаў і сэрбаў, за сьпінамі якіх ужо не было дзясяткаў тысячаў добра ўзброеных і падрыхтаваных ґранычар, што гатовыя служыць ідэям свайго народу, страцілі моц, што мелі раней. | ||
Пасьля дэмілітарызацыі вайсковых абласьцей сэрбскае насельніцтва больш актыўна стала ўдзельнічаць у палітычным жыцьці, адбыўся скок у эканамічнай дзейнасьці, у шматлікіх местах працягнулі сваю працу сэрбскія культурныя супольніцтвы. Насельніцтва былое Вайсковае Краіны мела сваіх прадстаўнікоў у харвацкім, вугорскім і далмацінскім парлямэнтах. Аднак вобласьці былое Вайсковае мяжы былі слабаразьвітыя, як і Харватыя й Славонія, якія зарам з Істрыяю былі найменш разьвітымі землямі ў Аўстра-Вугоршчыне[19]. Таму шмат у мінулым ґранычар пакінулі Аўстра-Вугоршчыну. Паводле некаторых адзнаках, да 1914 року ў ЗША й краіны Заходняе Эўропы эміґравала блізка 240 000 чалавек[22].