Верхняя Вугоршчына (па-вугорску: Felső-Magyarország or Felvidék, па-славацку: Horné Uhorsko) — назва тэрыторыі ў паўночнай частцы Каралеўства Вугоршчына. У цяперашні час прыкладна супадае з тэрыторыяй Славаччыны[2][3][4][5]. У часе асманскіх войнаў назва Верхняя Вугоршчына распаўсюджвалася толькі на паўночна-ўсходнія рэгіёны Вугорскага каралеўства, а паўночна-заходнія адносіліся да Ніжняе Вугоршчыны. У XVIII—XIX стагодзьдзях гэтае азначэньне стала ўжывацца ў дачыненьні да ўсёй паўночнае часткі каралеўства.
Насельніцтва Верхняй Вугоршчыны было разнастайным і складалася са славакаў, вугорцаў, немцаў і русінаў. Паводле першых поўных дэмаграфічных зьвестак, што зьяўляюцца ў XVIII стагодзьдзі, славакі складалі большасьць насельніцтва[6]. Яны называлі гэтую тэрыторыю тэрмінам «Slovensko» (бел. Славаччына), вядомым у пісьмовых крыніцах яшчэ з XV стагодзьдзя, аднак без акрэсьленых межаў і бяз пэўнага вызначанага статусу ў Вугоршчыне[7]. У вугорскай літаратуры гэты рэгіён часта завецца «Felvidék» (бел. Узвышша)[8].
Стары вугорскі тэрмін Felső-Magyarország (літаральна «Верхняя Вугоршчына») ў XVI—XVIII стагодзьдзях фармальна тычыўся сучаснай тэрыторыі Славаччыны і нефармальна — усяе паўночнае часткі каралеўства Вугоршчына ў XIX стагодзьдзі.
У асобных дакумэнтах XVI стагодзьдзя тэрыторыя каралеўства Вугоршчына, населеная славакамі, завецца «Sclavonia» або «Slováky», што вылучае рэгіён як этнічна, так і геаграфічна[9].
Вугорскае слова Felvidék (літаральна «ўзвышша», «узвышэньне») мела некалькі нефармальных значэньняў:
У XVIII—XIX стагодзьдзях магло азначаць:
горную паўночную частку каралеўства Вугоршчына ў адрозьненьне ад раўнінных паўднёвых земляў
увогуле тэрыторыі, якія знаходзіліся на большай вышыні, чымся дадзены населены пункт
Па I сусьветнай вайне значэньне вугорскага слова Felvidék (Felső-Magyarország выйшла з ужытку) звузілася да Славаччыны і Карпацкай Русі. Цяпер выкарыстаньне слова Felvidék ў дачыненьні да сваёй краіны славакі лічаць абразаю[12], і яно ўжываецца вугорцамі выключна ў гістарычнай літаратуры для апісаньня сярэднявечнае тэрыторыі (хоць на той час гэты тэрмін яшчэ не ўвайшоў ва ўжываньне). Нават у дачыненьні да трох дзяржаваў рэгіёну, што засталіся ў складзе Вугоршчыны пасьля Першай сусьветнай вайны, цяпер ужываецца выраз Паўночная Вугоршчына (Észak-Magyarország), а ня Верхняя. Аднак прадстаўнікі вугорскай меншасьці ў паўднёвых памежных рэгіёнах Славаччыны працягваюць карыстацца звыклай назвай[13] дзеля азначэньня тэрыторыі пражываньня пераважна вугорцаў[14]. Некаторыя называюць сябе felvidéki magyarok (бел. «верхнія вугорцы»).