Валёнія

Валёнія на мапе Бэльгіі
Сьцяг Валёніі

Валё́нія (па-француску: Wallonie, па-нідэрляндзку: Wallonie, па-нямецку: Wallonien, па-валёнску: Waloneye‎), Валёнская акруга Бэльгіі — пяць паўднёвых правінцый Бэльгіі, дзе найболей распаўсюджанай зьяўляецца француская мова. Зьяўляецца суб’ектам фэдэрацыі нараўне з Флямандзкай і Брусэльскай сталічнай акругамі. Сталіца — Намюр. Насельніцтва — 3 395 942 чалавекі (2005), плошча — 16 844 км².

Найбуйнейшыя гарады — Льеж, Намюр, Шарлеруа, Монс, Турнэ, Дынан, Эйпэн.

Паходжаньне назвы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Слова Валёнія мае падобную этымалёгію са словам Ўэйлз. Абодва гэтыя тапонімы паходзяць ад старажытнагерманскага слова «walh», што значыць — чужынец. Так германцы звалі тэрыторыі, «чужых», гэта значыць не-германскія народы, што размаўляюць на не-германскіх мовах. Магчыма, што гэтае слова, у сваю чаргу, узыходзіць да этноніма кельцкага племені волькаў.

Адміністрацыйны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Валёнія падзяляецца на пяць правінцый:

1 Валёнскі Брабант
2 Эно
3 Льеж
4 Люксэмбург
5 Намюр
Скалы Ардэн. Горад Дынан

Рэльеф правінцый Эна і Валёнскі Брабант — узгорыстая раўніна. Большую частку астатніх правінцый (правабярэжжа Мааса) займае Ардэнскае ўзвышша. Самы высокі пункт Ардэнаў — гара Батганж у правінцыі Льеж (694 мэтры, самы высокі пункт Бэльгіі). Нягледзячы на ня вельмі значную вышыню, Ардэнскае ўзвышша мясцовыя жыхары называюць горамі. Ляндшафт тут сапраўды нагадвае горны — з каменнымі скаламі, парожыстымі рэкамі і дарогамі, што ўюцца сэрпантынам. Ардэны пакрытыя лесам.

Дзьве найвялікшыя ракі, што працякаюць па тэрыторыі Валёніі, — Маас і Шэльда. Большасьць іншых рэк Валёніі зьяўляюцца прытокамі Мааса — Самбра, Сэмуа, Лес, Урт. Суднаходных рэк у Валёніі толькі тры — Шэльда, Маас і Самбра.

Паказальнік на нямецкай мове

Большая частка насельніцтва Валёніі — валёны, і яны размаўляюць па-француску. Акрамя таго, на тэрыторыі Валёніі (у правінцыі Льеж) разьмяшчаецца нямецкамоўная супольнасьць, дзе кампактна пражываюць 71 300 чалавек, абсалютная большасьць якіх нямецкамоўныя. У некаторых муніцыпалітэтах ля мяжы з Фляндрыяй дазваляецца абмежаванае выкарыстаньне нідэрляндзкай у справаводзтве.

Лінгвістычная мапа Валёніі

Хоць афіцыйнай мовай Валёніі зьяўляецца француская, у побыце дагэтуль выкарыстоўваюцца шампанская, ларэнская, пікардзкая й валёнская мовы. Самай распаўсюджанай зь іх зьяўляецца апошняя — валёнская. Доўгі час яны лічыліся дыялектамі францускай і стаўленьне да іх было грэблівым, аднак аж да пачатку XX стагодзьдзя яны дамінавалі ў грамадзтве, у той час як француская была мовай вышэйшых клясаў (буржуазіі).

Таблічка з назвай вуліцы на валёнскай мове

У 1990 годзе гэтыя мовы былі прызнаныя рэгіянальнымі мовамі. Цяпер назіраецца адраджэньне цікавасьці да гэтых моў, асабліва да валёнскай як найболей распаўсюджанай. У некаторых школах валёнская выкладаецца ў якасьці факультатыву, часам яе можна пачуць па радыё, аднак адзінай афіцыйнай мовай застаецца француская.

Француская мова, што выкарыстоўваецца ў Валёніі некалькі адрозьніваецца ад францускай Францыі. Характэрнай розьніцай зьяўляецца выкарыстаньне лічэбнікаў septante (семдзясят) і nonante (дзевяноста) замест soixante-dix і quatre-vingt-dix.

Акрамя вышэйпералічаных моў, у правінцыі Люксэмбург, у прымежных з аднайменнай дзяржавай раёнах, у хаду таксама люксэмбурская мова. Яна зьяўляецца не раманскай, а германскай, хоць і ўтрымлівае шмат францускіх запазычаньняў.

Пасьля правядзеньня фэдэралізацыі Бэльгіі Валёнія стала аўтаномным суб’ектам фэдэрацыі са сваім урадам, парлямэнтам і бюджэтам. Галоўны заканадаўчы орган — Валёнскі парлямэнт, які складаецца з 75 сябраў і абіраецца ўсеагульным галасаваньнем раз у пяць гадоў. Галоўны выканаўчы орган — валёнскі ўрад.

У XIX стагодзьдзі Валёнія была адным зь першых рэгіёнаў кантынэнтальнай Эўропы, куды прыйшла з Ангельшчыны прамысловая рэвалюцыя. Тады асновай валёнскай прамысловасьці была вугальная і мэталічная галіны. Аднак у першай палове XX стагодзьдзя значэньне гэтых галін пачало падаць, і цэнтар эканамічнай актыўнасьці перамясьціўся ў Фляндрыю. У цяперашні час Валёнія атрымлівае грашовыя трансфэры з Фляндрыі, што выклікае ў Фляндрыі незадаволенасьць і спрыяе росту папулярнасьці вельмі правых рухаў, некаторыя зь якіх нават патрабуюць аддзяленьня Фляндрыі ад «жабракоў суседзяў».

Цяпер самай дынамічнай галінай, якая разьвіваецца ў валёнскай эканомікі, зьяўляецца турызм. Турыстаў прыцягвае прырода Ардэн і гістарычныя гарады Бастонь, Дынан, Дзюбюі, а таксама вядомае сваімі мінэральнымі водамі мястэчка Спа.

Цяжкім застаецца эканамічнае становішча гарадоў Шарлеруа і Льеж, якія дагэтуль ня могуць акрыяць ад заняпаду традыцыйных галін прамысловасьці — вугальнай і мэталюргічнай.

За эксплюатацыю аўтобусаў і трамваяў (трамвай ёсьць толькі ў адным валёнскім горадзе — Шарлеруа) адказная кампанія Société Régionale Wallonne du Transport (SRWT), якая дзейнічае пад «камэрцыйнай» назвай TEC (Transport en commun). Чыгункі на тэрыторыі Валёніі эксплюатуюцца агульнабэльгійскай (фэдэральнай) кампаніяй «Грамадзтва бэльгійскіх чыгунак» (па-француску: Société Nationale des Chemins de fer Belges, CNCB, па-нідэрляндзку: Nationale Maatschappij der Belgische Spoorwegen). Валёнская акруга адказны за эксплюатацыю аўтамабільных дарог сярэдняй важнасьці (найважнейшыя аўтадарогі зьяўляюцца фэдэральнай уласнасьцю, за мясцовыя дарогі адказныя асобныя муніцыпалітэты).

На тэрыторыі Валёніі ў горадзе Шарлеруа разьмешчаны міжнародны аэрапорт, па незразумелых чыньніках афіцыйна названы Brussels South Airport, гэта значыць аэрапорт «Брусэль-Паўднёвы», хоць ён разьмешчаны ў 46 кілямэтрах ад Брусэля, а ўласна Брусэльскім аэрапортам зьяўляецца Нацыянальны аэрапорт Завэнтэм. Іншы буйны аэрапорт — аэрапорт Льежа (аэрапорт Брысэт, па назьве разьмешчанага непадалёк пасёлка). Гэта — другі па велічыні аэрапорт Бэльгіі, пасьля Завэнтэма. Аэрапорт Льежа спэцыялізуецца на грузавых перавозках.

Побач з Монсам разьмешчаны самы маленькі аэрапорт Бэльгіі — Сінт-Гіслэ (St.Ghislain). Даўжыня яго адзінай паласы — усяго 705 мэтраў, таму ён можа прымаць толькі маленькія (у асноўным спартовыя) самалёты. Побач з Намюрам разьмешчаны аэрапорт «Суарле» (Suarlee). Фактычна гэта проста травяное лётнае поле, аднак ён мае міжнародны код ідэнтыфікацыі аэрапортаў — EBNM (код ICAO).

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]