Парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне 2014 году (па-ўкраінску: Парламентські вибори в Україні 2014 року) — пазачарговыя парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне, прызначаныя на 26 кастрычніка 2014 году. На выбарах будзе абраны склад Вярхоўнай Рады Ўкраіны 8-га скліканьня.
Выбары не былі арганізаваныя на тэрыторыях Аўтаномнай Рэспублікі Крым і Севастопальскай мескай рады ў сувязі зь іх анэксіяй Расеяй у лютым-сакавіку гэтага ж году, а таксама ў паўднёва-ўсходніх частках Данецкай і паўднёвых частках Луганскай (уключна зь іхнымі адміністрацыйнымі цэнтрамі Данецкам і Луганскам) абласьцях з прычыны ўзброеных выступаў прарасейскіх сэпаратыстаў у рэгіёне (гл. антытэрарыстычная апэрацыя ва Ўкраіне).
Законам «Аб выбарах народных дэпутатаў Украіны» устаноўлены 5% прахадны бар’ер і зьмяшаная выбарчая сыстэма. Палову (225 дэпутатаў) ад канстытуцыйнага складу Вярхоўнай Рады (450) выбарцы абяруць у адмамандатных (мажарытарных) акругах. Пераможа той кандыдат, які атрымае болей галасоў выбарцаў, чым астатнія. Другая палова мандатаў разьмяркоўваецца паміж партыямі, за сьпісы якіх прагаласавала звыш 5% выбарцаў. Мандаты разьмяркоўваюцца прапарцыйна да атрыманых партыямі адсоткаў.
Зьвесткі Нацыянальнага экзыт-полу «Рада 2014», праведзенага кансорцыюмам у складзе Фонду «Демократические инициативы» імя Ількі Кучкерыва, Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялёгіі й Украінскага цэнтру эканамічных ды палітычных дасьледаваньняў паказваюць пра адноснае лідэрства на выбарах Блёку Парашэнкі (23% рэспандэнтаў), якому саступаюць Народны Фронт (21,3 %), блёк «Самопоміч» (13,2%), «Апазыцыйны блёк» (7,6%), Радыкальная партыя Алега Ляшко (6,4%), Усекраінскае аб’яднаньне «Свобода» (6,3%) і Ўсекраінскае аб’яднаньне «Батькивщина» (5,6%). Міжнародны экзыт-пол падае зьвесткі адпаведна ў 22,2%; 21,8%; 14,2%; 7,8%; 6,4%; 5,8%; 5,6%[1][2].
Паводле зьвестак на 28 кастрычніка Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны апрацавала 95,16% пратаколаў, канчатковыя афіцыйныя вынікі будуць аб'яўленыя да 10 лістапада. Народны Фронт Украіны дасягнуў каля 22,22% галасоў выбарцаў, якому сьледуюць Блëк Парашэнкі (21,82%) і «Самадапамога» (11,02%)[3].
Згодна з інфармацыяй на 17:17 29 лістапада апрацавана 99,12% пратаколаў, сярод якіх лідыруе Народны Фронт (22,17%), пасьля якога ідуць Блёк Пятра Парашэнкі (21,81%), партыя «Аб’яднаньне „Самадапамога”» (10,99%), «Аапазыцыйны Блёк» (9,39%), Радыкальная Партыя Алега Ляшко (7,44%), а таксама УА «Бацькаўшчына» (5,68%). Далейшыя партыі (УА Свабода, Камуністычная Партыя Ўкраіны, Грамадзянская Пазыцыя, Моцная Ўкраіна, Ўсўекраінскае аграрнае аб’яднаньне «Заступ», Правы Сэктар, Салідарнасьць жанчынаў Украіны, «5.10», Інтэрнэт-партыя Ўкраіны, Партыя Зялёных Украіны, Зялёная Плянэта, Адраджэньне, Адзіная Краіна, Ўсеўкраінскае Палітычнае Аб’яднаньне «Ўкраіна — адзіная краіна», Новая палітыка, Сіла людзей, Украіна будучыні, Моц і гонар, Грамадзянскі рух Украіны, Блёк левых сілаў Украіны, Нацыянальная Дэмакратычная партыя Ўкраіны, Кангрэс украінскіх нацыяналістаў, Лібэральная партыя Ўкраіны) не пераадолелі праходны бар’ер у 5% галасоў выбарцаў[4]. Яўка выбарцаў на гэты ж час складала 52,42% ад грамадзянаў Украіны, якія маюць права ўдзелу ў выбарах, найменшая яўка паказаная ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і севастопальскай мескай радзе (0%), найбольшая — у Львоўскай вобласьці (70,0%)[5].
8 лістапада Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны атрымала апошнія арыгіналы пратаколаў бюлетэняў для галасаваньня, якімі сталі пратаколы ад акруговай выбарчай камісіі №59 (Данецкая вобласьць)[6]. Паводле інфармацыі старшыні выбарчай камісіі Міхаіла Ахендоўскага, дзякуючы пераважна перамогам па аднамандатных акругах лідыруе Блёк Пятра Парашэнкі, які атрымае 132 мандаты, якому саступае Народны Фронт (82)[7]. Зьвесткі ЦВК Украіны на 15:07 гэтага ж чысла па агульнадзяржаўнай шматмандатнай выбарчай акрузе падаюць інфармацыю аб апрацоўцы 100% пратаколаў і адноснай перамозе Народнага Фронту (22,14% галасоў выбарцаў), якому саступаюць Блёк Парашэнкі (21,81%), партыя «Аб’яднаньне „Самадапамога”» (10,97%), «Апазыцыйны блёк» (9,47%), Радыкальная партыя Алега Ляшко (7,44%) і Ўсеўкраінскае Аб’яднаньне «Бацькаўшчына» (5,68%), пры гэтым выбарчы бар’ер пераадолелі тыя ж партыі, што пераадолелі яго паводле папярэдніх падлікаў[8].