Восіп Максімавіч Бадзянскі | |
па-ўкраінску: Осип Максимович Бодянський | |
![]() Гравюра Л. Серакова(ru), 1878 год | |
Дата нараджэньня | 12 лістапада 1808 |
---|---|
Месца нараджэньня | м. Варва, Лохвіцкі павет, Палтаўская губэрня, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 18 верасьня 1877 (78 гадоў) |
Месца сьмерці | Масква, Маскоўская губэрня, Расейская імпэрыя |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | Імпэратарскі Маскоўскі ўнівэрсытэт |
Занятак | паэт, гісторык, перакладнік, пісьменьнік, гісторык літаратуры |
Навуковая сфэра | філялёгія, славяназнаўства |
Месца працы | Маскоўскі ўнівэрсытэт |
Псэўданімы | Is'ka Matyrynky[1] |
Сябра ў | Пецярбурская акадэмія навук[d], Таварыства сэрбскай пісьменнасьці[d] і Сэрбскае навуковае таварыства[d] |
Навуковы кіраўнік | М. Качаноўскі, М. Надзеждзін |
Вучні | Аляксандар Фёдаравіч Гільфердзінг, Марын Сьцяпанавіч Дрынаў, Аляксандар Аляксандравіч Катлярэўскі, Аляксандар Львовіч Дзювернуа, Апалон Мікалаевіч Майкаў |
Во́сіп Максі́мавіч Бадзя́нскі (па-расейску: Осип Максимович Бодянский, па-ўкраінску: О́сип (Іосип, Йосип) Макси́мович Бодя́нський[2]; 12 лістапада (31 кастрычніка) 1808 (паводле іншых зьвестак 3 лістапада 1808), м. Варва, Лохвіцкі павет, Палтаўская губэрня, Расейская імпэрыя — 18 (6) верасня 1877[3], Масква, Расейская імпэрыя) — расейскі і ўкраінскі[4][5][6][7][8][9] навуковец: філёляг, гісторык, археограф[10], адзін зь першых славістаў у Расеі[3][11], пісьменьнік, перакладчык, рэдактар, выдавец старажытнаславянскіх літаратурных і гістарычных помнікаў[12], фальклярыст, украінскі паэт-рамантык[13].
Восіп Бадзянскі нарадзіўся 12 лістапада 1808 году ў сям’і сельскага сьвятара[3][12][13].
Сярэднюю адукацыю Восіп атрымаў у Палтаўскай сэмінарыі, якая знаходзілася ў Пераяславе, дзе асвоіў сучасныя і стараславянскую мовы, вывучыў сэрбскую мову[13]. Вялікае ўражаньне на юнака зрабіў зборнік сэрбскіх песень Вука Караджыча, пад уплывам якога ён пачаў зьбіраць украінскія песьні[13]. Пад час вучобы выявіў у кніжні Пераяслаўскага сабора літаратурны помнік XVI стагодзьдзя — «Перасопніцкае евангельле» (1556—1561 гадоў), якое перадаў у сэмінарскую кніжню[13]. Пазьней яго набыла бібліятэка Палтаўскага гістарычнага музея (цяпер захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Нацыянальнае кніжні Ўкраіны імя У. Вярнадскага ў Кіеве)[13]. У цяперашні час, на гэтым Эвангельлі, разам з Канстытуцыяй, прымаюць прысягу прэзыдэнты Ўкраіны[14].
Па заканчэньні сэмінарскага курсу ў 1831 годзе[12] й пасьля звальненьня з духоўнага ведамства[11] паступіў у Маскоўскі ўнівэрсытэт, дзе скончыў курс па славеснаму аддзяленьню філязофскага факультэту[10][12].
Ва ўнівэрсытэце Бадзянскі збліжаецца з Мікалаем Станкевічам[3], удзельнічае ў філязофска-літаратурным гуртку, заснаваным Станкевічам[12][13].
Працуе пад кіраўніцтвам прафэсараў Міхаіла Качаноўскага і Мікалая Надзеждзіна[3]. Пад уплывам Міхаіла Максімовіча працягвае займацца зборам і дасьледаваньнем украінскіх песень[13].
У кастрычніку 1832 году Бадзянскі знаёміцца зь Мікалаем Гогалем. Між іх завязваюцца блізкія сяброўскія адносіны, якія падтрымліваюцца да самай сьмерці Мікалая Васільевіча[15]. У 1833 годзе ў часопісе «Молва» Надзеждзіна апублікаваныя ягоныя раньнія вершы на ўкраінскай мове. Яны не адрозьніваліся паэтычнай дасканаласьцю й не прынесьлі асаблівае славы Бадзянскаму.
На працягу 1835—1837 гадоў Бадзянскі выкладае лаціну й гісторыю[10] у 2-й Маскоўскай гімназіяй[13].
У часопісе «Московский наблюдатель» у 1831 годзе (у № 15—16) зьяўляюцца першыя друкаваныя працы Бадзянскага[16].
Пад кіраўніцтвам Качаноўскага публікуе сваю першую навуковую працу — «О мнениях касательно происхождения Руси», у якой аспрэчвае гіпотэзу нармандзкага паходжаньня Русі, за якую атрымаў ступень кандыдата славесных навук па заканчэньні ўнівэрсытэту ў 1834 годзе (у 1835 годзе гэта праца друкуецца ў «Сыне отечества и северном архиве»).
У гэтым жа годзе ім апублікаваныя дзвье рэцэнзіі ў часопісе «Телескоп» і артыкул пра творы Р. Ф. Квіткі-Аснаўяненкі у складзе «Учёных записок Московского университета».
У 1835 годзе Бадзянскі публікуе два зборнікі, прысьвечаныя ўкраінскаму фальклёру: «Малороссийские вирши» (пад псэўданімам Бода-Варвынец) і зборнік украінскіх народных казак ва ўласным паэтычнай перакладаньні «Наськы украиньскы казкы» (пад псэўданімам Запорозьця Иська Матырынки)[16][17].
У гэтым жа годзе Бадзянскі пакідае заняткі мастацкай літаратурай і канцэнтруецца выключна на навуковых працах.
Абараніўшы ў 1837 г. магістарскую дысэртацыю «О народной поэзии славянских племён», ён стаў першым у Расеі магістрам славесных навук[3][13] (славянскіх гаворак)[10]. Дысэртацыя была перакладзеная на чэскую, сэрбскую, нямецкую і італьянскую мовы[13].
Пасьля гэтага Бадзянскі адправіўся ў навуковую камандзіроўку за мяжу для падрыхтоўкі да прафэсарскага званьня[10] і правёў з 1837—1842 г. ў асноўным на славянскіх тэрыторыях тагачасных Прусіі, Аўстрыі, а таксама ў Італіі, шмат часу працаваў у Вене, Будапешце і Празе[15].
У 1855 годзе выйшла яго доктарская дысэртацыя «О времени происхождения славянских письмён», якая да гэтага часу захавала значэньне як даведачне выданьне.
Пад час выдавецкай дзейнасьці, выдаў шмат матэрыялаў і дасьледаваньняў па гісторыі Русі, напрыклад, «Жыціе Барыса і Глеба», «Жыціе Феадосія Пячэрскага», матэрыялы пра дзейнасьць Кірыла і Мяфода, «Собрание великорусских песен» І. В. Кірэеўскага.
Бадзянскі займаўся зборам і выданьнем помнікаў славянскай пісьменнасьці («Кирилл и Мефодий. Собрание памятников, до деятельности святых первоучителей и просветителей славянских племен относящихся», т. 1—2, 1863—66; «Паннонское житие Кирилла. Списки 13—16», 1873; і іншыя).
У гэты час займаўся дасьледаваньнямі як у сьвецкіх, так і ў манастырскіх зборах. Усталёўвае асабістыя кантакты з тагачаснымі дзеячамі славянскай навукі і культуры (Людэвітам Гаем, Вацлавам Ганкам, Вукам Караджычам, Ернеем Копітарам, Янам Коларам, Юнгман і іншымі).
За мяжой, у Празе, па рэкамэндацыі М. П. Пагодзіна, Бадзянскі знаёміцца з П. І. Шафарыкам, працуе пад яго кіраўніцтвам[3]. Вярнуўшыся ў Расею, публікуе творы Шафарыка ва ўласным перакладзе на расейскую мову[15].
Справаздача пра замежную паездку была аформленая ў «Донесении г. министру народного просвещения магистра Московского университета Иосифа Бодянского из Праги» (Журнал министерства народного просвещения, 1838. Т. 18. С. 392—404), а таксама знайшла адлюстраваньне ў артыкуле «О древнейшем свидетельстве, что церковно-книжный язык есть славяно-булгарский» (Там жа. 1843. Т. 38. С. 130—168), дадатак якога ўтрымліваў знойдзены Бадзянскім у Ўроцлаве сьпіс XVI ст. Паданьня Храбра Чарнарызца.
Пад час знаходжаньня за мяжой Бадзянскі сабраў значную бібліятэку выданьняў XIII—XIX стагодзьдзяў, якая налічвала амаль 3 тысячы кніг. У прыватнасьці яна ўтрымоўвала працы чэскага навукоўца Ёсефа Даброўскага, славацкага філёлага Антона Бэрналака, сэрбскага лінгвіста Вука Караджыча, а таксама слоўнікі, хрэстаматыі, лемантары славянскіх моваў, зборнікі, пэрыядычныя выданьні, так і творы па гісторыі, геаграфіі і славянаграфіі. У 1843 годзе частка гэтае бібліятэкі была набытая Маскоўскім унівэрсытэтам і ў цяперашні час захоўваецца ў ягоных фондах. Выдадзены каталёг гэтае калекцыі — Славянская учебная библиотека О. М. Бодянского: Кат./ Сост. Л. Ю. Аристова. М.: Издательство МГУ, 2000. 336 с.
У 23-х кнігах «Чытаньня», выдадзеных ім з 1846 па 1848 гады, Бадзянскі апублікаваў шмат старажытных помнікаў рускай і славянскай пісьмовасьці, гэта «Прение митрополита Даниила с Максимом Греком», «Прение Даниила со старцем Вассианом», «Грамматическое исследование русского языка» Юрыя Крыжаніча, «Летопись Пустынского монастыря», а таксама шмат сваіх арыгінальных і перакладных артыкулаў.
У чэрвеньскай кнізе «Чытаньняў» 1848 году Бадзянскі надрукаваў пераклад сачыненьня ангельскага пасла ў Маскве Джыльса Флэтчэра «О государстве русском» (1591), у якім распавядалася пра Расею канца XVI стагодзьдзя часоў Івана IV Жахлівага.
Імпэратар Мікалай I угледзеў у гэтай кнізе «абразьлівыя для Расеі, расейскіх манархаў і расейскай царквы водгукі», за што ён распарадзіўся адхіліць Бадзянскага ад сакратарскіх абавязкаў. Навуковец павінен быў зьехаць з Масквы і выправіцца выкладаць у Казанскі ўнівэрсытэт (1848). Выданьне «Чытаньняў» было таксама спыненае. Але Бадзянскі адмовіўся ад пераезду ў Казань, яго нежаданьне заняць гэта месца стала прычынай звальненьня яго ў адстаўку 2 студзеня 1849 году.
Бадзянскі зьяўляецца заснавальнікам параўнальнага вывучэньня ўкраінскай і іншых славянскіх моваў. У ягоных творах прыводзіцца абгрунтаваньне самабытнасьці ўкраінскае мовы, дасьледуецца ейная гісторыя, фанэтыка і граматыка. Бадзянскі адстойваў фанэтычныя прынцыпы пабудовы ўкраінскага правапісу, выступаў за нармалізацыю ўкраінскай літаратурнай мовы на аснове палтаўскага дыялекту.
Зьбіраў беларускія народныя песьні, дасьледаваў мову «Бібліі» Ф. Скарыны, беларускую ананімную паэму «Энэіда навыварат».