Вера Менчык | |
Вера Менчик | |
Імя | Вера Францаўна Менчык |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Вера Мэнчыкава |
Краіна |
|
Нарадзілася | 1 сакавіка 1906 Масква, Расейская імпэрыя |
Памерла | 27 чэрвеня 1944 (38 гадоў) Лёндан, Вялікабрытанія |
Чэмпіёнка сьвету | 1927—1944 |
Ве́ра Фра́нцаўна Ме́нчык (па-расейску: Вера Францевна Менчик, па-чэску: Věra Menčíková; 1 сакавіка [ст. ст. 16 лютага] 1906, Масква, Расейская імпэрыя — 27 чэрвеня 1944, Лёндан, Вялікабрытанія) — расейская, чэхаславацкая і брытанская шахматыстка, першая чэмпіёнка сьвету. Пасьпяхова выступала таксама ў мужчынскіх турнірах, перамагла шматлікіх майстроў, сярод якіх будучы чэмпіён Макс Эйвэ.
Бацька Веры, Францішак Мэнчык, родам з Багеміі, быў аканомам некалькіх дваранскіх маёнткаў у Расеі. Маці, Вольга Ілінгўорт — ангелька, гувэрнантка. Вера нарадзілася ў Маскве, мела малодшую сястру Вольгу.
Шахматам навучыў бацька ў дзевяцігадовым веку.
Пасьля расейскай рэвалюцыі бацька быў пазбаўлены ўласнага млыну і вялікага сямейнага дому. Сям’я распалася; бацька вярнуўся ў Багемію, а ўвосені 1921 року маці зь дзецьмі зьехала ў Гэйстынз да сваёй мамы.
Вера, якая ўмела размаўляць толькі па-расейску, баялася працягваць займацца шахматамі, аднак у 1923 року далучылася да шахматнага клюбу і стала вучаніцай гросмайстра Гезы Мароці. Ужо ў сьнежні ўпершыню паўдзельнічала ў Гэйстынскім кангрэсе(en), дзе дабілася нічыёй з Эдыт Прайс, тагачаснай чэмпіёнкай Брытаніі. Праз год у Гэйстынзе заняла другое месца з вынікам 5 зь сямі пунктаў. У апошнім коле зноўку згуляла ўнічыю з Эдыт Прайс.
У 1925 яна правяла з Эдыт Прайс два матчы, у абодвух перамагла і была прызнаная наймацнейшай жанчынай краіны; аднак удзельнічаць у чэмпіянаце краіны не магла, не зьяўляючыся грамадзянкай.
У студзені 1926 перамагла на I дзявочым адкрытым чэмпіянаце ў Лёндане, а ейная сястра Вольга стала трэцяй. Праз год Вера перамагла ізноў, а Вольга стала другой.
У 1927 року Вера Менчык перамагла на першым жаночым чэмпіянаце сьвету і пасьпяхова абараніла тытул да канца свайго жыцьця, саступіўшы толькі ў адной гульні, перамогшы ў 78 і згуляўшы ўнічыю ў чатырох партыях.
З 1929 року брала ўдзел таксама ў жаночых турнірах. Найлепшым ейным міжнародным дасягеньнем стаў удзел у турніры ў Рамсгейце ў 1929 року. Матч між двума камандамі па 7 чалавек ладзіўся паводле Схевенінгенскай сыстэмы[1]. Менчык заваявала ў турніры 3 пункты (+3−0=4)[2], адстаўшы ад пераможцы, Хасэ Рауля Капаблянкі, на 0,5 пункты і апярэдзіўшы свайго настаўніка Гезу Мароці.
У 1935 року Вера Менчык паўдзельнічала ў найбольш прадстаўнічым у жыцьці Маскоўскім турніры, дзе змагаліся чэмпіёны сьвету Міхаіл Бацьвіньнік, Хасэ Рауль Капаблянка і Эмануэль Ляскер, мноства элітных шахматыстаў, сярод якіх і будучыя гросмайстры Саламон Флор, Вячаслаў Рагозін, Рудольф Шпільман, Рыгор Левенфіш, Андар Ліліянталь ды інш. Вера Менчык заняла апошняе, 20-е месца, з вынікам (+0−16=3)[3].
Агулам Вера Менчык згуляла ў жаночых турнірах 487 партыяў, зь якіх выйграла 147 і столькі ж згуляла ўнічыю.
У 1937, у 31-гадовым веку, Вера Менчык выйшла за брытанскага шахіста Руфуса Генры Стрэйтфілда Стывэнсана (1878—1943), старэйшага ад яе на 28 гадоў.
У 1944 року, праз год па сьмерці мужа, Вера, ейная сястра і маці загінулі ад удару бомбы Фаў-1, якая трапіла ў іхні дом у Паўднёвым Лёндане[4]. На той час яна заставалася непераможанай чэмпіёнкай сьвету.
Вера Менчык — найдаўжэйшая чэмпіёнка сьвету сярод шахматыстак (17 гадоў)[5].
У гонар Веры Менчык названы кубак, які атрымліваюць пераможцы жаночай Шахматнай алімпіяды.
У 2011 року яна ўведзеная ў Шахматную залю славы(en)[6].
Папярэднік — |
Чэмпіёнка сьвету 1927—1944 |
Наступнік — (да 1950) |