Волга Ніжні Ноўгарад

Волга
Поўная назва Футбольный клуб «Волга» Нижний Новгород
Заснаваны 1998
Расфармаваны 2016
Горад Ніжні Ноўгарад, Расея
Стадыён Лякаматыў
Умяшчальнасьць: 17 800
Чэмпіянат заканчэньне[d]
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
fcvolgann.ru

«Волга» (па-расейску: Волга) — былы расейскі футбольны клюб з гораду Ніжні Ноўгарад. Заснаваны ў 1998 годзе і расфармаваны ў 2016 годзе. У 2011 годзе клюб дэбютаваў у расейскай Прэм’ер-лізе. Да 2004 году клюб меў назоў «Электроніка».

У 1992 годзе трэнэр Уладзімер Зіноўеў арганізаваў дзіцячую каманду на базе ДЮСК «Сармовіч», якая пазьней стала называцца «Электроніка». Дзіцячая каманда займала 2-е месца ў фінальным турніры на прызы клюбу «Скураны мяч» (1995), 3-е месца ў зоне «Паволжа» першынства Расеі (1996), перамагала на паўфінальных спаборніцтвах першынства Расеі (1997), станавілася чэмпіёнам Ніжняга Ноўгараду й вобласьці сярод юнакоў[1]. У 1998 годзе на базе дзіцячай каманды быў створаны прафэсійны клюб. У 1999—2000 гадох клюб выступаў у зоне «Паволжа» КФК, у першым сэзоне стаўшы сёмым, а ў другім сэзоне — трэцім. Пасьля сэзону 2000 году клюб атрымаў прафсійны статус і ў 2001—2008 гадох выступаў у другім дывізіёне (2001—2002 — зона «Паволжа», 2003—2008 — «Урал-Паволжа»). У 2004 годзе клюб «Электроніка» пасьля зьмены ўласьніка быў перайменаваны ў ФК «Волга».

У 2008 годзе «Волга» перамагла ў розыгрышы Кубка Расеі па футболе 2008—2009 гадоў падмаскоўны «Сатурн» і перамагла ў сваёй зоне другога дывізіёну, выйшаўшы ў першы дывізіён, дзе выступала 2 сэзоны. У дэбютны сэзон у першым дывізіёне «Волга» заняла чацьвертае месца. 3 лістапада 2010 году «Волга» за тур да заканчэньня турніру ў першым дывізіёне забясьпечыла сабе другое месца й пуцёўку ў Прэм’ер-лігу, згуляўшы ўнічыю з ФК «Ніжнім Ноўгарадам» зь лікам 2:2.

У 2011 годзе «Волга» дэбютавала ў расейскай Прэм’ер-лізе. Старт сэзону апынуўся для валжанаў удалым. Паказваючы добрую гульню, яны здолелі на пачатку атрымаць перамогі ў матчах супраць «Томі», «Дынама» й «Растова», пры гэтым маскавіты былі разгромленыя зь лікам 3:0. Пасьля чацьвертага туру ніжагародцы нават ачольвалі турнірную табліцу. Аднак у наступных чатырох турах каманда пацярпела чатыры паразы, у тым ліку дзьве на сваім полі, прадэманстраваўшы пры гэтым, на думку спэцыялістаў, слабую гульню й нізкую самааддачу[2]. У выніку пасьля 13 туру, у якім валжане саступілі на выезьдзе «Краснадару», галоўны трэнэр клюбу Амары Тэтрадзэ быў звольнены[3]. Часова абавязкі галоўнага трэнэра выконваў Сяргей Пярэдня, які да гэтага працаваў у другім дывізіёне з камандай «Хімік» (Дзяржынск), якая лічыцца фарм-клюбам ніжагародцаў[4]. Аднак ужо на наступны дзень на пасаду галоўнага трэнэра быў прызначаны Дзьмітры Чэрышаў[5].

21 верасьня 2011 году «Волга» у рамках Кубка Расеі перайграла маскоўскі «Спартак». Асноўны час матчу завяршыўся зь лікам 1:1, а ў дадатковы час галоў забіта не было. Зыход матчу вырашылі пасьляматчавыя пэнальці. За першыя пяць удараў промахамі адзначыліся Нікаляс Парэха з «Спартака» й Гія Грыгалава з «Волгі»[6]. Вырашальнай памылкай стаў промах Вэлітана, які сваім ударам трапіў у ашэстак[7]. У выніку лік па пэнальці склаў 6:5 на карысьць ніжагародцаў. «Волга» ўпершыню ў сваёй гісторыі здолела прабіцца ў чвэрцьфінальную стадыю Кубка Расеі 2011—2012 гадоў, дзе згуляла супраць грозьненскага «Цераку». Матч прайшоў на полі ніжагародцаў. Нягледзячы на прапушчаны ў канцы першага тайму гол і выдаленьне брамніка, «Волга» здолела перавесьці гульню ў овэртайм, дзе вырашальны мяч з пэнальці забіў Андрэй Карака. Гэтая перамога вывела валжанаў у паўфінал, дзе яны ў гасьцёх прайгралі маскоўскаму «Дынама» зь лікам 2:1[8]. Удзел у паўфінале зьяўляецца найлепшым дасягненьнем «Волгі» ў Кубку Расеі па футболе й галоўным клюбным дасягненьнем «Волгі».

Па сканчэньні сэзону 2011—2012 гадоў трэнэрскі штаб «Волгі» ачоліў Гаджы Гаджыеў, а ягоным памочнікам быў прызначаны Андрэй Канчэльскіс. Пасьля закрыцьця футбольнага клюбу «Ніжні Ноўгарад» на базе «Волгі» адбылося аб’яднаньне чалавечых рэсурсаў дзьвюх ніжагародскіх камандаў. Спартовым дырэктарам «Волгі» быў прызначаны адзін з кіраўнікоў «Ніжняга Ноўгараду», расейскі арбітр Ігар Ягораў. У галоўную каманду «Волгі» прыйшла група гульцоў, якія выступалі раней за «гараджанаў», а ў штаб моладзевай каманды «бела-сініх» перайшлі спэцыялісты, якія таксама раней працавалі ў структуры «Ніжняга Ноўгараду».

  • 1998—2003 — «Электроніка»
  • 2004—2016 — «Волга»

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Волга Ніжні Ноўгарадсховішча мультымэдыйных матэрыялаў