Васíль Стус (па-ўкраінску: Василь Стус; 6 студзеня 1938, Рахніўка, Гайсынскі раён, Віньніцкая вобласьць, УССР — 4 верасьня 1985, выпраўленчая калёнія каля сяла Кучына, Пермскі край, РСФСР) — украінскі паэт, перакладнік, празаік, літаратуразнаўца, праваабаронца. Адзін з самых актыўных прадстаўнікоў украінскага культурнага руху шасьцідзясятнікаў. Герой Украіны (2005, пасьмяротна)[1].
Васіль Стус | |
Василь Стус | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Васіль Сямёнавіч Стут (Василь Семенович Стус) |
Псэўданімы | В. Петрик |
Нарадзіўся | 6 студзеня 1938 в. Рахнівка, Віньніцкая вобласьць, УССР |
Памёр | 4 верасьня 1985 лягер ВС-389/36-1 каля в. Кучына, Пермская вобласьць, СССР |
Пахаваны | Кіеў, Байкавыя могілкі |
Сужэнец | Валянціна Васільеўна Папялюх[d] |
Дзеці | Дмытро Стус[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | Паэт, пісьменьнік, публіцыст, праваабаронца |
Гады творчасьці | 1959-1985 |
Жанр | Верш |
Мова | Украінская |
Дэбют | 1959 |
Значныя творы | «Палімпсести» (1971—1977) |
Узнагароды | |
Подпіс | |
У 1939 годзе ягоныя бацькі, Сямён Дзям’янавіч і Ірына Якаўна, пераехалі ў места Сталіна (цяпер Данецк), каб пазьбегнуць прымусовай калектывізацыі. Бацьку завербавалі на адзін з хімзаводаў. Праз год (1940) бацькі забралі туды дзяцей[2].
У 1944—1954 гадах Васіль вучыўся ў Данецкай мястовай сярэдняй школе № 265 і скончыў яе з срэбраным медалём. Васіль паступіў на гісторыка-філялягічны факультэт пэдагагічнага інстытуту м. Сталіна. Скончыўшы ў 1959 годзе з чырвоным дыплёмам, тры месяцы працаваў настаўнікам украінскай мовы і літаратуры ў вёсцы Таўжнае Кіраваградзкай вобласьці, пасьля чаго два гады служыў у арміі на Ўрале. Падчас навучаньня і службы пачаў пісаць вершы. Адначасова ён адкрыў для сябе нямецкіх паэтаў Гётэ і Рыльке, пераклаў каля сотні іх вершаў. Пазьней гэтыя пераклады былі канфіскаваныя і згубленыя. У 1959 г. надрукаваў свае першыя вершы ў «Літературній Україні» з уступным словам Андрэя Малышка[3].
З сакавіка па кастрычнік 1963 г. — літаратурны рэдактар газэты «Соціалістичний Донбас». У прыватнасьці, працаваў ва ўкраінскамоўнай частцы газэты[4].
У 1963 годзе паступіў у асьпірантуру Інстытуту літаратуры імя Т. Шаўчэнкі АН УССР (спэцыяльнасьць «тэорыя літаратуры»)[5].
1965 г. Васіль Стус ажаніўся, у 1966 г. нарадзіўся сын Дмытро[6].
4 верасьня 1965 году на прэм’еры фільма С. Параджанава «Цені забытых продкаў» у кінатэатры «Украіна» ў Кіеве Стус узяў удзел у акцыі пратэсту супраць арыштаў шасьцідзесятнікаў, за што 20 верасьня быў выключаны з асьпірантуры, а таксама згубіў працу ў Дзяржаўным гістарычным архіве. Працаваў на будаўніцтве, пажарнікам, інжынэрам тэхнічнай інфармацыі ў канструктарскім бюро. Гэта былі гады напружанай творчай працы: паэзія, пераклады, крытыка, спробы пісаць прозу[7].
У 1965 годзе Васіль Стус паспрабаваў выдаць сваю першую кнігу «Круговерть». Але выдаўцоў не задаволілі ідэйна-мастацкія крытэрыі аўтара, ягоная грамадзянская пазіцыя[8].
У адкрытых лістах у Саюз пісьменьнікаў, ЦК КПБ і Вярхоўны Савет Стус крытыкаваў кіруючую сістэму, якая пасьля адлігі пачала вяртацца да таталітарызму, аднаўляць культ асобы і парушэньні правоў чалавека, пратэставаў супраць арыштаў сярод калег. У пачатку 1970-х ён далучыўся да праваабарончай працы[9].
12 студзеня 1972 году В. Стус быў арыштаваны і абвінавачаны ў антысавецкай агітацыі і прапагандзе. Яго абвінавацілі за 14 напісаных вершаў і 10 праваабарончых літаратурных артыкулаў. Сярод іх — нарыс творчасьці П. Тычыны «Феномен доби». 7 верасьня 1972 асуджаны Кіеўскім абласным судом паводле арт. 62 ч. 1 КК УССР да 5 гадоў лягераў строгага рэжыму і 3 гадоў высылкі[10].
У жніўні 1979 году В. Стус вярнуўся ў Кіеў, працаваў фармавальнікам у ліцейным цэху, на канвееры абутковага аб’яднаньня «Спорт». Працягваў выступаць у абарону рэпрэсаваных сяброў з Украінскай Гэльсінскай Групы (УГГ)[11].
14 траўня 1980 В. Стус зноў арыштаваны. Ён адмовіўся ад адваката, але яго адвакатам у судзе быў Віктар Мядзьведчук. Васіль Стус асуджаны 29.10.1980 Кіеўскім абласным судом паводле арт. 62 ч. 2 КК УССР на 10 гадоў лягераў асабліва строгага рэжыму і 5 гадоў высылкі. Прызнаны асабліва небясьпечным рэцыдывістам[12].
Тэрмін адбываў у в. Кучына Чусаўскага раёна Пермскай вобласьці ВС-389 / 36-1. Умовы ўтрыманьня тут былі вельмі цяжкія: пастаяннае цкаваньне адміністрацыі, пазбаўленьне спатканьняў, хвароба. На пачатку 1983 г. 18 дзён трымаў галадоўку. Больш за тое, В. Стус шмат пісаў і перакладаў. Прыкладна 250 вэрлібраў і 250 перакладаў павінны былі скласьці кнігу, якую ён назваў «Птах душі». Але ўсё напісанае канфіскавалі — лёс гэтых тэкстаў дасюль невядомы[13].
Тым не менш у 1983 годзе В. Стус здолеў перадаць на волю тэкст пад назвай «З таборового зошита». Пасьля ягонай публікацыі на Захадзе, асабліва пасьля вылучэння Генрыхам Бёлем Васіля Стуса на Нобэлеўскую прэмію (1985), ціск на яго ўзмацніўся[14].
28 жніўня 1985 года пад выдуманай падставай Стус зноў быў кінуты ў карцар, дзе ён абвясьціў галадоўку «да канца». Памёр ноччу з 3 на 4 верасьня 1985 г. Пахаваны на могілках в. Барысава[15].
19 лістапада 1989 году перапахаваны на Байкавых могілках у Кіеве[16].
У 1990 годзе Пастановай Пленума Вярхоўнага Суду УССР і Пастановай Судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага Суду УССР Васіль Стус быў пасьмяротна рэабілітаваны[17].
У пісьменьніцкай манеры Васіля Стуса гарманічна спалучылася ўкраінская традыцыя з лепшымі ўзорамі сусьветнай, асабліва эўрапейскай, спадчыны. Так, у студэнцкія гады паэт захапляўся Рыльскім і Вэрхарнам. З цягам часу паэт прыйшоў да экзыстэнцыялістаў, у філязофіі якіх В. Стуса асабліва прыцягвала ідэя «свабоды жыцьця». У ліку любімых пісьменьнікаў Васіль Стус называў А. Камю[18].
Паэзіі Васіля Стуса ўласьцівы лірызм, мэлядычнасьць, ейная аснова — усьведамленьне нутранай свабоды, гатоўнасьць змагацца за паляпшэнне жыцьця народу і Ўкраіны. Аднак пэсімістычныя настроі і адчай, спароджаныя «сацыялістычнай» рэчаіснасьцю, паступова сталі дамінаваць у творчасьці паэта[19].
Васіль Стус таксама зрабіў значны ўклад ва ўкраінскую літаратуру ў галіне перакладу. Варта адзначыць ягоныя бліскучыя пераклады з Гётэ і Рыльке: «Сонети до Орфея», «Дуїнські елегії»[20].
На беларускую мову вершы Стуса пераклалі Вадзім Болбас, Сяргей Законьнікаў, Алесь Каско, Алег Мінкін, Васіль Сахарчук, Валерый Стралко, Алесь Траяноўскі[21], Андрэй Вылінскі[22].